Шчыра кажучы, на сустрэчу з Ганнай Іванаўнай Сланімскай — сведкай жудасных падзей у лютым 1943 года ў в. Жавулкі — ісці было цяжка. Немагчыма проста слухаць тыя жахлівыя гісторыі – іх трэба перажыць разам з жанчынай. А ці магчыма перажыць ТАКОЕ?!
“Вёска Жавулкі да вайны была вялікая. Нават тратуары зроблены былі. Вельмі прыгожы стаяў клуб, дзе ў мірны час іграў духавы аркестр, я і кіно там яшчэ глядзела, балкон памятаю. У нашай вёсцы і радзільны дом працаваў, і дзіцячы сад, у якім дзяцей адзявалі ў аднолькавае адзенне: хлопчыкаў – у сацінавыя касцюмчыкі сіняга колеру, а дзяўчат – у бела-зялёныя сукеначкі з кветачкамі”, –
праз слёзы дзеліцца ўспамінамі аб мірным жыцці суразмоўца. Пра тое, што перажыла яна, будучы адзінаццацігадовай дзяўчынкай, успамінае даволі часта: “Бывае, ноччу не сплю, усё перадумаю. Як зваліся, колькі дзяцей у каго было. Кожнага памяну”.
Першая сустрэча сям’і Кузьміч (дзявочае прозвішча Г. І. Сланімскай) з фашыстамі адбылася недзе на другі дзень пасля пачатку вайны: у вёску яны прыехалі на матацыклах і адразу пачалі весці сябе брыдка, абуральна. Нечым спадабалася ім хата Кузьмічоў, бо, выгнаўшы з дому гаспадароў, карнікі размясцілі ў ёй штаб. А маленькі брат Толік аднойчы змудраваў і выкраў жалезны кубачак. Як тады ўсе перапалохаліся! Але нічога, абышлося. А той кубачак перажыў і пажарышча, нават пасля вайны яшчэ быў.
“У сям’і нашай было пяцёра дзяцей: Фаня, Міша, Толік, На-дзя і я, –
Ганна Іванаўна звярнулася да мінулага. – Мы былі партызанскай сям’ёй, таму, калі прыйшлі немцы, нас ніхто не хацеў пускаць да сябе: баяліся. Карнікі прыйшлі, і ўсе людзі паўцякалі, а потым пачалі пакрыху вяртацца. Бо так было: хто ўцёк, дык усё дабро пазабіралі ў іх, а хто не ўцякаў, дык у таго нічога не бралі. А немцы ўжо нікога не выпускаюць. Мама, Кузьміч Агата Германаўна, думала, што калі аддасць дзяцей да іншых людзей, то такім чынам выратуе іх. Але выйшла інакш…”
Ганна Іванаўна паціху выцірае слёзы: “Браціку было 10 гадкоў, ён хаваўся ў другой хаце, як і вырашыла мама. А немцы прыйшлі і забілі яго і ўсіх, хто там быў. Толік, як прадчуваў, што чакае яго нешта нядобрае. Казаў, што калі будзе падаць з неба камета на яго хату, ён пойдзе да сябра, а калі на хату сябра, то пойдуць да Толіка. Вельмі жыць ён хацеў… А тата напярэдадні сасніў, што выкапалі дзве ямы. Так і адбылося, –
Ганна Іванаўна на некаторы час змаўкае. І зноў, праз слёзы. – Загінула і сястра На-дзя, ёй было 17 гадоў. Усё жыццё мама плакала, што параскідала дзетак па хатах, але не выратавала іх. З гэтым болем і пакутавала астатняе жыццё”.
“Тата, Кузьміч Іван Трафімавіч, хаваўся ў гумне, –
Ганна Іванаўна працягвае ўспаміны. – Там і конь стаяў. Прыйшлі немцы, каня забралі, а гумно падпалілі. Тата вырашыў, што дзверы замкнуты, і яму ўжо не выратавацца. Узяў рэмень, закінуў за бэльку: павесіцца хацеў, каб не мучыцца. Але тут дзверы раптам адчыніліся: аказалася, карнікі іх не замкнулі. Так пад покрывам дыму і ўцёк. Сястра мая Фаня нядаўна нара-дзіла, дзіцяці было два тыдні. Яго ўжо потым і спавівалі ў лесе, дзе хаваліся. Мама была ў хаце, калі немцы стукаліся ў вокны, пагражалі. Потым немец пераключыў увагу, і мы паспелі ўцячы і схавацца на гары. Прыбеглі мы з мамай да нейкай жанчыны на гумно, яна замкнула нас і пайшла. Потым прыйшлі немцы, збілі замок і падпалілі гумно. Мы і хрысціліся, і маліліся. Мама казала, каб я адбіла дошчачку, але не атрымалася ў мяне. Тады мы разам прыгнулі праз агонь. Добра, што толькі адзенне падпалілі, а самі выратаваліся. На клубе стаяў кулямёт, з якога стралялі па тых, хто імкнуўся выратавацца. Калі мы падымаліся ісці, тут ён і стракатаў. Неяк дапаўзлі да лесу. Там і перачакалі. Кожную хату, у якой немцы пастралялі жыхароў, тут жа падпальвалі”.
Ганна Іванаўна ўздыхае (цяжка даюцца ёй успаміны): “Прыйшла ў Жавулкі нейкая жанчына муку змалоць, ды не паспела вярнуцца да прыходу немцаў. Каля хаты знаёмай, да якой яна прыйшла, гыргыталі фашысты. Аднак у хату заходзіць баяліся. Вызывалі мужчын і тут жа, у сенцах, стралялі. Астатнім крыкнулі: “Лажы-ы-ысь!” і тады з кулямёта пачалі страляць. Пасля ўжо ўвайшлі ў хату, каб забраць усё, што можна. Нейкаму гаду спатрэбіўся рушнік, ён і палез па яго ды наступіў на руку той жанчыне (у яе выпадкова не трапіла куля). Потым азірнуўся, паглядзеў, што ўсе ляжаць у крыві, і пайшоў, дабіваць нікога не стаў. А жанчына тая крыху пазней уцякла”.
“Мая сяброўка Жэня ўспамінала, як яны з дзецьмі забеглі ў хлеў, схаваліся, –
суразмоўца цяжка ўздыхае. – А тут дзіця, маленькая Анька, заплакала, немец вярнуўся і застрэліў яе. Жэнька стаіць, а немец, палажыўшы аўтамат на руку, строчыць і строчыць у яе бок. Уся хустка была прастрэленая, а дзяўчына – жывая. Вось як бывае ”.
“Пархомчыкаву хату таксама наведалі фашысты. Сярод іншых у калысцы там было малое дзіця. Спачатку яму паранілі ручку, –
Ганна Іванаўна паказвае, як сядзела гэтае дзіця, звесіўшы параненую ручку з калыскі (гэта яны ўбачылі ўжо потым, калі вярнуліся, каб пахаваць забітых), – а пазней і дабілі. Мы яго палажылі да мамы”.
“На ноч хадзілі ў суседнія вёскі, днём знаходзіліся ў лесе. Старыя мужчыны, якія таксама выратаваліся, наламалі лапак елак, на іх і ляжалі, –
відаць, што кожны эпізод успамінаў Ганна Іванаўна перажывае быццам упершыню. – Людзі далі нейкіх лахманоў, яны і былі замест адзення. Потым жылі ў лазні, дзе пабудавалі мо з пяць печак для кожнай сям’і. Нават, памятаю, як у лазні памёр партызан, які быў паранены. Прывозілі і забітых. Мы іх пахавалі ў садзе, а потым перанеслі ў брацкую магілу, што ў Пацейках. Праз некаторы час, калі троху пацішала, сталі хадзіць на пажарышча, разгрэбвалі, знаходзілі рэшткі родных і знаёмых, хавалі. Знайшлі тое, што засталося ад татавай сястры Клімчэні Кацярыны, пахавалі на могілках у Чырвонай Горцы, пазней паставілі помнік. Адных хавалі там жа, другіх – у Жавулках. Аднойчы пайшла мама разгрэбваць пажарышча ды доўга не прыходзіла. Я спалохалася, пайшла за ёю. Прыходжу і бачу: поўзае мама па тым, што раней было нашай хатай, шукае, грабе. Знайшла кусок швэдара, які ў той дзень быў на Надзі, а тканіна тая цэленькая, зусім не апаленая, –
старая жанчына далонямі паказвае, якога памеру быў той кавалачак. – Многіх хавалі тут жа, на пажарышчах. Зіма, снегам заграбеш тое, што некалі было чалавекам, а назаўтра бачыш – усё зноў на паверхні: лісы ці ваўкі за ноч паразграбалі.
Сярод карнікаў і свае, мясцовыя, былі і, мабыць, “бандэраўцы”: акцэнт у іх быў украінскі. Недзе ў 60-я гады прывозілі аднаго гада да нас у вёску на апазнанне, –
тут голас Ганны Іванаўны нібы наліваецца ноткамі гневу. – Мама аднаго пазнала, хацела падысці і стукнуць яго. І Ніна Фурманава таксама пазнала яго і кажа: “І ты быў!” А ён стаіць і не адмаўляецца. Толькі дзіву даецца: як калгас змяніўся!”
Надрукаваўшы апошні сказ, я стаўлю кропку. Але ва ўспамінах Ганны Іванаўны Сланім-скай, як і іншых сведкаў тых жудасных падзей, нельга паставіць кропку. Як нельга выкінуць з памяці народнай той страшны люты 1943 года.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии