У раёне поўным ходам ідзе рамонт трактароў, прычапных агрэгатаў і сеялак да вясенняй пасяўной кампаніі. Як будзе падрыхтавана сельскагаспадарчая тэхніка ў гэты перыяд, такім фактычна будзе і ўраджай бягучага года. Гэту простую ісціну добра ведаюць у адкрытым акцыянерным таварыстве “Прагрэс 2010”.
[caption id="attachment_24400" align="aligncenter" width="443" caption="Механізатары Вячаслаў Тукай і Аляксандр Дубовік рамантуюць пагрузчык."]
[/caption]
Яшчэ з лістапада мінулага года, як толькі тэхніка была пастаўлена на захоўванне, пачалася работа па яе рамонце. У сельгаспрадпрыемстве налічваецца 23 трактары, 3 пагрузчыкі, 6 абаротных плугоў. Як паведаміў галоўны інжынер гаспадаркі Мікалай Кандраценка, за апошнія пару гадоў тэхнікі набыта шмат: 2 дыскатары, 2 шасціметровыя пасяўныя агрэгаты, французскія раскідвальнікі мінеральных угнаенняў і інш. Нягледзячы на даволі вялікі машынна-трактарны парк, у ААТ “Прагрэс 2010” практычна ўся тэхніка падрыхтавана да вясенняй сяўбы. Неабходна толькі давесці да ладу некаторы прычапны інвентар. “Спецыялісты разумеюць, што, перш чым выйсці ў поле, неабходна адрамантаваць плугі, дыскатары, культыватары, камбінаваныя глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, — тлумачыць Мікалай Васільевіч. — Мы пачалі з рамонту АКШ. Практычна ўжо гатовы да работы і шасціметровыя дыскатары АДН-3”. Дарэчы, гэты агрэгат выкарыстоўваецца для перадпасяўной апрацоўкі глебы па энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогіях пад збожжавыя, тэхнічныя і кармавыя культуры, а таксама для паляпшэння сенажацей і пашаў.
[caption id="attachment_24401" align="aligncenter" width="299" caption="В. Шафарэнка"]
[/caption]
У мехмайстэрнях гаспадаркі работа ішла спорна. Вось механізатары Вячаслаў Тукай і Аляксандр Дубовік рамантавалі пагрузчык на базе трактара МТЗ-82. Для больш зручнай работы працоўнае месца абагравала цеплавая “пушка”. Газаэлектразваршчык Мікалай Петручэня даводзіў да ладу прыстасаванне для пагрузкі рулонаў сена, саломы. Дзякуючы ўдасканаленню гэтага інвентару, яго можна будзе ўстанаўліваць на трактар МТЗ-1221. Слесар Віктар Шафарэнка вёў зборку АКШ-6, дзе неабходна было поўнасцю замяніць падшыпнікі. Таксама вёўся рамонт кормараздатчыка і яшчэ аднаго МТЗ-82, у якім са строю выйшла каробка перадач.
[caption id="attachment_24402" align="aligncenter" width="443" caption="М. Кандраценка, М. Петручэня"]
[/caption]
Аграрыяў ААТ “Прагрэс 2010” вясенняя пасяўная знянацку не застане, і важную сельскагаспадарчую кампанію яны правядуць на належным узроўні. Між іншым, такое становішча з падрыхтоўкай тэхнікі можна назіраць не ўсюды. Гэта паказала і праверка, якую нядаўна правялі спецыялісты Мінскай абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду. Большасць гаспадарак выконвае планамерна рамонт тэхнікі, інвентару. Але ёсць і такія сельгаспрадпрыемствы, дзе сітуацыю можна назваць крытычнай. На чарговым пасяджэнні Савета ўпраўлення райсельгасхарчу на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама начальнікам упраўлення райсельгасхарчу Ірынай Кісляк, якое адбылося ў мінулую сераду, былі заслуханы кіраўнікі гаспадарак, якія атрымалі найбольш заўваг. Сярод іх — СГФ “Браткава”, РСУП “Бабоўня”, ААТ “Праснакі”, “Душава”, “Суворава-Агра”, “Малінава” і КСУП “Доктаравічы”. Для выпраўлення сітуацыі засталося зусім мала часу. Кіраўнікі гаспадарак атрымалі папярэджанне аб тым, што рамонт тэхнікі арганізаваны дрэнна. Зразумела, наперадзе яшчэ ёсць крыху больш за месяц. Але калі рухацца такімі тэмпамі, то пасяўную кампанію яны не змогуць правесці ў сціслыя тэрміны. Ім быў дадзены тэрмін — два дні для арганізацыі адпаведных работ, рэкамендавана разгледзець пытанне адпаведнасці займаемай паса- дзе галоўных інжынераў. На кантролі Савета ўпраўлення застаецца і атрыманне маладняку. У прыватнасці, СГФ “Браткава” і ААТ “Праснакі” толькі напалову выконваюць план па расцёлах кароў. На выпраўленне сітуацыі спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў дадзены тыдзень. А пасля спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарчу туды зноў выедуць з праверкай.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии