Суседзі і знаёмыя называюць яе Камендантша. І гучыць гэта зусім не абразліва. Марыя Антонаўна Козел і сапраўды працавала ў камендатуры. Ды і па жыцці яна заўсёды была і застаецца чалавекам неабыякавым да ўсяго, што адбываецца навокал. Але аб усім па-парадку.
Калі па зямлі гулялі завірухі далёкага 1933 года, на невялікім хутары Дуброўка, каля вёскі Чырвоны Партызан, нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі Марыяй. Бацька, Імбра Антон, кіраваў калгасам, маці Соф’я – звычайная працаўніца. Цікава, што Марыю хрысцілі ў тады яшчэ прыгожым касцёле ў Капылі. Ды і ўвогуле, бацькі былі людзьмі веруючымі, і кожны вечар, нават у той неспакойны час, усе шасцёра дзяцей разам з татам і мамай станавіліся на калені і маліліся.
Школу заканчвала ў Шастаках у час вайны. У класе было 25 чалавек. Настаўніцу звалі Ала Уладзіміраўна, потым яна выйшла замуж і выехала ў Вялікія Лукі. З эпізодаў, якімі запомнілася дзяцінства, атрымалася цікавая карцінка: лес – кастры – танцы пад меладычныя гукі гармоніка. Вельмі весела было на Шчадраца, калі ў вяскоўцаў здымалі брамы, а потым хавалі. У сям’і адзначалі толькі рэ-лігійныя святы. На Вялікдзень хату напаўняў водар пірагоў. А смак шынкі, якую маці запякала ў цесце, Марыя Антонаўна памятае і зараз. Сачылі бацькі і за тым, каб дзеці не бегалі на танцы ў клуб. 8 Сакавіка не святкавалі, бо прыходзілася на Вялікі пост.
Потым, калі ў Капылі не стала касцёла, усёй сям’ёй дабіраліся пешшу ў Нясвіж. Доўгіх пераходаў абутак не вытрымліваў, таму абуваліся толькі перад уваходам у храм. Многа пазней, калі Марыя пайшла на сваё першае працоўнае месца ў пякарню, купіла веласіпед, каб зручней было “ездзіць да Бога”.
Драўляны будынак пякарні, дзе пачынала працаваць шаснаццацігадовая Марыя, знаходзіўся на месцы цяперашняй райбальніцы. Хлеб падсоўвалі качаргой ды лапатай. Прыходзілася падымаць і цяжкія латкі з хлебам.
З Аляксандрам пазнаёміліся ў час, калі жанчына працавала ў бальніцы. Нарадзіліся дзеці, Сяргей і Мікалай.
Потым лёс звязаў з Какорычамі. Менавіта там, на месцы былога панскага дома, знаходзілася спецкамендатура ад г. Слуцка (так званае вольнае паселішча), у якой адбывалі пакаранне за дробнае хуліганства. Аднак арыштанты былі людзьмі паслухмянымі, да каменданта Марыі Антонаўны ставіліся, як да маці. Адным словам, Камендантша…
У выхаванні дзяцей галоўным былі клопат і ласка. Менавіта ласкай, як упэўнена жанчына, дасягнеш большага. Здарылася так, што захварэў муж, з’явіліся пэўныя цяжкасці: дзяцей трэба было кожны дзень неяк выпраўляць у школу. Прыходзілася хадзіць пешшу з Какорыч у Капыль, калі-нікалі падвозілі машыны з камендатуры.
Пасля закрыцця камендатуры працавала ў ПМК-194 камендантам дваравых тэрыторый, адкуль, атрымаўшы медаль за працу, і пайшла на пенсію. Але застацца зусім без справы няўрымслівая Марыя Антонаўна не змагла: цяпер яе праца і яе вера ў Бога спляліся ў адзін моцны ланцужок, які і дапамагае трымацца на зямлі.
На працягу амаль дзесяці год першым памяшканнем, у якім знаходзіўся касцёл, была капыльская гасцініца. Калі святар Аляксей, які прыязджаў сюды са Слуцка, пачаў кіраваць будаўніцтвам сапраўд-нага храма, першым чалавекам, які дапамагаў яму, стала наша гераіня. Менавіта Марыі Антонаўне ён мог патэлефанаваць і сказаць: “Пайшла машына з будаўнічымі матэрыяламі. Сустракай!” І яна сустракала, і нават ахоўвала.
Зараз жанчына клапоціцца, каб у касцёле заўсёды было чыста і ўтульна. Пасля службы яна застаецца, каб прыбраць памяшканне, у якім некаторы час назад увазносілі хвалу да Пана нашага. “Калі ты ідзеш да Бога, Ён заўсёды дапаможа табе”, – упэўнена Марыя Антонаўна, якой нядаўна споўнілася 80 гадоў. І яшчэ яна лічыць, што прырода дае ёй сілы і здароўе. Таму вясной і летам кожную раніцу яна ходзіць купацца на капыльскае возера.
ЗАПЕЧАНАЯ ШЫНКА ад Марыі Козел
Кавалак мяса нашпігаваць морквай, салам, абмазаць соллю і прыправамі. Прыгатаваць дражджавое цеста, пажадана з жыта. На рошчыну ставіць не трэба. Цукру амаль не дадаваць, каб не прыгарэла. Потым мяса пакласці на цеста, а бакі зашчыпнуць. Паставіць у духоўку, але каб запяклося, трэба ўзяць дзве цагліны і пакласці іх праз паўгадзіны ў духоўку: цеста не прыгарыць, а мяса добра прапячэцца. Прыемнага апетыту!
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота з сямейнага архіва М. Козел
Комментарии