Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

35

Жывое слова душу жывiць

07.01.2013
У бібліятэку забегла чародка школьнікаў. “Добры дзень, Наталля Аляксандраўна, добры дзень, добры дзень!” – пасыпалася гарохам. [caption id="attachment_23870" align="aligncenter" width="443" caption="Н. Пілат"][/caption] Загадчыца бібліятэкі заўсміхалася, запрасіла: — Распранайцеся,  рабяты.  Сёння  я  вас пазнаёмлю з новымі кнігамі, якія ўчора паступілі. Яна ўзяла са стоса кніжку ў ярка аздобленай вокладцы. Раскрыла яе і пачала чытаць. Дзеці з увагай слухалі. Нечакана яна закрыла кніжку, памкнулася ўзяць другую. — А што далей, што далей, — загаманіла малеча. — А вось пра гэта вы прачытаеце самі. — Мне выдайце гэтую кніжку, мне, — зашумела дзятва… …Гісторыя стварэння Семежаўскай сельскай бібліятэкі не вельмі вывучана. Вядома толькі, што, як і большасць бібліятэк рэспублікі, пачыналася яна ў далёкія трыццатыя гады мінулага стагоддзя з хаты-чытальні. Налічвалася тады ў ёй некалькі дзясяткаў кніг, такія-сякія газеты і часопісы. Зараз бібліятэчны фонд складае амаль дванаццаць тысяч экзэмпляраў. Акрамя таго, да паслуг наведвальнікаў 30 часопісаў і 10 газет. Гэтым багаццем могуць карыстацца жыхары вёсак Семежава, Падмажжа, Кіявічы, насельнікі і работнікі дома-інтэрната для інвалідаў, што ў вёсцы Філіпавічы. Адметна, што з 1200 чалавек, якія знаходзяцца ў зоне абслугоўвання бібліятэкі, 745 з’яўляюцца пастаяннымі чытачамі. Многія з іх удзельнічаюць у рабоце гурткоў, аматарскіх аб’яднанняў, створаных пры бібліятэцы. Прычым гэта людзі розных узростаў, густаў. Сярод самых актыўных чытачоў Зінаіда Сільмановіч, Жанна Пяцігорац, Любоў Домаш, Зінаіда Баран, Алена Карсюк, Анжэла Брагіна. Варта адзначыць, што прыярытэт у сваёй рабоце Наталля Пілат надае дзецям. Бо разумее, што калі не прывучыць дзяцей да чытання з маленства, то ў сталым узросце гэта зрабіць цяжэй. Тым больш, што зараз свет запоўнілі электронныя сродкі інфармацыі. Таму Наталля Аляксандраўна —  часты госць у школе. Кожны год тут праходзіць урачыстае пасвячэнне першакласнікаў у чытачы, бібліятэчныя інфармацыйныя хвіліны “Як прывучыць дзяцей чытаць”, літаратурныя віктарыны пад агульнай назвай “Кніга — наш сябра і настаўнік”. У час канікул на летняй пляцоўцы прайшло свята кнігі пад назвай “Восьмы цуд свету”. Акрамя таго, у школе праведзены гутаркі пра першадрукароў Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца, арганізавана выстава духоўнай літаратуры. Зрэшты, духоўнаму выхаванню і, перш за ўсё, падрастаючага пакалення, бібліятэка і яе актыў удзяляюць шмат увагі. Настаяцель Кіявіцкай царквы Узнясення Гасподня Павел Брагін падараваў бібліятэчку духоўнай літаратуры. Дарэчы, ён разам з жонкай Анжэлай вядуць у бібліятэцы заняткі ў нядзельнай школе, якую наведваюць 30 дзяцей і 10 дарослых семежаўцаў. З вялікай цікавасцю ў школе прайшло, напрыклад, абмеркаванне кніг “Айцец Арсеній” Аляксея Салжаніцына і “Фларыян” пратаіерэя Аляксандра Горына. Духоўна-асветніцкі накірунак маюць таксама сямейны клуб “Пяшчота”, дзіцячы клуб фланелеграфіі “Натхненне”. З цікавасцю чытачы бібліятэкі наведваюць клуб маральнага выхавання “Чысты свет”. Не так даўно ў бібліятэцы з’явіўся камп’ютар (са сканерам і прынтарам). Гэта не толькі дапамагае ў рабоце гаспадыні культасветустановы, а і дазваляе аказваць паслугі наведвальнікам. Пытаюся ў Наталлі Аляксандраўны, як яна стала бібліятэкарам. — Бібліятэчным работнікам быць я не збіралася, хаця яшчэ з дзяцінства мяне цягнула да кнігі. Вяртаючыся са школы, заўсёды забягала ў бібліятэку, цікавілася навінкамі. Чытала не толькі праграмную літаратуру, а і іншую, на самую разнастайную тэматыку. Скончыла Гомельскі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт. Але абставіны склаліся так, што стала ў Семежаве загадваць бібліятэкай. І не шкадую. Калі да справы адносішся з душой, то яна толькі ў радасць. Бібліятэка складаецца з трох пакояў — вестыбюля, чытальнай залы і кнігасховішча. Калі заходзіш у вестыбюль, то адразу звернеш увагу на кніжную выставу “Адкрываеш кнігу —  адкрываеш свет”, прысвечаную юбілею беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. У чытальнай жа зале цікавасць чытачоў абавязкова выклікаюць выставы “Сучасная беларуская літаратура”, “Інфармацыя, карысная кожнаму”, краязнаўчая “Зямля бацькоў —  мая зямля”. — Прыемна, што ў апошні час павысілася цікавасць да беларускай літаратуры, — зазначае напрыканцы нашай сустрэчы Наталля Пілат. —  Гэта азначае, што наша родная Беларусь жыла, жыве і будзе жыць. Іван СУРМАН, аг. Семежава Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей