ДУА “Бучацінская сярэдняя школа” сёння – гэта 60 навучэнцаў і 20 педагогаў. Для павышэння рэзультатыўнасці работы гэта ўстанова выкарыстоўвае ў адукацыйным працэсе інтэрактыўную дошку, лічбавы мікраскоп, дакумент-камеру, лічбавыя фотаапарат і відэакамеру.
“Нам удалося стварыць школу, у якой камфортна і дзецям, і настаўнікам. У калектыве сфарміраваліся дух супрацоўніцтва, атмасфера сумеснай вялікай справы”, — лічыць дырэктар Святлана Сташаніна. У школе створаны ўмовы для паспяховасці. Рэалізацыя гэтай задачы дазволіла сацыяльна абараніць як вучня, так і настаўніка. Напрацаваны станоўчы вопыт па экалагічным, спартыўным напрамках, інфарматызацыі.
І як вынікі — Дыплом ІІІ ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі ў навучэнца 11 класа Міхаіла Хацько. Зараз юнак знаходзіцца на зборах па падрыхтоўцы да ўдзелу ў рэспубліканскім этапе. Дзевяці-класнік Дзмітрый Сташанін стаў прызёрам на ХV конкурсе даследчых работ сярод навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці ў секцыі «Эканоміка І бізнес-планаванне» і ўзнагароджаны асабістым нетбукам.
У верасні 2012 года створана і школьная бізнес-кампанія «Каны і К». Яе мэта — вырошчванне расады гэтых прыгожых кветак. На працягу вясновага сезона 2013 года плануецца вырасціць 150 адзінак кан для продажу.
Дзякуючы актыўнай жыццёвай пазіцыі былога дырэктара Дзмітрыя Рамановіча, зараз дзейнічае калектыў, які дэманструе прафесійную гатоўнасць да навукова-даследчай працы, патрэбы ў авалоданні інфармацыйнымі тэхналогіямі.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии