Для забеспячэння энергетычнай бяспекі раёна важную ролю іграе кваліфікацыя персаналу. Тут неабходна майстэрства, уменне дзейнічаць арганізавана і адказна ў звычайных і аварыйных сітуацыях.
Такіх момантаў больш чым за 10 гадоў у электраманцёра Слуцкіх раённых электрасетак
Мікалая Ждановіча быў не адзін дзясятак. Спасцігаў навуку працы “пад напружаннем” побач са старэйшымі, больш вопытнымі таварышамі. А вучыцца было ў каго: яго брыгада цэнтралізаванага рамонту ТП і КТП заўсёды сярод лепшых у Слуцкіх электрасетках. “Займаемся рамонтам разнастайных трансфарматарных падстанцый як закрытага, так і адкрытага тыпу, — тлумачыць Мікалай. — Падчас аварыйных сітуацый выязджаем на месца, каб аператыўна ўстараніць непаладкі”.
Неаднаразова праходзіў курсы павышэння кваліфікацыі ў вучэбным камбінаце Мінскэнерга. За гэты час Мікалай Ждановіч набыў добры вопыт і па праве лічыцца выдатным спецыялістам арганізацыі. За добрасумленную працу кваліфікаваны электраманцёр адзначаўся граматамі і прэміямі кіраўніцтва.
У вольны час Мікалай разам з сынам Андрэем і дачкой Кацяй часта наведвае фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзе з задавальненнем займаецца плаваннем.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ. Фота аўтара
Комментарии