У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, 15 лютага, адбылася сустрэча ветэранаў вайны ў Афганістане са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Марыяй Сандрозд, першым намеснікам старшыні райвыканкама начальнікам упраўлення райсельгасхарчу Ірынай Кісляк, намеснікам старшыні райвыканкама Алай Раеўскай, намеснікам ваеннага камісара, начальнікам мабілізацыйнай групы маёрам Сяргеем Маргалікам, прадстаўнікамі служб і арганізацый раёна.
Да памятнага знака загінуўшым у Афганістане землякам удзельнікі мерапрыемства ўсклалі вянкі і кветкі
(на здымку 1), ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання. Сустрэча працягвалася ў зале пасяджэнняў райвыканкама. У адрас воінаў-“афганцаў” прагучалі словы ўдзячнасці за выкананне грамадзянскага абавязку, адданасць Радзіме. Маёр Сяргей Маргалік расказаў пра пасведчанне ўдзельніка вайны ў Афганістане беларускага ўзору, тэрмін яго атрымання. Пасля афіцыйныя асобы пацікавіліся, ці ёсць праблемы, у вырашэнні якіх неабходна аказаць дапамогу ветэранам. Так, паступілі пытанні ў адрас прадстаўнікоў медыцынскай службы, раённага вузла паштовай сувязі, цэнтра банкаўскіх паслуг №609 у г. Капылі філіяла №620 ААТ “ААБ Беларусбанк” г. Нясвіжа. Праблемы ўзяты на кантроль. Пасля афіцыйнай часткі для прысутных быў прапанаваны невялікі канцэрт, падрыхтаваны работнікамі Дзіцячай школы мастацтваў, раённага Цэнтра культуры. Ветэраны вайны ў Афганістане таксама наведалі раённы краязнаўчы музей, дзе работнікі культурнай установы пазнаёмілі з міні-выставай, прысвечанай падзеям 1979-1989 гадоў
(на здымку 2), правялі па залах музея. У гутарцы ўзнікла дамоўленасць арганізаваць да 25-годдзя вываду войскаў з Афганістана экспазіцыю. Афган паламаў жыцці многіх маладых хлопцаў. Але, нягледзячы ні на што, яны сумленна выконвалі грамадзянскі абавязак, дадзены Айчыне, заставаліся вернымі прысязе да канца. Менавіта пра гэта і павінна расказаць юнаму пакаленню новая выстава.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии