Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

71

На верность полю присягнули

06.08.2010
Закрытае акцыянернае таварыства “Жыліхава” сёлета ў ліку тых нямногіх сельгаспрадпрыемстваў,  дзе ўраджайнасць перавышае 40 цэнтнераў з гектара. “Калі б спякота прыйшла ў нашы мясціны хаця б на ты-дзень пазней, мы мелі б больш высокі рэзультат, — са шкадаваннем расказвае дырэктар гаспадаркі Аляксандр Кукраш. — Для гэтага былі ўсе перадумовы. Мы зрабілі ўпор на харчовую пшаніцу, унеслі пад яе 4-5 разоў азот (у залежнасці ад поля), правялі дзве падкормкі мікраэлементамі. Словам, зрабілі ўсё, каб мець добры вынік. Трэба адзначыць, што ўсё здадзенае ў лік дзяржзаказу зерне (на 30 ліпеня было амаль 1700 тон — М. С.) адпавядае характарыстыкам ІІІ класа, мае добрую клейкавіну”. На ўборачнай у гаспадарцы задзейнічаны пяць камбайнавых экіпажаў. Працуюць яны ў аднолькавых умовах, на адным палетку, пад пільным наглядам адказных спецыялістаў. Вялікае значэнне надаецца якасці вядзення работ. Як расказаў Аляксандр Паўлавіч, ужо другі год у сельгаспрадпрыемстве дзейнічае сістэма кантролю якасці. Створана спецыяльная камісія, члены якой (кіраўнік ЗАТ “Жыліхава”, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, галоўныя аграном і эканаміст) у любы час (штодня) могуць наведацца на палетак і ў прысутнасці памочніка камбайнера зрабіць праверку (на пожню кладзецца драўляная рамка 25х25, у якой і падлічваюцца згубленыя зярняткі). Калі рэзультат перавышае дапушчальны, экіпаж “губляе” свае грошы. Да прыкладу, для КЗС-10 адна тона абмалочанага збожжа каштуе 1700 рублёў, г. зн., за змену ёсць магчымасць зарабіць 170 тыс. рублёў, а то і болей. Аднак гэта пры ўмове, што экіпаж атрымаў талон якасці. У адваротным выпадку заробак зніжаецца да 60 тыс. Розніца відавочная. Паводле слоў Аляксандра Паўлавіча, летась, дзякуючы такой сістэме, удалося павысіць ураджайнасць на 3-4 цэнтнеры. Зладжана працуе і збожжасушыльная гаспадарка. Хаця сушылкі не самыя высока-прадукцыйныя, тым не менш з пастаўленай задачай спраўляюцца. Работа арганізавана кругласутачна, у любы час дня і ночы ідзе і загрузка аўтатранспарту збажыной. Справай гонару кіраўніцтва гаспадаркі лічыць стварэнне годных умоў працы для земляробаў. “На першым месцы ў нас, вядома ж, людзі, — сцвярджае Аляксандр Кукраш. — Камбайнерам лягчэй пераносіць такую спякоту, паколькі ў кабінах працуюць кандыцыянеры. На палеткі два разы на дзень дастаўляюцца абеды, мінеральнай вадой забяспечваюцца не толькі камбайнеры, але і вадзіцелі, якія задзейнічаны на адвозцы збажыны, работнікі такоў. Акрамя таго, вада заўсёды ёсць на машынах, што падвозяць ежу. Абсталяваны душавыя кабіны, для чаго набылі “Арыстоны”, таму механізатары і вадзіцелі пасля працоўнага дня прымаюць душ на мехмайстэрнях. Для работнікаў збожжасушыльнай гаспадаркі аддалі ў карыстанне душавыя на малочнатаварнай ферме, паколькі жывёла знаходзіцца ў летніх лагерах. Акрамя таго, штодня, перад пачаткам работы, хлебаробы атрымліваюць на рукі разліковыя лісткі. У гонар перадавікоў падымаецца Чырвоны сцяг”. Літаральна чатыры-пяць пагодлівых дзянькоў дастаткова для таго, каб уборачная ў ЗАТ “Жыліхава” выйшла на  фінішную прамую. І ёсць упэўненасць, што добрая арганізацыя працэсу і самаадданая праца дапамогуць наблізіцца да мінулагодняга рэзультату, калі было намалочана амаль 6000 тон. Маргарыта САКОВІЧ НА ЗДЫМКАХ:1. Дырэктар ЗАТ “Жыліхава” Аляксандр Кукраш гутарыць з перадавым экіпажам у складзе Уладзіміра Валчка (справа) і Яўгена Грыбка. 2. Заўсёды знаходзяць агульную мову машыніст пагрузчыка “Амкадор” Эдуард Арценян і вадзіцелі ААТ “Аўтапарк № 21” Уладзімір Карпенка і Уладзімір Лобан, якія працуюць на адвозцы збожжа ў гаспадарцы. Фота аўтара

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей