Гэтага сціплага, добразычлівага і памяркоўнага чалавека ў вёсцы Жыліхава ведаюць усе: цудоўны муж і бацька, добры гаспадар, выдатны механізатар. А ці вядома аднавяскоўцам, які жыццёвы шлях прайшоў Павел Дзям’янавіч Баран?
[caption id="attachment_25007" align="aligncenter" width="443" caption="Павел Дзям’янавіч Баран разам з жонкай Верай Паўлаўнай"]
[/caption]
Нарадзіўся Павел у мнагадзетнай сялянскай сям’і: бацька, маці, два браты і сястра. Бацькі працавалі ў мясцовым калгасе, дзеці дапамагалі па гаспадарцы. Каб пражыць, трымалі кароўку, свіней, курэй, апрацоўвалі 40 сотак зямлі. Дарэчы, бацька Дзям’ян Нікіфаравіч да рэвалюцыі пабываў у Амерыцы, дзе працаваў на лесанарыхтоўках. Прагны быў да працы чалавек, таму прывучаў да парадку і дзяцей.
Хлапчуку споўнілася 9 гадоў, калі аднойчы цішыню чэрвеньскай раніцы разарвалі гул варожых самалётаў і гром выбухаў. Літаральна за некалькі дзён вайна перавярнула лёсы жыхароў вёскі Жыліхава і прымусіла іх падпарадкавацца сваім суровым і бязлітасным законам. Акупанты рабавалі насельніцтва, калгасную маёмасць раздзялілі. Адзін конь прыходзіўся на чатыры гаспадаркі. Старэйшая сястра Вольга (1925 г. н.) вымушана была пайсці замуж, каб не трапіць на прымусовыя работы ў Германію.
Запомнілася Паўлу, як у 1943 годзе праз вёску прайшло легендарнае партызанскае злучэнне Каўпака. Перад вызваленнем Капыльшчыны людзі кінуліся ў Смаліцкі лес. Пашанцавала: немцы вёску не кранулі, спалілі толькі тры млыны.
У верасні Павел пайшоў у 2 клас. Якая гэта была вучоба?! Папяровыя мяхі рэзалі на сшыткі. Падручнік – адзін на ўвесь клас. У школу з малодшым братам хадзілі па чарзе: не было чаго апрануць, абуць. Ды прыходзілася дапамагаць калгасу ва ўборцы бульбы, зерневых. Звозілі ў гумно снапы збожжа, малацілі. Кожны атрымліваў надзел тытуню (дзяржаўны заказ). Даглядалі пасевы, зразалі сцябліны, сушылі пад страхой і адвозілі ў Чырвоную Слабаду. Толькі за гэту працу можна было атрымаць хоць нейкія грошы.
Пасля заканчэння сямігодкі 18-гадовы юнак уладкоўваецца на працу ў в. Гулевічы на цагельны завод. Прыходзілася рэзаць цагліны, падаваць на тачкі. Ездзілі капаць торф на балота для абпальвання цаглін. Несалодкая гэта праца, але за яе давалі бохан хлеба на дзень, заробак жа атрымлівалі толькі праз 6 месяцаў.
У лістападзе 1951 года Паўла прызываюць у армію. Спачатку быў вучэбны атрад у г. Севастопалі, на 2-й базе Чарнаморскага флоту, і два гады службы на караблях «Керч» і «Наварасійск», дзе прызыўнік з Беларусі атрымаў спецыяльнасць камендора зенітнай гарматы. Затым на караблі «Варашылаў» стаў камандзірам аддзялення і старшыной 2-й стацці. Служба лёгкай не была. Павел Дзям’янавіч успамінаў, як у 1952 годзе на юбілей карабля прыехаў сам Клімент Варашылаў з жонкай і дачкой. На святочнай сустрэчы намеснік старшыні Савета Міністраў СССР паціснуў рукі ўсім маракам. Вельмі быў задаволены падрыхтоўкай экіпажа.
У красавіку 1955 года старшына Баран атрымаў прызначэнне на новы вартавы карабель “Норка”. Гэта было судна даўжынёй 90 метраў, якое рухалася з максімальнай хуткасцю 29 вузлоў. Павел абслугоў-ваў артылерыйскую ўстаноўку, дальнасць стральбы якой па гарызонце складала 121 кабельтаў, а па вышыні 15 000 м.
У ноч на 30 кастрычніка 1955 года наш зямляк стаў сведкам узрыву на флагманскім караблі Чарнаморскай эскадры лінкоры “Наварасійск” (служыў на ім 1 год). Выбух быў такой сілы, што прабіў наскрозь шматпавярховы браніраваны корпус лінкора ад днішча да верхняй палубы. Прабоіна складала каля 170 квадратных метраў. Адразу загінулі 150 чалавек. На лінкоры аб’явілі баявую трывогу. Маракі, што знаходзіліся на верхняй палубе, пачалі ратаваць людзей з затопленых памяшканняў і рыхтаваць параненых да адвозу ў берагавы шпіталь, а ўзарваны лінкор — да буксіроўкі на мель.
Тым часам, пакуль кіраўніцтва флоту разбіралася ў абставінах, нос карабля апусціўся ў ваду, але якар намертва трымаў лінкор. Калі крэн на левы борт стаў крытычным, паступіла каманда строіцца экіпажу і маракам, якія прыбылі на выратаванне (каля 1000 чалавек). Па трапах змаглі спусціцца на плаўсродкі нямногія. І тут карабель лёг на левы борт і перакуліўся.
Пачаўся другі этап катастрофы, ахвярамі якой сталі сотні маракоў, якія апынуліся ў вадзе. Каля 400 чалавек знаходзілася ўнутры стальных адсекаў, дзе ў час трывогі яны заставаліся на баявых пастах. Маракі з выратавальніка падводных лодак “Бештау” ўскрылі металічную абшыўку днішча кармы лінкора. Праз разрэз выратавалі сем чалавек. Лінкор з-за выхаду паветра стаў апускацца на глыбіню і да раніцы 30 кастрычніка затануў. У апошнія хвіліны перад пагружэннем было чуваць, як маракі, якія знаходзіліся ўнутры карабля, развітваліся з жыццём, спявалі “Варяга”. Праз суткі вадалазы змаглі вызваліць з кармавых кубрыкаў двух матросаў, якія ўжо па горла знаходзіліся ў вадзе. 1 лістапада вадалазы перасталі чуць якія-небудзь гукі з адсекаў. Гэта трагедыя засталася ў памяці Паўла Барана на ўсё жыццё.
Звольніўся Павел як выдатнік баявой і палітычнай падрыхтоўкі ў званні старшыны 1-й стацці і з ганаровай граматай ад камандуючага Чарнаморскім флотам адмірала Гаршкова ў 1956 годзе. Два гады працаваў слесарам на ваенным заводзе на Урале (г. Сяроў). Збіраў піларамы і буравыя ўстаноўкі. Вярнуўся ў родную вёску даглядаць састарэлых бацькоў. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай. Больш за 40 гадоў Павел Дзям’янавіч шчыраваў у родным калгасе “Бальшавік”: кладаўшчыком, загадчыкам фермы, брыгадзірам, механізатарам. За сумленную працу атрымліваў прэміі і падзякі, яго партрэт вісеў на Дошцы гонару, быў узнагароджаны медалямі “За працоўную доблесць”, “За працоўную адзнаку”, “За доблесную працу”, “Ветэран працы”.
Нядаўна ветэран адзначыў 80-годдзе і залатое вяселле. Час бярэ сваё. Шэрань пабяліў галаву, паглыбіліся маршчынкі на яго твары. Усё часцей бяруць у свой “палон” хваробы, не адчуваецца ранейшай сілы і спрыту. Пахіснулася здароўе і ў жонкі Веры Паўлаўны, з якой выхавалі трох дзяцей, дапамаглі атрымаць ім вышэйшую адукацыю. І ўсё часцей наведвае бацькоўскую хату дачка Валянціна, якая працуе дырэктарам ДУА “Слабадакучынская СШ”. Самай значнай падзеяй для Паўла Дзям’янавіча стала нараджэнне ўнукаў. Іх шасцёра, і ўсе хлопцы (трое з іх — студэнты вышэйшых навучальных устаноў).
— Будзе каму Радзіму абараняць! – з гонарам адзначае былы марак.
Барыс Дзенісюк,
намеснік дырэктара ДУА ”Слабадакучынская СШ”, кіраўнік рэгіянальнага рэсурснага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў
Комментарии