У ААТ “Ціміразеўскі” быў уведзены ў дзеянне комплекс па ачыстцы і дапрацоўцы насення сельскагаспадарчых культур
Работы вяліся ў рамках Праграмы развіцця селекцыі і насенняводства збожжавых, зернебабовых, тэхнічных і кармавых культур у 2008—2013 гадах. Летась, згодна з патрабаваннем Прэзідэнта, у рэспубліцы неабходна было завяршыць будаўніцтва 40 сучасных насенняводчых комплексаў, 13 з якіх прыходзіліся на долю Мінскай вобласці. Сярод сельгаспрадпрыемстваў, якія цяпер змогуць у сціслыя тэрміны правесці пасляўборачную дапрацоўку насеннага матэрыялу, аказаць паслугі не толькі сельгаспрадпрыемствам Капыльшчыны, але і іншых раёнаў, і насенняводчая гаспадарка — ААТ “Ціміразеўскі”.
Паводле слоў дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства Аляксандра Турбана, комплекс здольны перапрацаваць за гадзіну 5 тон зерня, а значыць за досыць кароткі зімовы дзень давесці да ладу 25—27 тон. А калі зерневы паток накіраваць на лінію пратручвання, то можна атрымаць гатовае да сяўбы насенне. Пакуль жа зерне затарваецца ў біг-бэгі (спецыяльныя мяккія поліпрапіленавыя мяшкі-кантэйнеры) і дастаўляецца на склад.
А будаваўся насеннеачышчальны комплекс сваімі сіламі – было цалкам рэканструявана памяшканне былога кармацэха.
Узята ў лізінг сучаснае абсталяванне (на 6 млрд 200 млн руб.), набыты вілачны пагрузчык. Днямі з работай комплексу пазнаёміліся кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Капыльшчыны
(на здымку). Некаторыя з іх, адразу ўбачыўшы магчымасць скарыстацца паслугамі ААТ “Ціміразеўскі”, узялі навінку на заметку.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии