Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

Схілім галаву ў смутку

20.02.2013
Ідзе час, усё больш аддаляючы тыя суровыя гады вайны. Але ў памяці народнай застанецца навекі люты 1943 года, калі гарэлі капыльскія вёскі, а фашысцкія карнікі бязлітасна распраўляліся з мірнымі жыхарамі. Гэта наш боль, наш смутак… Ветэраны вайны і працы, супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея сумесна з раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь”, аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама пры ўдзеле піянераў гімназіі №1 г. Капыля, РАС ДТСААФ адправіліся па памятных месцах, дзе 70 гадоў назад бушавала вогненная трагедыя. Калодзезнае — адно з тых паселішчаў, якое не абмінула “карычневая” навала. 9 лютага фашысты знішчылі тут 213 мірных жыхароў, а вёска была ахоплена полымем. Толькі 34 чалавекі засталіся ў жывых пасля зверстваў фашыстаў… Ля велічнага помніку разам з мясцовымі жыхарамі ўдзельнікі вахты памяці ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых, усклалі да падножжа жывыя кветкі (здымак 1).   У вёсцы Руднікі на мясцовых грамадзянскіх могілках знайшлі вечны спакой 130 жыхароў в. Масявічы (здымак 2). Населены пункт так больш і не з’явіўся на карце Капыльшчыны пасля карнай аперацыі 2 лютага 1943 года. Пра тыя падзеі прысутным расказаў супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Андрэй Лятчэня. “512 чалавек сталі ахвярамі зверстваў фашызму. Немцы аўтаматнымі чэргамі расстрэльвалі ні ў чым не павінных местачкоўцаў, а пасля падпальвалі хаты”, — гэтыя словы ля помніка загінуўшым мірным жыхарам в. Жавулкі (здымак 3) да глыбіні душы кранулі кожнага прысутнага. А пасля аповеду старшыні ветэранскай арганізацыі ААТ “Прагрэс 2010” Раісы Лянько на вачах нават юнага пакалення з’явіліся слёзы. У дзень трагедыі, 5 лютага, супрацоўнікі Пацейкаўскага сельвыканкама разам з жыхарамі правялі жалобны мітынг, ушанавалі памяць землякоў. Жывыя кветкі да мемарыялу ўсклала і наша група. Шматлюдна было на святым месцы в. Дусаеўшчына — ля помніка землякам, якія загінулі 23 лютага 1943 года. На невялікім мітынгу разам з удзельнікамі мерапрыемства, скланіўшы галовы, стаялі вучні Дзяржын- скай школы, вяскоўцы (здымак 4). Пранікнёна расказала пра ваеннае ліхалецце старшыня ветэранскай арганізацыі ААТ “П-з “Дусаеўшчына” Часлава Грыгаровіч. “На гэтым месцы тады быў васьмікватэрны жылы дом. Самым ранкам, калі трымаўся густы туман, фашысты прыехалі ў вёску і сагналі ў яго 64 чалавекі, з якіх палова — дзеці, — словы Чаславы Феліксаўны разразалі паветра, нібы пераносілі ў той злашчасны дзень. — Прывезлі дзве параконкі саломы і падпалілі іх зажыва. Гэта было жудасна: крыкі маці, дзяцей…” Памяць пра бязвінна загінуўшых жыве ў сэрцах нашчадкаў. Так і павінна быць! Яшчэ адзін доказ таму — пісьмо Людмілы Пятровай, выхавацеля Капыльскай дапаможнай школы-інтэрната, якое днямі прыйшло на адрас рэдакцыі. Людміла Вячаславаўна распавядае пра в. Рулёва, трагічны лёс, што напаткаў яе ў гады вайны. Разам з выхаванцамі школы-інтэрната яна пабывала на месцы трагедыі, якая адбылася 3 лютага 70 гадоў таму. “Рулево — деревня, разделившая судьбу Хатыни. Спроси — и каждый воспитанник копыльской школы-интерната расскажет о горькой участи этой деревни, сожженной в годы войны вместе с жителями”, — чытаем у лісце. Капыльскі раённы краязнаўчы музей. Менавіта тут і завяршылася вахта памяці. Вялікая Айчынная вайна — трагедыя ХХ стагоддзя. З гэтым нельга не згадзіцца. Асабліва калі знаёмішся з фота, апублікаванымі ў літоўскім часопісе “Швітурыс” за 1967 год. Здымкі ў час вайны зрабілі самі фашысты, расказала дырэктар Валянціна Шуракова. Вісельні, расстраляныя жыхары… Фотадакументы сведчылі пра зверствы катаў… у Капылі. Гледзячы на старонкі перыёдыкі, проста сціскаецца сэрца. Такія трагічныя старонкі гісторыі неабходна ведаць, асабліва маладому пакаленню. І не толькі трагічныя. Больш ведаць пра сваю радзіму — значыць больш яе любіць. Удзельнікі вахты памяці прыйшлі да высновы, што мерапрыемствы з удзелам розных пакаленняў, як кажуць, ад малога да вялікага, успрымаюцца па-асабліваму, прымушаюць з павагай ставіцца адзін да аднаго. Такую выхаваўчую работу вырашылі працягваць і надалей. Памятаць, ведаць — значыць жыць… Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей