Другое месца ў занальных асабіста-камандных спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай зброі на прызы газеты “Мінская праўда” занялі капыльскія стралкі.
[caption id="attachment_24046" align="aligncenter" width="448" caption=" А. Смольскі, А. Касінскі, Д. Калянкоўская, Р. Халяўскі."]
[/caption]
Спаборніцтвы, прымеркаваныя да святкавання 75-годдзя з дня ўтварэння Мінскай вобласці, праводзіліся напярэдадні Новага года ў г. Чэрвені і былі арганізаваны з мэтай павышэння эффектыўнасці патрыятычнага выхавання, павышэння ўзроўню спартыўнага майстэрства.
Каманду Капыльскага раёна прадстаўляла пярвічная арганізацыйная структура сярэдняй школы №2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага ў складзе Антона Смольскага, Рамана Халяўскага, Дар’і Калянкоўскай (старшыня пярвічкі і трэнер — А. М. Шакун).
Добрых стартаў, трапных выстралаў і яркіх перамог камандам-удзельніцам пажадалі прадстаўнікі рэдакцыі газеты “Мінская праўда”, абароннага таварыства. Да спаборніцтваў дапускаліся каманды раённых арганізацыйных структур Мінскай вобласці, сфарміраваныя з ліку юнакоў і дзяўчат (два юнакі і адна дзяўчына 1995 г. н. і маладзей), якія займаюцца ў спартыўных секцыях па стралковым спорце ў пярвічных арганізацыйных структурах. Дарэчы, у лютым на адкрытым чэмпіянаце Мінскай вобласці па кулявой стральбе наша каманда была трэцяй і саступіла камандам Чэрвеньскай і Пухавіцкай РАС ДТСААФ.
Згодна з жараб’ёўкай, пад нумарам тры пачынаў спаборніцтвы член нашай каманды Антон Смольскі, які адразу захапіў лідарства. У выніку — трэцяе месца. Далей у стральбу ўключылася наша Дар’я Калянкоўская: трапныя выстралы, сярод якіх была і “дзясятка”, не далі ніякіх шансаў саперніцам. У выніку — першае месца сярод дзяўчынак. Пасля стральбы Дар’і наша каманда ўпэўнена замацавалася на другім месцы. І хаця Раман Халяўскі не апынуўся ў ліку прызёраў, усё ж наша каманда заняла другую прыступку п’едэстала гонару. Прыз рэдакцыі газеты “Мінская праўда” заваявала каманда з Чэрвеньскай РАС ДТСААФ, на трэцім месцы апынуліся пухавіцкія стралкі. Каманды-прызёры, а таксама лепшыя стралкі ў індывідуальным заліку ўзнагароджаны дыпломамі арганізацыйнай структуры г. Мінска і Мінскай вобласці ДТСААФ і прэміямі.
Аляксандр КАСІНСКІ,
старшыня Капыльскай РАС ДТСААФ
Комментарии