Камітэтам сельскай гаспадаркі і харчавання Мінаблвыканкама сумесна з рэспубліканскім канструктарскім унітарным прадпрыемствам “Галаўное спецыялізаванае канструктарскае бюро па збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхніцы” на базе ААТ “Капыльскі райаграсэрвіс” было арганізавана пасяджэнне круглага стала.
Падчас яго абмяркоўваліся рэзультаты маніторынгу работы збожжа- і кормаўборачных камбайнаў вытворчасці ВА “Гомсельмаш” у 2012 годзе і аналіз сістэмных адмоў вузлоў і дэталей у ходзе рамонту (разборкі, дэфектоўкі) збожжаўборачных камбайнаў у спецыялізаваных прадпрыемствах сістэмы “Мінскаблаграсэрвісу”.
Сярод запрошаных на нараду былі прадстаўнікі Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь, Камітэта Мінаблсельгасхарчу, Мінаблаграсэрвісу, Мінскай абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду, райсельгасхарчаў, начальнікі сэрвісных цэнтраў, галоўныя інжынеры сельгасарганізацый вобласці, камбайнеры, а таксама прадстаўнікі вытворчага аб’яднання “Гомсельмаш”.
Перш чым абмеркаваць абазначаныя пытанні, удзельнікі нарады наведаліся ў цэх па рамонце камбайнаў ААТ “Капыльскі райаграсэрвіс”. Дырэктар прадпрыемства Анатоль Чаркас расказаў аб асноўных праблемах, з якімі даводзіцца сутыкацца спецыялістам пры рамонце збожжаўборачных камбайнаў вытворчасці “Гомсельмаш”. Яго меркаванні пацвердзілі і камбайнеры (прадстаўнікі розных сельгаспрадпрыемстваў вобласці), якім таксама было што сказаць вытворцам
(на здымку), паколькі за гады эксплуатацыі гомельскай тэхнікі выявіліся пэўныя недапрацоўкі пры яе канструяванні. Аднак, як аказалася, многія свае недапрацоўкі канструктарам добра вядомы, і яны пастараліся ў больш новых мадыфікацыях унесці папраўкі, каб істотна аблегчыць працу і камбайнераў, і спецыялістаў па рамонце.
У ходзе самога пасяджэння, якое вялі начальнік Мінскай абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду Валерый Злотнік і намеснік старшыні Мінаблсельгасхарчу Руслан Міхалевіч, было сур’ёзна абмеркавана ўбачанае і пачутае падчас практычнай часткі семінара. Вялікая ўвага надавалася сэрвіснаму абслугоўванню тэхнікі, наяўнасці запасных частак на сэрвісных цэнтрах, каардынацыі дзеянняў паміж гэтымі структурнымі падраздзяленнямі, вытворчым аб’яднаннем “Гомсельмаш” і непасрэдна сельгаспрадпрыемствамі. Было адзначана, што неабходна самую вялікую ўвагу надаваць тэхнічнаму абслугоўванню тэхнікі, своечасовае правядзенне якога можа значна падоўжыць тэрмін яе службы.
“Увогуле, водгукі аб збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхніцы вытворчасці “Гомсельмаш” нядрэнныя, — адзначыў напрыканцы сустрэчы Валерый Злотнік. — Ёсць і пэўныя недапрацоўкі, якія, спадзяюся, сёння прадстаўнікі прадпрыемства возьмуць на заметку. Думаецца, што мы здолеем пазбегнуць і непаразуменняў, якія існуюць яшчэ ў рабоце дылерскіх цэнтраў. Тэхніка павінна працаваць! І для гэтага нам усім разам неабходна прыкласці ўсе намаганні. Лічу, што сёння атрымалася па-сапраўднаму карысная сустрэча”.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии