Дзякуючы намаганням юных даследчыкаў Грозаўскай сярэдняй школы Дзмітрыя Мінізянава, Сяргея Шацько і Кацярыны Дзямідчык у мінулым годзе была раскрыта таямніца яшчэ адной трагічнай старонкі вайны - трагедыя вёскі Аксаміты. 23 лютага 1943 года 15 жыхароў вёскі Аксаміты былі спалены жывымі за сувязь з партызанамі.
Аксаміты — прыгожая вёска з паэтычнай назвай. Яна раскінулася ў далечыні ад шумных дарог сярод лугоў і палёў, прыкладна за два кіламетры ад Грозава. Аксамітоўцы дружна працавалі на зямлі, якая шчодра ўзнагароджвала іх багатымі ўраджаямі. Спраўлялі ўсёй вёскай вяселлі, гадавалі дзяцей.
А калі пачалася вайна і наступілі чорныя дні акупацыі, вяскоўцы з першых дзён пачалі аб’ядноўвацца на барацьбу з ворагам.
Успамінае Святлана Іванаўна Мінізянава (Рабкевіч), жыхарка в. Грозава:
— Амаль у кожнай хаце былі партызаны. Сільвестр Рабкевіч (Валошын) многіх завёў у атрад імя Чапаева. Партызанілі Цімошак Аляксандр Несцеравіч, Цімошак Іван, Яфімчык Максім Іванавіч, Яфімчык Пётр Іванавіч, Салавянчык Адам Іванавіч. Партызаны адразу ж спалілі ў Грозаве двухпавярховы будынак школы (палац Хрушчыка), бо немцы хацелі там размясціць свой штаб. Нямецкі гарнізон спыніўся ў Грэску, там быў і паліцэйскі ўчастак. Так што вёскі Балгавічы, Свідзічы, Садкі, Старыца, Аксаміты сталі партызанскай зонай.
У канцы 1942 — пачатку 1943 года гітлераўцы арганізавалі масавыя карныя экспедыцыі супраць партызан Міншчыны, якія пачаліся адначасова ў паўночнай і паўднёвай яе частках. У пачатку 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі правялі карную экспедыцыю пад кодавай назвай «Свята ўраджаю» ў Капыльскім і суседніх раёнах.
Бяда не абмінула і Аксаміты. Трагедыя адбылася 23 лютага 1943 года. Фашысты не выпадкова выбралі менавіта гэты дзень — Дзень Чырвонай Арміі. Відаць, такім чынам хацелі паказаць сваю ўладу і сілу. Да таго ж, партызанскі атрад імя В. І. Чапаева, які дыслацыраваўся ў бліжэйшым лесе, быў створаны з групы вайскоўцаў.
С. В. Рабкевіч, камісар 27-й брыгады імя В. І. Чапаева, капітан Чырвонай Арміі, таксама родам з Аксаміт. Фашысты спадзяваліся схапіць яго ў бацькавай хаце, у хаце Васіля Рабкевіча, і такім чынам «адзначыць» па-свойму Дзень Чырвонай Арміі.
Успамінае Клаўдзія Раманаўна Леус (Рабкевіч), жыхарка вёскі Балгавічы:
— У Аксамітах было шмат партызанскіх сем’яў. Былі каторыя і ў паліцыі. Але ў партызан былі свае людзі ў паліцыі, таму нас папярэджвалі, калі плануецца аблава, і мы тады ўжо ўцякалі ў лес. У Дзедавым лесе ў нас былі свае зямлянкі. А той раз партызанскім сем’ям не перадалі, што карнікі наляцяць на сяло, амаль усе заставаліся ў хатах. Толькі некалькі чалавек змаглі схавацца.
Успамінае Святлана Іванаўна Мінізянава (Рабкевіч):
— Гэта было раніцай, гадзін у сем. Людзі, не прадчуваючы трагедыі, запальвалі ў печах. Калі пачалася аблава, мама схапіла мяне за руку і цераз агарод завяла ў хату да суседкі, Давідоўскай Марыі Емельянаўны, а сама вярнулася дамоў. Нашу хату акружылі немцы і паліцаі. Праз акно мы назіралі, што там робіцца. Пасля мама расказвала, што паліцаі ўсё дапытваліся ў майго брата Валіка (ён меншы быў за мяне, гадоў сем меў), дзе дзядзька Сільвестр, ці прыходзіць дамоў. Немец сунуў брату шакаладку, але той казаў, што ніколі не бачыў яго. А пасля прывезлі на санях майго дзеда, Васіля Рабкевіча, бацьку партызанскага камісара Сільвестра Рабкевіча. Дзеда схапілі каля лесу. Ён бег да партызан за дапамогай, але не паспеў. Памятаю, што ў дзеда былі звязаныя рукі, і, праязджаючы паўз хату, ён кіўнуў галавой, быццам развітаўся з намі. 3 хаты вывялі сястру Сільвестра Рабкевіча, Анюту, і таксама пагналі следам за санямі. Мама расказвала, што знаёмы паліцай, Валерык з вёскі Слабодка, ёй шапнуў: «Вас расстраляюць заўтра». Гэта быў сігнал, што ноччу трэба ўцякаць у лес. Фашысты, відаць, разлічвалі, што партызанскі камісар абавязкова прыйдзе ў вёску пасля таго, як схапілі яго бацьку і сястру. Сям’я брата Івана заставалася ў якасці прынады. Але мы ўжо як уцяклі ноччу ў лес, то не вярталіся ў Аксаміты да самага вызвалення, пакуль Чырвоная Армія не прыйшла.
Успамінае Клаўдзія Раманаўна Леус (Рабкевіч):
— Паліцаі і немцы акружылі тыя хаты, дзе жылі партызанскія сем’і. Хто жыў на другім канцы і бачыў, што пачалася аблава, яшчэ паспелі адвесці да суседзей дзяцей ці схаваць дзе, а з таго канца ўсіх схапілі. Павыганялі на вуліцу. Паперадзе ехалі сані з паліцыяй, затым ішлі палонныя, а ззаду таксама ехалі сані з нарабаваным дабром, бо паліцаі павыносілі з хат усё: посуд, адзенне, коўдры, падушкі. Палонных пагналі на Грозаў, а што іх чакае - ніхто не ведаў. Пазвязвалі ім рукі. Там быў дзед Святланы Мінізянавай, Васілій Рабкевіч. 3 адной хаты яшчэ чатыры душы - двое дарослых і двое дзяцей. Таксама жонка нашага суседа, Цімошак Ядвіга, разам з хлопчыкам Генкам, яму было два годзікі. Былі дзве мае бабулі — Яфімчык Хіма і Яфімчык Кацярына. Таксама арыштавалі Бекешку Ганну і Бекешку Мацвея, дзвюх дзяўчынак, адна была майго ўзросту — Пінчук Тома, мы з ёй часта гулялі, а другая — Нэля, малодшая. Арыштавалі таксама двух хлопчыкаў Астроўскіх (іх прывезлі да бабулі з дзедам на лета, тут і застала іх вайна) і іх маму, Астроўскую Кацярыну, муж яе быў на фронце.
I наша сям’я апынулася там, бо ў паліцыю трапілі спісы партызанскіх сем’яў. Але адзін мой брат уцёк у Пятрылава, а я з другім засталася, то мама нас завяла ў суседнюю хату. Нас пасадзілі на печ, як сваіх дзяцей. Мы вельмі баяліся. Быў сярод палонных і Салавянчык Адам Іванавіч з Балгавіч (памёр у 2009 годзе). Ён да дзяўчыны сваёй хадзіў у Аксаміты, то яго там і схапілі. Адам усю дарогу да Грозава спрабаваў развязаць рукі. Тузаў, тузаў і такі выцягнуў адну, а на другой была вяроўка. Іх прыгналі ў Грозаў, і на ўскраіне вёскі загналі ў будынак і падпалілі. Адам кажа Рабкевічу: «Дзед, давай уцякаць». Але Васіль Рабкевіч адказаў: «Бяжы адзін, я ўжо стары, пажыў...» Калі паваліў дым і запалалі дзверы, Адам кінуўся ўцякаць.
Адам Салавянчык дабраўся да лесу і пайшоў у партызанскі атрад. Ён быў адзіны сведка, які павінен быў згарэць і выйшаў з агню, каб расказаць пра гэту жудасную трагедыю.
Успамінае Святлана Іванаўна Мінізянава (Рабкевіч):
— Праз некаторы час мая мама, Рабкевіч Анастасія Іванаўна, і яшчэ адна жанчына, Рабкевіч Надзея Іванаўна (яе матуля, Яфімчык Хіма, таксама была спалена ў гэты дзень), вырашылі пахаваць костачкі сваіх родных. Яны знайшлі чалавека, які размаўляў па-нямецку, і пайшлі ў Грэск. Тлумачылі немцам, што, маўляў, антысанітарыя. I фашысты далі дазвол. I тады мама і яшчэ аксаміцкія жанчыны пайшлі на папялішча. Мама ў фартух збірала костачкі аднавяскоўцаў, блізкіх людзей. Галасіць баяліся, бо побач хадзілі немцы. Лапік ад кажуха дзеда Васіля мама знайшла пад печчу. Відаць, яе свёкар хаваўся там, спадзеючыся, што полымя не дастане. Як ішлі да могілак, як выграблі магілу, як хавалі тыя костачкі, мама сама не ведала. Бо нямелі рукі і ногі, бо заходзілася ад плачу душа.
У пачатку 50-х гадоў на тым месцы, дзе аксаміцкія жанчыны пахавалі сваіх аднавяскоўцаў, з’явіўся помнік. На помніку не было ніводнага прозвішча, толькі скупы надпіс: «Вечная память 15 жителям д. Аксамиты, зверски замученным фашистскими извергами 23 февраля 1943 года».
Збіраючы звесткі пра аксаміцкую трагедыю, даследчыкі сустрэліся яшчэ з адным унукам Васіля Рабкевіча - Коршукам Мікалаем Антонавічам, жыхаром г. Салігорска. Народжаны пасля вайны, у 1953 годзе, ён, вядома, не ведаў свайго дзеда Васіля, аднак вырашыў на ўласныя сродкі на брацкай магіле паставіць гранітны помнік. Восенню 2010 года М. А. Коршук арганізаваў устаноўку новага помніка на сродкі родных загінуўшых. Вучні Грозаўскай СШ дапамагалі ў гэтай працы. На помніку змешчаны поўны спіс жыхароў вёскі Аксаміты, ахвяраў фашысцкага тэрору. А ў Грозаве, на месцы трагедыі, вучнямі Грозаўскай СШ быў устаноўлены памятны знак. Актыўную дапамогу ва ўстаноўцы знака аказала архітэктурна-будаўнічае УП «Даўмонт» з г. Салігорска, асабліва супрацоўнік прадпрыемства В. Я. Абрамовіч, а таксама КСУП «Грозава-агра».
Чырвоны камень для памятнага знака было вырашана прывезці з Аксаміт. Ён сімвалізуе кавалачак малой радзімы загінуўшых. Драўляная скульптура маці - сімвал Беларусі, якая аплаквае сваіх дзяцей.
Алена Дубіна,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры Грозаўскай СШ
Комментарии