На Беларусі заўсёды маляўнічым было святкаванне Каляд. Яно пачынаецца з 7 студзеня і працягваецца два тыдні запар.
У вёсцы да Каляд рыхтаваліся загадзя, з Піліпаўскага паста. Калолі кабана, рабілі каўбасы і іншыя прысмакі. Прыбіралі ў хаце, засцілалі святочным абрусам стол, іконы ўпрыгожвалі вышытымі рушнікамі. У гэты час ніхто фізічна не працаваў. У час святкавання Калядаў наладжвалася варажба, шматлікія гульні і забавы. Калядоўшчыкі хадзілі па хатах, віншавалі гаспадароў, жадаючы ім дабра, заможнасці, славілі працавітасць і шчырасць.
Традыцыйна ў гэты час спраўляліся тры куцці: напярэдадні і ў пачатку Каляд, а таксама і ўвечары перад Вадохрышчам. Многія з дзяцінства памятаюць, як Куццю з тоўчаных круп нашы маці ці бабулі перад захадам сонца ставілі на покуць у «чырвоны» кут.
Сям’я ўрачыста садзілася за стол: гаспадар — у кут, іншыя дарослыя — побач, а дзеці займалі месца з краю стала. У гэты вечар гучала многа прымавак, цікавых гісторый. А яшчэ на Каляды, у Шчодры вечар, людзі ўсіх узростаў варажылі.
Варажба — гэта такія абрады і рытуалы, якія павінны былі прадказаць будучыню. Таму менавіта варажба была адным з самых істотных кампанентаў традыцыйнай духоўнасці і культуры нашага народа. Жаданне прадбачыць будучыню, разгадаць невядомыя з’явы ўзнікла яшчэ ў першабытным грамадстве разам з верай у існаванне пэўнага касмічнага парадку, які быў засведчаны людзьмі праз назіранні і супастаўленні з’яў прыроды, паводзін жывёл і іншае. Менавіта варажбіту неабходна было ўстанавіць кантакт са звышнатуральнымі істотамі з мэтай атрымання ведаў пра будучыню. Каб яго наладзіць, ён здымаў крыж, пояс, «размыкаючы» абарончую мяжу, развязваў вузлы, часам распранаўся, выбіраў «пагранічнае» месца (печ, парог, вароты). Да варажбіта звярталіся кіраўнікі вайсковых паходаў, сельскагаспадарчыя дзеячы, дактары перад складанай аперацыяй. Калі высновы варажбіта былі дрэнныя, людзі адмаўляліся ад справы.
Прафесіянальнай варажбой займалася вузкае кола людзей, таму на Каляды была распаўсюджана «аматарская» варажба, якая шмат увагі надавала асабістаму лёсу чалавека, была накіравана на атрыманне ведаў пра будучы ўраджай, прыплод жывёлы, уласнае здароў’е і час смерці, замужжа, характар ці выгляд мужа або жонкі, колькасць дзяцей. Так людзі даведваюцца, што адбываецца сярод іх і ў прыродзе.
Міхаіл ТАРАСЕВІЧ,
в. Волашава, Слуцкі раён
Комментарии