Са шчырымі віншаваннямі да педагогаў, вучняў школы звярнуліся першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк, намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, намеснік дырэктара Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Ганна Аверына, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Міхайлоўская, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Камёнка, старшыня Слабада-Кучынскага сельвыканкама Нэллі Гусева, дырэктар ААТ “Старыца-Агра” Уладзімір Рудакоўскі, галоўны ляснічы Старыцкага лясніцтва Уладзімір Занкевіч, былы выпускнік Старыцкай СШ, а цяпер дырэктар Быстрыцкай СШ Мікалай Трус. І прыехалі яны на свята, як гэта і павінна быць, з падарункамі. У іх ліку камп’ютарны клас і мультымедыйная ўстаноўка, інтэр- актыўная дошка і камп’ютар, фотакамера і гукаўзмацняльная апаратура, ксеракс і магнітафон і інш. Усё гэта, безумоўна, дапаможа ўзняць працэс навучання і выхавання ў школе на больш высокі ўзровень.
Вельмі цікавым быў невялікі экскурс у гісторыю, які суправаджаўся паказам слайдаў на вялікім экране. Прысутныя даведаліся, што першае ўпамінанне пра школу, як цэнтр адукацыі, адносіцца да канца 19 стагоддзя: у “Памятнай кніжцы Віленскай вучэбнай акругі на 1877 г.” значыцца Старыцкае народнае вучылішча. Яно адкрылася ў 1863 годзе, размяшчалася ў прыватным доме. Адным з першых настаўнікаў быў Георгій Сцяпанавіч Зянюк, які заступіў на службу з верасня 1874 года, свяшчэннік Стэфан Мацвеевіч Стаховіч выкладаў Закон Божы з 15 снежня 1863 года. Напярэдадні Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Старыцы была царкоўнапрыходская школа (на месцы цяперашняга клуба), затым у 1917 годзе ў памяшканні былой царквы арганізавалі трохкласную пачатковую школу. Школьнае жыццё было цікавым і шматгранным. У гэты час была створана піянерская арганізацыя, з’явіліся піянерскія атрады. Адной з першых важатых была Таісія Стушынская. Але грымнула Вялікая Айчынная вайна. У чэрвені 1941 года пасля першага Старыцкага бою школа разам з параненымі чырвонаармейцамі, якія там знаходзіліся, была спалена нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пасля Вялікай Перамогі навучанне дзяцей у Старыцы вялося ў памяшканні малочнатаварнай фермы. Яна мела чатыры класы, займала два пакоі. Парт не было, за сталамі сядзелі па чатыры вучні. Не мелі і падручнікаў — чытаць дзеці вучыліся па аркушах газет. З успамінаў А. П. Кучынскай (Шпакоўскай), якія запісалі вучні Старыцкай СШ: — У 1944 годзе мне было дванаццаць, і я пайшла ў першы клас. Вучыла нас Аляксандра Паўлаўна Малашэвіч. Мы пісалі на лістах кардону. У школе нас не кармілі, даводзілася браць з дому вараную бульбу, высушаныя буракі. Запомнілася святкаванне Новага года: мы самі майстравалі цацкі для навагодняй ёлкі са спісанай паперы. Радаваліся падарункам — хлебным сухарам. [caption id="attachment_24642" align="aligncenter" width="443" caption="Адзінаццацікласнікі Старыцкай СШ"][/caption]У 1958-м пачалося будаўніцтва Старыцкай васьмігодкі, якую ўзначаліў Рыгор Міхайлавіч Паляшчук. З’явілася спартыўная пляцоўка, школа папоўнілася вучэбнымі дапаможнікамі і нагляднымі матэрыяламі і пачала жыць паўнакроўным жыццём. Першы выпуск адбыўся ў 1963 годзе. У 1967-м яна была рэарганізавана ў сярэднюю школу.
Шмат цёплых слоў прагучала ў гэты вечар у адрас былых кіраўнікоў школы — Рыгора Палешчука, Аліны Ліннік. Аліна Іванаўна з ахвотай падзялілася ўспамінамі пра гады сваёй работы ва ўстанове адукацыі, якая стала для яе сапраўды другім домам, выказала самыя сардэчныя пажаданні былым калегам і вучням, сённяшняму калектыву. Са словамі шчырага прызнання звярнуліся да сваіх настаўнікаў былыя выхаванцы школы — цяпер ужо дарослыя людзі, якія знайшлі сябе ў гэтым жыцці. Яны дзякавалі роднай школе, што яна навучыла іх жыць, працаваць і сябраваць. Падчас святочнага мерапрыемства гучала шмат цудоўных музычных нумароў у выкананні вучняў, педагогаў, выпускнікоў школы. Адным з самых запамінальных момантаў свята стала запальванне прадстаўнікамі розных пакаленняў свечак Дзяцінства, Юнацтва, Сталасці, Дружбы, Веры, Надзеі, Памяці… Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара
Комментарии