Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

59

Новы комплекс, новыя рэзультаты

07.03.2010
[caption id="attachment_15" align="alignleft" width="240" caption="Працэс даення кантралюецца на камп’ютэры."][/caption] У канцы мінулага года ў галіне жывёлагадоўлі ААТ “Старыца-Агра” быў зроблены чарговы крок наперад: уступіў у строй малочнатаварны комплекс на 700 галоў. Будаўніцтва яго было запланавана згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 322, якім прадугледжвалася ўзвядзенне сучасных малочнатаварных ферм у кожным раёне рэспублікі. Работы ішлі паўтара года. Асноўнымі іх выканаўцамі выступілі будаўнічыя арганізацыі Мінскабсельбуда, у тым ліку і ПМК-194. Кожны займаўся сваім напрамкам дзейнасці: нехта будаваў, нехта падводзіў ваду, іншыя рабілі планіроўку тэрыторыі, знімалі і вывозілі грунт і г. д. Дзякуючы выкарыстанню новых тэхналогій, гаспадарчаму падыходу, стараннай працы людзей новы малочнатаварны комплекс распачаў сваю работу ў кастрычніку мінулага года і абышоўся, паводле слоў дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства Уладзіміра Рудакоўскага, у 12 млрд рублёў (на такую суму быў атрыманы льготны крэдыт, выплаты па якім ужо ідуць поўным ходам). Сёння МТК “Андросаўшчына” поўнасцю ўкамплектаваны жывёлай, акрамя сваіх, сюды паставілі цялушак, якія набываліся ў іншых гаспадарках, прычым, усе яны абязрожаны. 115 з іх ужо расцяліліся, да канца сакавіка пяройдуць у лік навацельных яшчэ не менш за 300 галоў. Як расказаў начальнік комплексу Сяргей Чарвякоўскі, першацёлкі даюць ад 24 да 32 кг малака, і гэта добры вынік, якога, пры іншых умовах можна было б і не мець. На пытанне, што ж паспрыяла такім высокім рэзультатам, Сяргей Іосіфавіч упэўнена адказаў: захаванне тэхналогіі ўтрымання і кармлення. Ужо адно тое, што жывёла мае магчымасць свабодна хадзіць па памяшканні, а не знаходзіцца на прывязі, станоўча ўплывае на яе самаадчуванне. А дадаць да гэтага збалансаванае кармленне высакаякаснымі кармамі, якімі, дарэчы, малочны комплекс забяспечаны на цэлы год (паблізу жывёлагадоўчых памяшканняў было заложана шэсць траншэй сенажу і сіласу). “Абавязкова ў рацыён першацёлак уводзіцца па 0,5 кг на літр малака камбікорму К-61 для высакаўдойных кароў, раслінны тлушч, — працягвае расказ начальнік комплексу, — кожная жывёліна атрымлівае і па 1,5 кг сланечнікавага шроту, кукурузны сілас добрай якасці, а раніцай — сена. Усе кармы змешваюцца ў кормараздатчыку і дазіравана раздаюцца жывёле.” Абавязковай умовай утрымання  з’яўляюцца прагулкі на свежым паветры, для чаго зроблены доржнікі. Улічваючы тое, што жывёла выпасвацца не будзе, назапашванню вітаміну D паспрыяе празрысты шыфер, які прапускае ультрафіялет і з’яўляецца дадатковай кры-ніцай эканоміі электраэнергіі. Вокнаў у звычайным разуменні ў кароўніках таксама няма — іх замянілі жалюзі, якія могуць падымацца і апускацца ў залежнасці ад знешняй тэмпературы. Дарэчы, свежае паветра паступае і праз спецыяльныя аддушыны ў даху. На ферме прадугледжана вялікая колькасць элементаў, якія спрыяюць стварэнню камфорту для жывёлы. У даільнай зале, падлога якой мае зялёнае пакрыццё (ступаеш — нібы на летні лужок!), адначасова могуць даіцца 28 кароў. Спраўляюцца з працэсам два аператары. За даеннем і ўлікам малака сочыць камп’ютэр: разумная машына нават вызначае стан здароўя жывёлы — хворую даіць не стане. “Калі паступае сігнал, што ў каровы ёсць прыкметы захворвання, напрыклад, на мастыт, — уключаецца ў размову інжынер па працаёмкіх працэсах Міхаіл Іваноўскі, — за работу бярэцца ветурач. Хворую карову пераводзяць у іншае памяшканне, дояць таксама асобна, паколькі наша асноўная задача атрымліваць высакаякасную прадукцыю — экстра-класа.” І сапраўды, менавіта са “Старыцы-Агра”, а яшчэ з ВСК “Семежава” паступае на Капыльскі масласырзавод малако гатунку “экстра”, што, безумоўна, дае значную фінансавую выгаду і патрабуе, у сваю чаргу, самага дакладнага выканання ўсіх патрабаванняў тэхналогіі. [caption id="attachment_14" align="alignright" width="210" caption="На прагулцы."][/caption] Маладняк вырошчваецца ізалявана, у індывідуальных пластыкавых доміках, каб выключыць эпізаатычны ланцужок і выгадаваць з цяляці здаровую карову. Гэта надзвычай актуальна менавіта для МТК “Андросаўшчына”, паколькі тут арганізаваны замкнуты цыкл аднаўлення статка. Суровыя ўмовы надвор’я не зрабілі вялікага ўплыву на ход спраў на комплексе: збояў у падачы вады не было, прымяненне менавіта бульдозернага гноевыдалення дазволіла аператыўна вырашаць і гэту праблему. Цяпер ідзе інтэнсіўнае ачышчэнне дахаў ад снегу і наледзі. Іншымі на малочнатаварным комплексе сталі ўмовы для жывёлаводаў. На работу іх дастаўляюць на спецыяльна выдзеленай аўтамашыне. Паводле слоў Міхаіла Іваноўскага, работнікаў на комплекс прынцыпова набіралі з ліку тых, хто раней не працаваў у жывёлагадоўлі, паколькі няпроста адмовіцца ад ужо набытых навыкаў і звычак. Ручной працы тут практычна не засталося. Чысціня, цеплыня, парадак, працуюць душавыя, ёсць раздзявалкі. У вольную хвілінку можна папіць чаю, паглядзець тэлевізар, пазнаёміцца з неабходнай інфармацыяй. Кожную дэкаду (пацвердзіў Сяргей Чарвякоўскі) праводзяцца Дні жывёлаводаў, дзе падводзяцца вынікі работы. Словам, умовы створаны, застаецца толькі  працаваць з поўнай аддачай сіл. Маргарыта САКОВІЧ Фота Марыі ШЭІНАЙ і аўтара

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей