Веды і навыкі, атрыманыя падчас заняткаў у Марыны Аўсяннікавай, педагога Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна, абавязкова спатрэбяцца ў жыцці. Нават калі яе выхаванцы не стануць прафесійнымі мастакамі, то змогуць самастойна з густам стварыць мадэль адзення або аконных фіранак, нанесці макіяж. Прыгажосць не мае межаў!
Знайсці клас у СШ №3 г. Капыля, у якім праходзяць заняткі па выяўленчым мастацтве пад кіраўніцтвам Марыны Аўсяннікавай, было лёгка: па калідоры здалёк чулася музыка. Менавіта меладычныя гукі, як нельга лепш, спрыяюць творчасці. Тут, у звычайнай школе, заняткі праходзяць па просьбе дзяцей, бо далёка хадзіць у сам Цэнтр, асабліва ў зімні час. Адчыніўшы дзверы класа, я пачула не толькі гукі плэера, але і галасы дзяўчат, якія, падпяваючы, старанна малявалі.
У класным пакоі, які на час стаў студыяй, сабраліся тыя, каму падабаецца ствараць прыгажосць вакол сябе. Сярод іх браты Сяргей і Аляксандр Саладуха, Кацярына Уласавец і інш. У сям’і Саладуха 6 братоў. Старэйшы Данік, дарэчы, у мінулым годзе паступіў у Нясвіжскі педагагічны каледж на спецыяльнасць «Дызайн». Сяргей ужо зараз дэманструе высокія вынікі, удзельнічаючы ў разнастайных конкурсах. У яго партфоліа ўжо ёсць Дыплом ІІ ступені за ўдзел у абласным этапе конкурсу малюнкаў «Бяспечная праца маіх бацькоў - мая шчаслівая будучыня!» У мінулым годзе ён атрымаў Дыплом ІІ ступені таксама на абласным узроўні конкурсу “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. У рэспубліканскім конкурсе-выставе дзіцячых малюнкаў, прысвечаным 130-годдзю з дня нараджэння Я. Коласа і Я. Купалы “Пад сінім небам”, творчыя работы Аляксандра і яшчэ пяці капылян былі ўзнагароджаны Дыпломамі І і ІІ ступеняў. У творчым спаборніцтве “Скажам СНІДу – НЕ!” хлопчык атрымаў Дыплом ІІ ступені.
– Ды наогул, – абводзіць рукой клас Марына Станіславаўна, – у нас усе дзеці таленавітыя: і Каця Жук (яна яшчэ і танцуе, і спявае, і вядучая цудоўная), і Каця Уласавец атрымала Дыплом І ступені ў раённым этапе конкурсу “Скажам СНІДу – НЕ !” Зараз адправілі работы для ўдзелу ў конкурсе дзіцячага малюнка “АрхНавацыя”, для якога Сяргей намаляваў праект Лядовага палаца ў г. Капылі. Чакаем вынікаў.
– Мы б і ў міжнародных конкурсах прымалі ўдзел, але… – тут Марына Станіславаўна задумваецца. – Каб крыху лепшай была матэрыяльна-тэхнічная база. Фарбы хацелася каб былі лепшыя, і аркушы прафесійнай паперы ў нас вельмі цяжка купіць. У стацыянарнай майстэрні, што знаходзіцца ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, мы малюем на мальбертах.
Пра тое, што педагог працуе самааддана, сведчыць штогадовае, на працягу ўжо 13 гадоў, паступленне яе выхаванцаў ва ўстановы, якія даюць прафесіі мастацкай накіраванасці: Настасся Ляўко паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы на факультэт мастацтва і дызайну, Зарына Кудзёлка хутка скончыць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии