Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

Здарова жыць здорава!

23.01.2013
Імкненне да перамогі і сілу духа прадэманстравалі ўдзельнікі зімовай раённай спартакіяды работнікаў аграпрамысловага комплексу, прымеркаванай да святкавання 75-годдзя з дня ўтварэння Мінскай вобласці, якая прайшла ў мінулую суботу на фізкультурна-аздараўленчым комплексе г. Капыля. Урачыстае адкрыццё спаборніцтва адбылося ля ўваходу на ФАК. Яго ўдзельнікаў віталі  старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Віктар Васілеўскі. У прыватнасці, Анатоль Іосіфавіч павіншаваў спартсменаў са святамі (а акрамя спартыўнага, у гэты дзень адзначалася і вялікае праваслаўнае — Вадохрышча), пажадаў моцнага здароўя і высокіх спартыўных дасягненняў. Гучыць мелодыя гімна Рэспублікі Беларусь. Усе ўдзельнікі спартыўнага свята скіроўваюць свае позіркі на Дзяржаўны Флаг, які падымаецца па флагштоку. Спаборніцтвы аб’яўляюцца адкрытымі. Усяго ў спартакіядзе прынялі ўдзел 27 каманд: прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна, абслуговых арганізацый, філіяла ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”, упраўлення райсельгасхарчу. Праграма была даволі насычаная: спартсменам-аматарам неабходна было прадэманстраваць свае спрытнасць, сілу, хуткасць, а самае галоўнае — імкненне да перамогі ў плаванні, скачках праз скакалку, падыманні гіры, штрафным кідку ў баскетбольнае кольца, дартсе і камбінаванай эстафеце. Ацэньваліся як асабістыя дасягненні, так і каманднае выступленне, таму вядомы дэвіз: “Адзін — за ўсіх і ўсе — за аднаго” працаваў сама лепш менавіта ў сапраўды дружных, згуртаваных камандах. Першымі выйшлі на старт удзельнікі адразу трох відаў спорту: у вялікім басейне разгарнуліся спаборніцтвы на лепшага плыўца (як сярод мужчын, так і сярод жанчын), спартыўную залу дзялілі атлеты, якія дэманстравалі сваю сілу, “забаўляючыся” з дзвюма 24-кілаграмовымі гірамі, і дзяўчаты, якія лёгка, нібы пушынкі, узляталі ў паветра са скакалкамі ў руках. Калі ў першым спаборніцтве вялікую павагу выклікала сіла і настойлівасць, з якой мужчыны змагаліся з такім складаным снарадам, то ў другім — захапляла імклівасць, з якой круціліся скакалкі. Здавалася, што дзяўчаты амаль не дакранаюцца зямлі, а проста лунаюць у паветры. Аднак, нягледзячы на старанні абсалютна ўсіх удзельнікаў, на гарачую падтрымку спартсменаў іх балельшчыкамі, усё ж нехта абавязкова будзе лепшым. Так, перамогу святкавалі плыўцы з ААТ “Прагрэс 2010”, на другім месцы апынуліся спартсмены з упраўлення райсельгасхарчу, на трэцім — з Капыльскага філіяла ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”. Лепшую вытрымку і сілу паказаў Андрэй Чэрнік з ААТ “Ціміразеўскі” (падняў гіры 42 разы), на два пад’ёмы менш было на рахунку ў Валерыя Лазарэвіча з РСУП “Бабоўня”, трэцюю прыступку п’едэстала гонару заняў Віталь Ждановіч з ААТ “Семежава”. Лепш за іншых справілася са скакалкай Яўгенія Юхо з ААТ “Капыльскі райаграсэрвіс” (95 скачкоў за 20 секунд), на другім і трэцім месцы апынуліся, адпаведна, Святлана Сухаверхая з ААТ “Суворава-Агра” (92) і Святлана Первая з РСУП “Бабоўня” (89). У спаборніцтве па дартсе ад кожнай каманды ўдзельнічала па два чалавекі (мужчына і жанчына), прычым, адзін з іх павінен быць прадстаўніком адміністрацыі прад- прыемства. Тут перамогу святкавалі прадстаўнікі ААТ “Скабін” (59 ачкоў), следам размясціліся спартсмены з СГФ “Руднае” (55) і ААТ “Душава” (52). Вельмі напружанай аказалася барацьба аматараў баскетбольнага мяча: як мужчынам, так і жанчынам давялося спрачацца за першае месца ў дадатковых падыходах, паколькі была зафіксавана аднолькавая колькасць забітых у карзіну мячоў. Аднак трапнасць Юліі Пыкі з КСУП “С “Лясное” і Мікіты Саваневіча з ААТ “Малінава” прывялі іх да перамогі ў асабістым заліку. Аднак у выніку лепшай стала каманда ўпраўлення райсельгасхарчу, на другой пазіцыі апынуліся спартсмены з ААТ “Малінава”, на трэцяй — з КСУП “С “Лясное”. Самай, бясспрэчна, захапляльнай часткай спаборніцтва была камбінаваная эстафета, для правядзення якой удзельнікі перамясціліся на стадыён. Нават мароз не здолеў астудзіць запал, іскрамётнае жаданне перамагчы і байцоўскі настрой спартсменаў. У эстафеце прымалі ўдзел па чатыры ўдзельнікі (два мужчыны і дзве жанчыны). Стартуючым з салазнікамі ў руках неабходна было прабегчы 150 метраў і скаціцца з гары ўніз, дзе іх ужо чакалі лыжнікі. Праехаўшы чвэрць круга па стадыёне, апошнія павінны былі паказаць свае стралковыя ўменні, трапіўшы з двух патронаў па біятлоннай устаноўцы,  а затым імчацца на перадачу эстафеты. Тут, на краю лядовай пляцоўкі, іх ужо чакалі калегі па камандзе, якім заставалася праз увесь каток давезці на санках напарнікаў і перасекчы лінію фінішу. Тут было ўсяго: воклічы падбадзёрвання балельшчыкаў; дружны вясёлы смех, калі вельмі ўжо цікавым атрымліваўся спуск на салазніках з гары; зламаная лыжная палка і мяккае прызямленне ў снег на дыстанцыі; дарэмныя старанні зарадзіць вінтоўку, паколькі пальцы ўжо пераставалі слухацца спартсменаў, і стрэлы ў “малако”; сапраўдныя “палёты ў невядомасць” на фінішы, калі напарнік так стараўся хутчэй перасячы заветную лінію, што, нібы ракету, шпурляў сяброўку на санках далёка наперад. Словам, усе змагаліся за ачкі так, нібы гэта былі спаборніцтвы накшталт чэмпіянату свету альбо алімпіяды. Лепшымі ў гэтым відзе сталі спартсмены з ААТ “Скабін”, якія пераадолелі дыстанцыю за 2 мінуты 3 секунды, другое і трэцяе месцы падзялілі каманды Капыльскага філіяла ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат” і ААТ “Мажа-Агра”. І ў выніку перамога знайшла мацнейшых. Кубак, Ганаровую грамату і грашовыя прэміі за першае месца ў зімовай раённай спартакіядзе работнікаў АПК заваявала каманда Капыльскага філіяла ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”, другое месца і адпаведныя ўзнагароды — у аматараў спорту з ААТ “Скабін”, на трэцяй прыступцы п’едэстала гонару апынуліся прадстаўнікі РСУП “Бабоўня”. Атрымалі заслужаныя ўзнагароды каманды і спартсмены (пераможцы і прызёры асобных відаў праграмы). Але самае галоўнае, у чым яшчэ і яшчэ раз упэўніліся ўдзельнікі спартакіяды, здарова жыць — здорава! Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей