Закончыўся 2012 год, які быў годам кнігі. Паўсюдна прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеі. Прыемна, што ён супаў са 130-гадовым юбілеем народных паэтаў, класікаў беларускай літаратуры – Янкі Купалы і Якуба Коласа, на вершах якіх мы вучыліся, раслі, сталелі і працавалі.
[caption id="attachment_24115" align="aligncenter" width="448" caption="У. Коўш (у першым радзе ў цэнтры) з самымі актыўнымі рабселькорамі (здымак канца 60-х гадоў)."]
[/caption]
Першыя школьныя гады
У школу пасля вайны пайшлі вучыцца мы, падлеткі. Школа адкрылася з 3 класа ў Бабоўні. Хадзілі да маразоў босымі. Сядзелі на збітых з дошак лаўках за такімі ж сталамі. Непрывычна ціха патрэбна было слухаць настаўніцу, але вольна і весела ішлі ўжо дадому. Па шасейнай дарозе заходзілі ў лес, дзе чулі і бачылі лясных птушак і жывёл, рвалі спелыя арэхі, восень-скія ягады ажыны. З прыбліжэннем першых замаразкаў у паветры на сонцы лятала белае павуцінне, а высока ў небе клінам з развітальнымі крыкамі адляталі ў вырай жураўлі, гусі, ластаўкі. Дні станавіліся карацейшымі, прыбліжалася зіма. Зімою хадзіць у школу было цяжэй, але, вярнуўшыся, нас цягнула на вуліцу яшчэ пакоўзацца на санках, пакуль бацькі не заганялі ў хату. У першы год мы вучылі літары па кнігах “Азбука”, “Буквар”, на пальцах і палачках лічылі, складалі лікі, вучыліся пісаць у шпалерных сшытках.
У 2 класе мы ўжо пачыналі чытаць “Роднае слова”, рашаць невялікія задачы. Вечарамі мне і брату Колю вучыць урокі дапамагаў бацька, бо маці на прасніцы прала кудзелю або ў калысцы люляла малое дзіця. З газоўкай на стале, патроху разбіраючы склады, мы чыталі і вучылі напамяць верш Я. Коласа “На рэчцы”:
- Мамачка-галубка! -
Просіць сын так міла. -
Можа б ты на рэчку
пагуляць пусціла?
Нам тады было яшчэ невядома, хто такія Янка Купала і Якуб Колас, што ёсць людзі, якія пішуць вершы. Нам бы іх хутчэй вывучыць і бегчы гуляць.
Гэта ўжо пазней мы вывучалі творчы і жыццёвы шлях гэтых паэтаў, якія з дзяцінства пазналі лёс пастушка, сялянкі, рабочага, і пісалі яны не толькі для дзяцей, але і для ўсіх людзей, таму і заслужылі права быць народнымі.
Знаёмства з творчасцю класікаў
Але творчы шлях Янкі Купалы, на жаль, поўнасцю не раскрыўся. Жыццё яго трагічна абарвалася ў 1942 годзе. Якуб Колас перажыў паэта на паўтара дзясяткі гадоў. Нарадзіўшыся ў мнагадзетнай сялянскай сям’і, будучы цесна звязаны з зямлёй, родным краем, Якуб Колас здолеў лёгка, вачыма дзіцяці, а затым сталага чалавека паказаць прыгажосць нашага краю ва ўсе поры года.
Усе людзі, асабліва дзеці, пасля доўгай халоднай зімы чакаюць прыход цяпла вясны. Вось як аб гэтым піша Я. Колас у вершах пра вясну.
Ідзе вясна ўжо, дзякуй Богу,
Птушкі дзікія ляцяць.
Вясковыя людзі летам стараюцца вырасціць і ўбраць ураджай з поля, назапасіць кармоў для жывёлы на зіму.
Ідуць касцы, звіняць іх косы,
Вітаюць буйныя іх росы.
А краскі ніжэй гнуць галовы,
Пачуўшы косак звон сталёвы.
Але праходзіць і вясёлая пара лета. Нагуляўшыся, аддыхнуўшы, дзеці зноў ідуць вучыцца ў школу, вучыць вершы, якія лёгка запамінаюцца, бо ў іх тое, што мы не раз бачылі.
У бязмежным небе
Роўненькім шнурочкам
Жураўлі на вырай
Мкнуцца над лясочкам.
І чамусьці кожнаму з нас, малому і старому, пазіраючы, як адлятаюць у вырай птушкі, як адыходзіць лета, нечага шкода.
І стаіш ты, смутны,
Доўга пазіраеш,
Як бы нешта страціў,
А што – сам не знаеш.
Вечарамі за ўрокамі чытання маці і бацька не раз пыталіся, ці вучым мы вершы Я. Коласа “Доля батрачкі”, “Раніца ў нядзельку”. І калі бацька напамяць пачынаў расказваць, то голас яго неяк мяняўся, мабыць, і ў яго дзяцінства было нялепшае:
Маці ў службу выпраўляе
Родную дзяціну.
Выпраўляючы хавае
Горкую слязіну.
Але голас бацькі весялеў, калі ён нам расказваў верш “Раніца ў ня-дзельку” з вершаванай паэмы “Новая зямля”.
Ад “Новай зямлi” да “На ростанях”
“Новая зямля” – гэта аўтабіяграфічная паэма бацькоўскай сям’і Я. Коласа, гэта энцыклапедыя сялянскага жыцця. Яна не раз друкавалася і раскуплівалася. Таму многія людзі любяць і ведаюць урыўкі з яе. Прывяду адзін прыклад. Калі я ўжо працаваў бібліятэкарам у Лясным, пастаянна да мяне прыходзілі мясцовыя жыхары і моладзь з іншых вёсак, старыя людзі. Аднойчы, у 80-я гады, прыйшоў ваенны А. Жучкевіч з в. Думічы, які служыў недзе ля Адэсы. Ён расказаў, што знаёмы там з многімі беларусамі, якія прасілі яго прывесці з Беларусі кнігу “Новая зямля”. У магазіне кнігі не было, з бібліятэкі аддаваць нельга, але я дапамог яму набыць паэму, якую ён і павёз беларускай дыяспары.
У старэйшых класах у школе мы вучылі “Новую зямлю”. Але асабліва нам падабалася трылогія Я. Коласа “На ростанях”. Дзве аповесці яе мы ў захапленні чыталі, а трэцяя была яшчэ не надрукавана. Нам было цікава, таму што мы заканчвалі сярэднюю школу і былі на раздарожжы жыцця, як і галоўны герой аповесці настаўнік Андрэй Лабановіч. Яго цікавіць усё: дзеці-вучні, людзі, жыццё. Тут да Лабановіча прыходзіць светлае пачуццё кахання да прыгожай кветкі Палесся – Ядвісі.
Закончыўшы школу, дома я даведаўся, што выйшла з друку трэцяя аповесць трылогіі “На ростанях”. На веласіпедзе за 10 км я паехаў у Капыль. У бібліятэцы мне далі невялічкую кніжачку. Я падумаў, што гэта толькі частка трэцяй аповесці, бо раней у друку пісалася, што аўтар хоча правесці галоўнага героя Лабановіча праз усе этапы гісторыі і паказаць, як стаў ён актыўным будаўніком жыцця сацыялістычнага ладу. Едучы дадому, з нецярпення я злез з веласіпеда, сеў ля Ржаўкі на ўзгорку і за гадзіну прачытаў гэтую кніжку. І якое ж мяне ахапіла расчараванне і незадаволенасць. Гэта канец трылогіі? Чаму падзеі аповесці заканчваюцца царскім рэжымам? А дзе ж той сацыялістычны лад жыцця? І чаму аўтар не звёў лёсы каханых Ядвісі і Андрэя Лабановіча? Мне хацелася напісаць пісьмо Я. Коласу, але як і куды? Думаў, калі буду вучыцца ў Мінску, то напішу ці сустрэнуся з Коласам.
Сумная сустрэча
Здаючы экзамены летам 1956 года ў тэхнікуме, я пачуў, што Я. Колас памёр. Доступ і пахаванне адбудуцца заўтра. На наступны дзень, не з’явіўшыся на кансультацыю, я паехаў да Палаца прафсаюзаў. На плошчы ўжо стаяла вялікая чарга людзей, стаў і я. Праз гадзіну ўвайшоў у залу, дзе чуваць была ціхая жалобная музыка, на сцяне вялікі партрэт песняра з чорнай лентай, пасярэдзіне – труна, застаўленая кветкамі. Праходзячы з левага боку, я не ўбачыў твару паэта. Тады я зноў стаў у чаргу і зноў праз гадзіну прайшоў з правага боку, але з-за мноства кветак заўважыў толькі край твару. Едучы на тралейбусе на кватэру, я бачыў, як людзі выходзяць на праспект, каб правесці пісьменніка. На перакрыжаванні праспекта з вуліцай Казлова (тады Даўгаброд-скай) злез і я разам з мужчынамі, падняліся на ўзгорак абочыны (цяпер там Палац мастацтваў). Праз некаторы час паказалася пахавальная працэсія. Ішлі родныя, блізкія, пісьменнікі, дзяржаўныя дзеячы, акадэмікі, людзі неслі вянкі і кветкі. З праспекта працэсія звярнула на вайсковыя могілкі. Беларускі народ развітваўся са сваім паэтам, акадэмікам, дзяржаўным дзеячам.
Назаўсёды ў памяці народнай
Беларусь любіць і ганарыцца народнымі паэтамі Янкай Купалай і Якубам Коласам. Іх творчасць выдадзена поў-ным зборам сачыненняў, асобнымі выданнямі кніг, якія не раз перавыдаваліся. У час сваёй працы бібліятэкарам я бачыў, што многія ведаюць іх творы, чытаюць і перачытваюць. Пры падрыхтоўцы вечароў мы не раз выкарыстоў-валі эпізоды з п’есы Купалы “Паўлінка”, сатырычныя вершы Коласа “Зяць”, “Святы Ян”, “Дзядзька кухар”.
Зарабіўшы ў саўгасе на суботніках грошай, я вазіў моладзь на экскурсіі ў музей на радзіму Янкі Купалы ў Вязынку, у Літаратурны музей Я. Купалы ў Мінску. Ездзілі ў музей на радзіму Я. Коласа ў Мікалаеўшчыну, дзе сустракаліся з яшчэ жывым братам паэта Юзікам, які ведаў напамяць амаль усю паэму “Новая зямля”. Былі ў літаратурным музеі Я. Коласа ў Мінску, дырэктарам якога быў сын паэта Даніла.
Імёнамі паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа ў нас названы некаторыя прадпрыемствы, гаспадаркі, установы, вуліцы. У нашым Капылі таксама ёсць вуліцы, якія носяць імёны Я. Купалы і Я. Коласа. У свой час прыязджаў у Капыль да Ц. Гартнага Я. Купала, выступаў на вечары моладзі ў Народным доме. Потым яны ездзілі да К. Чорнага ў Цімкавічы, чыталі свае вершы ў пагранічнікаў.
Некаторыя вершы пэтаў Я. Купалы і Я. Коласа пакладзены на музыку, іх шчырая лірычная паэзія прыцягвае многіх кампазітараў. Аб гэтым сведчыць песня на словы Я. Купалы “Явар і каліна”, дзе мяккая напеўнасць голаса з музыкай Ю. Семянякі вобразна перадае ідэю бесконцасці жыцця, асветленага каханнем. А якая любоў, шчырасць да роднага краю, да бацькоўскай спадчыны, да роднага куточка перадаецца ў песнях І. Лучанка!
І сёння, калі слухаеш вершы ці песні на словы Янкі Купалы і Якуба Коласа, то здаецца, што іх паэзія грэе тваю душу і вяртае ў тыя далёкія гады, у тую бесклапотную краіну, якая называецца дзяцінствам.
Уладзімір КОЎШ,
в. Бабавенка
Комментарии