Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

71

Жертвам Холокоста

06.08.2010

26 чэрвеня ў горадзе Капылі на ўскрайку зоны адпачынку пасля рэканструкцыі адбылася цырымонія адкрыцця памятнага знака ахвярам Халакоста. На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады, капыляне, ветэраны, вязні канцлагераў, якія перажылі трагедыю Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі пасольстваў Англіі, Германіі, ЗША, Ізраіля, кіраўнікі яўрэйскіх суполак Беларусі. Памятны знак усталяваны па ініцыятыве Камісіі па ўвекавечванні памяці ахвяр Халакоста ў Рэспубліцы Беларусь, якая працуе пры фінансавай падтрымцы фонду Саймана Марка Лазаруса (Велікабрытанія), фонду сям’і Майлса і Мэрэлін Клетэр і фонду сям’і Уорэна і Беверл Гейслер (ЗША). За гады існавання камісіі з’явіліся 45 памятных знакаў ахвярам Халакоста ў розных кутках Беларусі. Велізарную дапамогу ў іх захаванні, добраўпарадкаванні прылягаючых тэрыторый аказваюць мясцовыя выканаўчыя ўлады, насельніцтва. У гады вайны Беларусь увогуле страціла кожнага трэцяга жыхара. Гэта незаменная страта для нашага народа, які заплаціў страшную цану за вызваленне ад фашысцкага рабства, адзначыла ў сваёй прамове выконваючая абавязкі старшыні райвыканкама Ірына Кісляк. Адным з жудасных злачынстваў фашысцкага акупацыйнага рэжыму было правядзенне палітыкі генацыду па стаўленні да людзей яўрэйскай нацыянальнасці. Не абышла гэтая трагедыя і Капыльшчыну. У 1941-м расстраляны яўрэйскія сем’і ў Семежаве, вясной 1942-га знішчаны 1018 мірных жыхароў Цімкавіч (у асноўным – яўрэі), у 1942 – 1943 гг. расстраляны, павешаны, спалены жыхары Грозава. У канцы выступлення Ірына Мікалаеўна выказала ўдзячнасць гасцям, спонсарам за высакародны і гуманны парыў, ініцыятыву і ўкладзеныя сродкі ў рэканструкцыю помніка. Практычна адразу пасля захопу раёна яўрэі былі аддзелены ад астатніх людзей і сагнаны ў гета. Яно размяшчалася ў цэнтры горада, паміж сучаснымі вуліцамі Я. Купалы, Пралетарскай, Трактарнай і Партызанскай. Пад пагрозай расстрэлу ім было загадана насіць нарукаўныя павязкі з шасцікутнай зоркай, на плячах - апазнавальныя латкі. Забаранялася адлучвацца без дазволу. Таксама пакутнікі выконвалі розныя прымусовыя работы. Трагедыя Капыльскага гета адбылася першы раз у сакавіку 1942 года, а 22 ліпеня 1942 года фашысты знішчылі ўсё яўрэйскае насельніцтва. Быў пагодлівы летні дзень. Нягледзячы на моцную стральбу, выбухі і агонь, чуліся жудасныя крыкі жанчын і дзяцей... Усяго ў Капылі было знішчана 2965 яўрэяў. З гэтага пекла цудам выратаваліся толькі тры чалавекі. Пра нечалавечыя здзекі фашыстаў, паліцаяў расказалі вязень мінскага гета Леанід Рубенштэйн, капылянін Віктар Барысаў, якому пра падзеі ліпеня 1942 года расказвала яго маці (цудам выжыла падчас генацыду), іншыя выступоўцы. Згодна са спісам помнікаў гісторыі і культуры Мінскай вобласці, зацверджаным на пасяджэнні выканкама Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў 27 сакавіка 1989 года, магіла ахвяр фашызму на ўсходнім ускрайку горада ля возера з’явілася ў 1965 годзе. Аўтарам праекта абеліска быў архітэктар горада. Спасылку на гэты дакумент раблю не выпадкова. Справа вось у чым: большасць (калі не ўсе) замежных гасцей, беларускіх прадстаўнікоў яўрэйскіх суполак памылкова лічылі, што помніка тут раней не існавала. У кожным іх выступленні звярталася на гэта ўвага. Ён быў! Святое месца пад шэфства ўзялі спачатку вучні і настаўнікі сярэдняй школы №3, пасля – другой адзінаццацігодкі, падтрымліваючы парадак на прылягаючай тэрыторыі. Памыляліся госці і яшчэ ў адным факце (дарэчы, як і многія капыляне), успрымаючы памятнае месца як месца расстрэлу яўрэйскіх вязняў. Знішчалі людзей у цэнтры Капыля (цяперашні гарадскі парк, дзе таксама ўстаноўлены памятны знак) і, прыкладна, на тэрыторыі за сучасным універмагам “Юнацтва”. Пасля астанкі былі перазахаваны. У адным былі адзіныя ўсе выступоўцы: падобная трагедыя не павінна паўтарыцца. А для гэтага неабходна ведаць гісторыю, шанаваць традыцыі свайго народа. Да помніка ахвярам фашызму кветкі ад райвыканкама, раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” усклалі Ірына Кісляк, намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд. Даніну павагі мучанікам аддалі і жыхары горада. Скончылася мерапрыемства малітвай, якая прагучала на рускай і яўрэйскай мовах. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара


Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей