Аддзел рознічных паслуг разлікова-касавага цэнтра №6 у г. Капылі аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Нясвіжы з’яўляецца самым запатрабаваным у жыхароў і гасцей нашага горада і раёна. Менавіта тут працуюць непасрэдна з насельніцтвам. А павышэнне якасці паслуг і павелічэнне іх аб’ёмаў з’яўляецца прыярытэтным у развіцці банка.
Як паведамілі ў аддзеле рознічных паслуг цэнтра, найбольшай папулярнасцю па традыцыі карыстаюцца сістэмы ўкладаў, выдача крэдытаў насельніцтву, апошнім часам асабліва актывізуецца работа па карыстанні спектрам аперацый з пластыкавымі банкаўскімі карткамі. Вядома ж, не застаюцца ўбаку і сучасныя тэхналогіі: Інтэрнэт- і SМS-банкінг, тэрміновыя грашовыя пераводы, у тым ліку за мяжу і г. д. Таксама ў любым разлікова-касавым цэнтры можна ажыццявіць разнастайныя плацяжы, валютна-абменныя аперацыі, набыць латарэйныя білеты і атрымаць па іх выйгрыш і шэраг іншага.
Выконваюць усё гэта ў капыльскім разлікова-касавым цэнтры Белаграпрамбанка сем супрацоўнікаў на чале з намеснікам начальніка цэнтра – начальнікам аддзела рознічных паслуг Наталляй Астраух. Як падкрэсліла Наталля Мікалаеўна, іх аддзел можна назваць маладым ва ўсіх адносінах. Па-першае, ён створаны ў 2006 го-дзе, а па-другое, сярэдні ўзрост членаў калектыву складае 34 гады. Наталля Мікалаеўна асобна адзначыла сваю калегу, спецыяліста па аперацыйна-касавай рабоце Марыну Карпяленя, стаж якой у банку налічвае 26 гадоў. Менавіта яна дзеліцца сваім вопытам з маладымі. Акрамя таго, яны павышаюць свой прафесійны ўзровень у цэнтры навучання персаналу ў галоўным упраўленні Белаграпрамбанка. А дзве супрацоўніцы на дадзены момант атрымліваюць другую вышэйшую (банкаўскую) адукацыю.
У практыцы Белаграпрамбанка таксама шматлікія конкурсы, акцыі. Напрыклад, зараз падводзяцца вынікі конкурсу на лепшы дзіцячы малюнак да Новага года. Цяпер жа праходзіць і акцыя “Каляды з Белаграпрамбанкам” для розных катэгорый насельніцтва з уручэннем падарункаў.
А яшчэ супрацоўнікі аддзела рознічных паслуг ад імя ўсяго разлікова-касавага цэнтра перадаюць самыя цёплыя віншаванні са святамі, у тым ліку і з прафесійным, сваім калегам, ветэранам, кліентам, а таксама цэнтру банкаўскіх паслуг філіяла №609 у г. Капылі ААБ “ААТ “Беларусбанк” у г. Нясвіжы.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Начальнік аддзела рознічных паслуг Н. Астраух (у цэнтры) і спецыялісты А. Смаль, Н. Саковіч, С. лабацэвіч.
Комментарии