Калі заходзіш на Камсамольскі фельчарска-акушэрскі пункт, адразу адчуваеш, як ўзнікае добры настрой. А ўсё таму, што загадчыца Таццяна Коўзун – надзвычай жыццярадасны чалавек. І гэта станоўча ўплывае на здароўе пацыентаў, якія сюды наведваюцца.
Кожны дзень, а бывае і ноччу, Таццяна Уладзіміраўна прымае выклікі ад жыхароў вёсак Пукава, Камсамольская, Пятрылава, Сунаі. Для вяскоўцаў прадастаўляецца поўны аб’ём дапамогі, які ўключае ў сябе назіранне за дзецьмі і пажылымі людзьмі, акушэрскі медагляд. Існуе стацыянар на даму, аптэка. Выклікаў бывае шмат, таму ў сваёй бальнічнай сумцы яна носіць усе неабходныя лекі. Кожную раніцу наведвае мехдвор і праводзіць перадрэйсавы агляд работнікаў філіяла “Лакнея”.
— Зімой да МТП дабіраюся пешшу, калі неадкладны выклік — філіял вылучае транспарт, — расказала Таццяна Уладзіміраўна. — Гаспадарка падарыла нашаму пункту скутар, на якім хутка ў летнюю пару дабіраюся ў любую кропку прызначэння.
Сумесна са Старыцкай бальніцай праводзяцца медмерапрыемствы. Так, нядаўна рабілі прышчэпкі жыхарам бліжэйшых вёсак (усяго 157 чалавек), з якіх 57 на платнай аснове — гэта работнікі філіяла “Лакнея”. Таццяна Коўзун наведвае таксама школы і вядзе гутаркі з дзецьмі, адказвае на пытанні, якія іх цікавяць.
Таццяна Уладзіміраўна крыху расказала і пра сваю сям’ю. Старэйшы сын Аляксей вучыцца на чацвёртым курсе БНТУ, а Уладзімір — у дзясятым класе.
Павел ШЭІН
Фота аўтара
Комментарии