Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

30

«Мінаюць гадзіны, праходзяць гады...»

11.03.2013
Споўнілася 106 гадоў з дня нараджэння вядомай у свой час паэтэсы Наталлі Вішнеўскай. I хоць яна нарадзілася ў горадзе Коўна (цяпер Каўнас, Літва), але шмат гадоў яе лёс быў звязаны з Капыльшчынай. Ды і бацькі яе родам адсюль. Дзяцінства Наталлі Вячаславаўны было нялёгкім. У 1914-1919 гадах давялося сям’і Вішнеўскіх уцякаць ад немцаў у Расію. Такі незайздросны лёс быў у Першую сусветную вайну для многіх тысяч беларусаў. Пазней, калі заціхла бура Грамадзянскай вайны, настаўнікі Вішнеўскія з дачкой Наталляй вярнуліся на бацькаўшчыну ў мястэчка Пясочнае. У сваіх лістах, якія яна пісала паэту Сяргею Грахоўскаму, Наталля прыгадала некаторыя моманты са свайго дзяцінства на Капыльшчыне: ”Успамінаю, як хлапчуком забягаў да нас у Пясочным Адам Русак. Мая мама, прадракаючы яму дарогу  ”ў людзі”, вучыла яго, як трэба трымаць відэлец і нож, тлумачыла яму незнаёмыя словы, сэнс якіх ён запісваў. I як настаўніца дапамагала зразумець паэзію. Як бяжыць час”. Маці Наталлі разам з бацькам працавала ў местачковай школе. Нейкім чынам, ці можа гэта залежыць ад лёсу свайго ці дзяцей, Капыльскі аддзел асветы накіраваў настаўніцу Вішнеўскую на настаўніцкія курсы ў Слуцк. Наталля наведвала маці, і знакавай стала для яе сустрэча з Якубам Коласам, які выкладаў беларускую мову педагогам Случчыны, Капыльшчыны і іншых раёнаў рэгіёна. Ён заўважыў дзяўчыну і выслухаў, калі тая прачытала свае вершы. Яны яму спадабаліся, і класік параіў Наталлі не пісаць ”у стол”, а пасылаць у розныя выданні, а таксама паступаць у Мінскі педтэхнікум. Яна паспяхова здае экзамены і становіцца студэнткай так званага ”Царскага ліцэя”. Выкладалі ў тэхнікуме вядомыя беларускія літаратары —  згаданы ўжо Я. Колас, а таксама браты А. і Я. Лёсікі. На вечары сюды заглядвалі знакаміты Янка Купала, Міхась Чарот і іншыя паэты і празаікі, а за партамі побач сядзелі будучыя літаратурныя геніі, такія як Максім Лужанін і Пётр Глебка. У творчым асяроддзі Наталля была не апошняй зоркай. У час вучобы выдатніца Вішнеўская актыўна друкуецца ў ”Полымі”, ”Маладняку”, ”Чырвоным сейбіце”, газеце ”Савецкая Беларусь” і іншых беларускіх выданнях. Маладая таленавітая паэтка неўзабаве ўступае ў творчае аб’яднанне ”Маладняк”, знаёміцца з сакратаром часопіса ”Маладняк”, вядомым паэтам Алесем Дударам і выходзіць за яго замуж. Літаратурнае аб’яднанне выпускае зборнік ”Вершы” трох аўтараў: Наталлі Вішнеўскай, Яўгеніі Пфляўбаўм і Зінаіды Бандарынай. Крытыкі адразу ацанілі дэбют паэтак, як цудоўны падарунак для аматараў паэзіі. У адным з вершаў Наталля Вішнеўская быццам запраграмавала свой лёс: Павольна, спакойна мінаюць гадзіны, Мінаюць гадзіны, праходзяць гады, I тухне старое, у вечнасці гіне, У вечнасці гіне, каб стаць маладым. Сямейнае шчасце, такое добрае і жаданае, у адзін момант разбураецца. У 1929 годзе Алеся беспадстаўна арыштоўваюць і навешваюць на яго ярлык ”вораг народа”. Нейкім цудам Наталлі ўдаецца скончыць Белпедтэхнікум і паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. I тут ёй руку і сэрца прапануе паэт-маладняковец Алесь Звонак, з якім яна пераязджае ў 1930 годзе ў Маскву, але маладыя вяртаюцца зноў у Мінск праз 4 гады. Ведалі б яны, ніколі б не прыехалі назад. У канцы 1936 года Звонака арыштавалі. Закінулі ў “амерыканку” і Наталлю, але доўга не пратрымалі і выпусцілі. Пасля адседкі ў 1937 годзе Вішнеўскую сустрэў на вуліцы малады следчы і ціха шапнуў на вуха: “Выяз-джай, паэтка, падалей, бо рыхтуецца новая хваля арыштаў”. Яна з матуляй накіравалася да цёткі на Украіну (бацька ўжо тады памёр). Наталля трохі пажыла там, затым дабралася ў Ленінград. Ёй давялося перажыць пакуты ленінградскай блакады, і там трагічна скончылася трэцяе замужжа з вядомым беларускім паэтам Янкам Бобрыкам, лепшым сябрам нашага паэта-маладнякоўца Міколы Дубовіка. Магчымасць выехаць з блакаднага горада была, але ён не хацеў пакідаць яго. У сваіх успамінах яна згадвае пра цудоўныя гады творчасці. Калі творчае жыццё кіпела і не было рэпрэсій: “Тады мы ўсе былі маладыя, з сябрамі-маладнякоўцамі выступалі ў клубах, рабфаках, школах, у асяродку чыгуначнікаў”. Яна чытала свае вершы — тонкія, лірычныя, і зала грымела ад апладысментаў. Да самага выхаду на пенсію Наталля Вячаславаўна працавала бібліятэкарам Ленінградскага стаматалагічнага інстытута. Як ёй хацелася пабываць у родных мясцінах! 3 удзячнасцю яна ўспамінала Янку Купалу. “Харошы быў чалавек”, — гаварыла яна. I ўдзячна была ўсё жыццё Якубу Коласу. А хіба можна было забыць паэта Міколу Хведаровіча, у якога шмат чаму навучылася? Праз сяброў перадавала падзяку Янку Скрыгану за добразычлівасць і зычыла яму шмат здароўя. Вельмі часта перапісвалася з Сяргеем Грахоўскім. Ад яго даведалася, што памёр яе шчыры добры сябар Адам Русак. “Яго ведала яшчэ з дзяцінства,  бо разам жылі ў в. пясочнае, — пісала Вішнеўская. — Ён быў добрым музыкантам, але больш быў падобны на кампазітара. Страшна галадаў ён, калі вучыўся, але вучобу не кінуў. Добры быў чалавек”. Ёй хацелася прыехаць у Мінск, каб наведаць могілкі, дзе спяць вечным сном Паўлюк Трус, Якуб Колас, і  пакланіцца  Адаму Русаку. 3 мая 1989 года Наталля Вішнеўская памерла ў бальніцы ў Ленінградзе. Іван Ігнатчык  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей