У сельгаспрадпрыемствах Капыльшчыны пад ураджай 2013 года засыпана 3883 тоны насення збожжавых і зернебабовых культур.
Паводле слоў начальніка Капыльскай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Валянціны КУХАРЧЫК, у агульнай засыпцы 7,2% складае насенне вышэйшых рэпрадукцый, 76,8% — першай, астатні пасяўны матэрыял — другой і больш нізкай рэпрадукцый. Улічваючы, што перад гаспадаркамі раёна стаіць задача сеяць толькі насеннем, якое мае не ніжэй за першую рэпрадукцыю, неабходна набыць 500 тон насення эліты. Для засявання запланаванай плошчы ў 500 га грэчкай патрабуецца яшчэ 32 тоны насення гэтай культуры.
Валянціна Уладзіміраўна адзначыла, што з вялікай адказнасцю да насення, як асновы будучага ўраджаю, адносяцца ў ЗАТ “Жыліхава”, дзе ўжо набыта 14,7 тоны эліты ячменю. Дарэчы, у раёне вырошчваецца 12 гатункаў гэтай культуры, шэсць з якіх з’яўляюцца піваварнымі — Бровар, Атаман, Талер, Стратус і інш. Самую пільную ўвагу на паляпшэнне рэпрадукцыйнага складу насення яравых зерневых культур, па меркаванні начальніка інспекцыі, неабходна звярнуць кіраўніцтву і агранамічнай службе ААТ “Праснакі”.
150 тон насення эліты ячменю могуць прапанаваць гаспадаркам раёна ў элітгасе ААТ “Ціміразеўскі”, дзе напрыканцы мінулага года быў здадзены ў эксплуатацыю комплекс па ачыстцы і дапрацоўцы зерня. Насенне бульбы розных тэрмінаў паспявання высокіх рэпрадукцый можна набыць у яшчэ адным эліт-гасе — ААТ “Старыца-Агра”, дзе ўжо падрыхтавана да рэалізацыі 1000 тон. У гаспадарцы вырошчваецца 12 гатункаў гэтай культуры — Лілея, Бриз, Рагнеда, Журавінка, Фальварак і інш.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии