Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

51

Дзе губляецца малако?

04.02.2013
Адказ на гэта пытанне шукалі члены мабільных груп, створаных у райсельгасхарчы. Дванаццаць сельгаспрадпрыемстваў раёна трапілі пад пільную ўвагу з боку трох мабільных груп, створаных згодна з распараджэннем старшыні райвыканкама ва ўпраўленні райсельгасхарчу. У іх ліку ААТ “Мажа-Агра”, “Старыца-Агра”, “Капыльскае”, “Семежава”, “Праснакі”, “Прагрэс 2010”, сельгасфіліялы “Крыніца” і “Браткава”, КСУП “Доктаравічы” і “Саўгас “Лясное”, РСУП “С “Прамень”, ф-л “В. Раёўка”. Прычынай гэтаму стала зніжэнне валавой вытворчасці малака ў студзені 2013 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2012 г. Днямі разам з мабільнай групай, якую ўзначальвае першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк, давялося наведаць малочнатаварныя фермы ў ААТ “Мажа-Агра” і СГФ “Крыніца”. У ААТ “Мажа-Агра” зменшылі валавы надой малака за месяц прыкладна на 400 кг. Паводле меркавання галоўнага заатэхніка гаспадаркі Аляксандра Рабцэвіча, асноўнай прычынай недаатрымання прадукцыі стала змяшчэнне тэрмінаў ацёлу кароў. У якасці прыкладу Аляксандр Уладзіміравіч прыводзіць наступныя лічбы: калі летась у студзені на МТФ “Вусава” расцялілася 40 галоў, то сёлета — толькі 7. У снежні ж мінулага года ўсяго 8 кароў далі прыплод. Затое ў лютым павінна расцяліцца 36 кароў, у сакавіку — 44. Менавіта гэта дасць магчымасць значна палепшыць сітуацыю. Падтрымлівае меркаванне галоўнага спецыяліста і загадчыца гэтай фермы Вера Чаркас: “Мы абавязкова ліквідуем адставанне і для гэтага прыкладваем усе намаганні. Каровы атрымліваюць раніцай па 13 кг сенажу, па 2 кг канцэнтратаў, увялі ў рацыён па 10 кг бульбы. Апоўдні прыязджае кормараздатчык, і пакуль жывёла на прагулцы, у кармушкі насыпаюць па 18 кг кукурузнага сіласу кожнай і другую порцыю канцэнтратаў. Увечары недаедзены сілас прыпраўляецца патакай, да таго ж навацельныя і высокаўдойныя каровы атрымліваюць трэцюю порцыю камбікорму. Увесь час у паілках ёсць вада, жывёла атрымлівае бялкова-вітамінныя дабаўкі (БВД). Словам, стараемся, каб статак быў своечасова накормлены і напоены”. Сцвярджаючы, што сітуацыя з надоямі на ферме паправіцца, Вера Чаркас, напэўна, мае рацыю, паколькі тут па выніках мінулага года павялічылі надой ад адной каровы на 990 кг — атрымалі 5021 кг супраць 4031 кг у 2011 годзе. Тры даяркі — Ганна Лук’янчык, Ірына Бякешка і Валянціна Русаковіч — пераўзышлі пяцітысячны рубеж і дабавілі больш, чым па 1000 кг на карову. Набліжаецца да іх і маладая даярка Жанна Саковіч, якая на першацёлках атрымала 4233 кг. Гэтае дае падставу быць упэўненымі, што працаваць тут умеюць і гадавое заданне атрымаць 5110 кг ад кожнай каровы (988 тон па вале) выканаюць. На МТФ “Мажа”, калектыў якой узначальвае Таццяна Сямашка, ужо дояць па 11 кг малака штодня і перавысілі свой мінулагодні рэзультат па вале на 400 кг. У такім напрамку плануюць працаваць і далей. Тут палепшыліся ўмовы ўтрымання кароў, паколькі была праведзена рэканструкцыя жывёлагадоўчага памяшкання. Ад былога будынка засталіся толькі сцены, быў зроблены новы дах, заменена даільнае абсталяванне, сістэма водапаення і гноявыдалення. Зараз вядуцца работы па мадэрнізацыі былой птушкафермы. Як расказаў галоўны заатэхнік, там будзе бяспрывязна ўтрымлівацца 400 кароў, плануецца паставіць даільную залу “Ферабокс”, пад якую ўжо амаль збудавана памяшканне. Дарэчы, сёлета, згодна з рашэннем райвыканкама, ААТ “Мажа-Агра” на рэканструкцыю МТФ выдзелена 620 мільёнаў рублёў з бюджэту, што, безумоўна, дазволіць актывізаваць вядзенне работ і завяршыць іх, згодна з планамі, да кастрычніка бягучага года. Галоўны заатэхнік упраўлення райсельгасхарчу Таццяна Гарбуз падвяла вынікі наведвання ААТ “Мажа-Агра”: “У сераду, 30 студзеня, з раніцы мы аб’ехалі тры малочнатаварныя фермы: “Чырвоны Партызан”, “Вусава” і “Мажа”. Можна адзначыць, што кармленне дойнага статка ў гаспадарцы арганізавана ўжо з 6 гадзін раніцы, дойка пачалася своечасова. Разлічаны і выконваецца рацыён кармлення. Закончыўся шрот (на працягу двух дзён яго павінны завезці), таму каровам дабавілі па 1 кг канцэнтратаў і па 10 кг бульбы, даюцца мінеральныя дабаўкі. Няма праблем і з водапаеннем. Добра выглядаюць і цялушкі, і маладняк. Выдзелены сухастой, для якога абсталявана асобнае памяшканне з магчымасцю вольнага выхаду ў выгульны двор. Лічу, што па ўтрыманні жывёлы асаблівых заўваг няма. Іншая справа, што зрушыліся расцёлы, і таму адбыўся спад малака. Ёсць надзеі на паляпшэнне сітуацыі”. Зусім з іншым настроем члены мабільнай групы вярнуліся з СГФ “Крыніца” падчас наведвання МТФ “Слабада-Кучынка”. За мінулы месяц тут недаатрымалі па вале больш за паўтоны малака. І хаця галоўны заатэхнік гаспадаркі Марына Баран таксама спасылалася на тое, што зрушыліся ацёлы кароў, думаецца: гэта прычына не з’яўляецца асноўнай. “Вы не корміце і не поіце як след жывёлу!” — такі вывад зрабіла кіраўнік мабільнай групы Ірына Кісляк. — І таму яна не дае малака”. Тая колькасць кармоў, якую мы ўбачылі ў кармушках (паездка адбылася ў аўторак, 29 студзеня, падчас вячэрняй дойкі) — жменька сіласу, прысыпаная зверху шматком сена — пры поўнай адсутнасці вады ў паілках дае поўную падставу для такога вываду. А калі яшчэ дабавіць, што  за  дзень  не здолелі нават вычысціць гной з-пад кароў, і гэта пры тым, што яны былі на прагулцы… У адказ на ўсе заўвагі з вуснаў галоўнага заатэхніка чулася толькі: “Выправім. Па магчымасці выправім…” Хацелася б у гэта верыць… Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей