Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

24

Хозяева мыслей

13.08.2010

Згадзіцеся, у наш час не кожны адважыцца мець прысядзібны ўчастак у некалькі гектараў. А вось сям’я Віктара Карповіча пайшла на такі крок. І на радзіме цешчы Алены Уладзіміраўны ў в. Мыслі Пацейкаўскага сельскага Савета апрацоўваюць 6 гектараў зямлі: 1 га – у цешчы, 2 га – у жонкі Галіны Аляксандраўны і 3 га – у самога  Віктара  Вітольдавіча.

— Пачыналася ўсё недзе 7 гадоў таму з паўгектара зямлі, — успамінае Віктар Карповіч. – Пазней ужо быў гектар, працаваць самім для сябе спадабалася. Гасподзь жа даваў нам наказ: “Будзеце зарабляць хлеб свой потам сваім”. І вось мы працуем.

Ва ўласнай гаспадарцы Карповічаў вырошчваецца ў першую чаргу бульба (займае 3 га), таксама капуста, морква, сталовыя буракі, цыбуля, агуркі, вострадухмяныя культуры. Узнікае пытанне, куды ж збываецца прадукцыя? Тут усё проста: на пастаўкі агародніны заключаны дагавор з ААТ “Жывінка”, якое мае сетку магазінаў у г. Мінску, а зяленіва пастаўляецца на аптовы Камароўскі рынак. Для падвозу выкарыстоўваецца ўласны транспарт. Каб быць надзейным партнёрам, Віктар Вітольдавіч імкнецца не дапускаць ніякіх збояў.

Першым памагатым у справе, як падкрэсліў гаспадар, з’яўляецца жонка, не адстае і цешча, якая ў свае амаль 80 гадоў яшчэ спраўна завіхаецца на полі. У многім прывучаны да сялянскай працы і сын-пяцікласнік Ілля. У пік уборкі даводзіцца прыбягаць да дапамогі старонніх: пенсіянераў, студэнтаў, адпускнікоў.

Для апрацоўкі пасеваў у гаспадарцы маецца неабходная тэхніка і інвентар. Напрыклад, для сяўбы прымяняецца ручная сеялка (польскай вытворчасці коштам каля 120 тыс. руб., набытая ў спецмагазіне ў г. Пінску), якая вельмі зручная, рэгулюе глыбіню сяўбы, норму высеву, за дзень ёю можна апрацаваць каля гектара-паўтара. Для міжраднай апрацоўкі і знішчэння пустазелля ў пачатковай стадыі развіцця прымяняецца механічная фрэза, якая таксама даволі простая ў абыхо-джанні і можа замяніць шэсць чалавек на праполцы (кошт каля 1 млн руб.).

Захаваць вырашчанае таксама немалаважна. Напрыклад, сёлетні ўраджай бульбы (раннія гатункі даюць па 300 ц/га) будзе захоўвацца ў 4 склепах. Для капусты і морквы выпрацавана свая тэхналогія закладкі ў бурты.

Безумоўна, на сямейнай радзе не абышлося без абмеркавання Указа Прэзідэнта Беларусі аб пад-трымцы ўласных падсобных гаспадарак. Таму Карповічы не губляюць надзеі на атрыманне льготнага крэдыту. Ёсць задумкі заняцца трусагадоўляй, для чаго маецца памяшканне, а для корму хапае таварнай некандыцыі, ды і сена можна нарыхтаваць колькі хочаш. У планах таксама абгарадзіць участак, добраўпарадкаваць тэрыторыю, дом, выкапаць сажалку.

На пытанне, адкуль такая цяга да зямлі, Віктар Вітольдавіч адказаў, што гэта, напэўна, на генетычным узроўні, ад бацькоў. Пасля заканчэння сярэдняй школы без ваганняў паступіў у Смілавіцкі сельгастэхнікум, потым вывучыўся на агранома ў Беларускай сельгасакадэміі. Чатыры гады працаваў брыгадзірам у “Бабоўні”, быў майстрам па добра-ўпарадкаванні, азеляненні ў ЖКГ, загадчыкам падсобнай гаспадаркі ў каапнарыхтпраме, індывідуальным прадпрымальнікам, а апошнія гады вырашыў грунтоўна заняцца зямлёй.

— Шкадую, што вельмі позна прыйшоў да гэтага, — адзначае Віктар Карповіч. – Гэта ж так цудоўна, прачнуцца ранютка і думаць пра свае клопаты на дзень, будаваць планы. Нават у выхадныя і святы імкнешся сюды, да зямлі, каб прайсціся па полі, адчуць яго дыханне.

Сяргей КОЗЕЛ


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей