Народны абрад “Калядныя цары” прайшоў 13 студзеня ў аграгарадку Семежава. Ужо добра вядома, што за ўнікальнай традыцыяй, якая сустракаецца толькі ў гэтай мясцовасці, назіралі і тутэйшыя вяскоўцы, і шматлікія госці, і прадстаўнікі разнастайных СМІ рэспублікі.

Да пачатку абраду ў цэнтры Семежава было даволі ажыўлена: акрамя каляднага кірмашу гасцям свята прапаноўвалі паўдзельнічаць у шматлікіх пацешных конкурсах, паспытаць традыцыйных семежаўскіх страў, духмянай выпечкі. Як заўсёды, народныя калектывы “Спадчына”, “Капыльскія пацехі”, іншыя самадзейныя калектывы сельскіх клубаў, Дамоў культуры забаўлялі вясёлымі песнямі, карагодамі, сцэнамі шчадравання з удзелам пераапранутых, варажбой.
На семежаўскае свята прыехалі турысты, якія зацікавіліся гэтым абрадам, іншымі мясцовымі традыцыямі. Яны таксама наведалі раённы Цэнтр ткацтва, дом-музей Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага.

Як толькі стала змяркацца, удзельнікі свята рушылі бліжэй да тутэйшай установы культуры, дзе перад імі з’явіліся адразу два саставы “Цароў”. У абрадзе, як заўсёды, удзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі, апранутыя ў белыя штаны і кашулі, чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам, крыж-накрыж завязаныя на грудзях кожнага ўдзельніка, на галаве — высокія ківеры (галаўныя ўборы) з рознакаляровымі папяровымі стужкамі. Нават на змярканні здалёк была відаць іх “ваенная выпраўка”. Гэта і не дзіўна — сотні позіркаў сочаць за кожным іх рухам…
Пад прыцэлам фота- і відэакамер яны спяшаліся ў кожную хату, дзе разыгрывалі прыцягальны, але і добра вядомы семежаўцам спектакль. Шчодрыя гаспадары па традыцыі адорвалі “салдатаў” рознымі ласункамі, свойскімі прысмакамі, якія знікалі ў вялікім мяшку калядоўшчыкаў.

Калі на двары падкралася цемра, калядоўшчыкі запалілі факелы. Асабліва для фатографаў (бясспрэчна, і для астатніх гэта таксама відовішча) самым прыцягальным з’яўляецца менавіта гэты момант. Яшчэ доўга ў цемры быў чуцён чаканны страявы крок “Цароў”, якія спяшаліся ў чарговую хату…
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии