29 снежня ў зоне адпачынку г. Капыля адбыліся спаборніцтвы па лыжных гонках “Навагодняя лыжня” на прызы аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. На розныя дыстанцыі выйшлі каля 70 юных аматараў гэтага віду спорту.
Кіламетровую дыстанцыю хутчэй за ўсіх пераадолелі Алена Пятрыка і Руслан Гарнастай (група ўдзельнікаў 2001-2003 г. н.). Мацнейшымі сярод равеснікаў 1999-2000 г. н. на 2 км сталі Святлана Пятрыка і Аляксандр Шэстак. Неаднаразовыя ўдзельнікі разнастайных спаборніцтваў Наталля Ібель і Раман Халяўскі (1997-1998 г. н.) яшчэ раз пацвердзілі, што на дыстанцыі 3 км на сёння ім няма роўных. У старэйшай групе, 1995-1996 г. н., самымі хуткімі сталі Валерыя Леус і Аляксандр Сысун.
Зімовы сезон у юных лыжнікаў яшчэ толькі пачаўся, і, магчыма, сярод лепшых спартсменаў сёлета мы ўбачым і новыя прозвішчы.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКУ: на лыжні.
Фота аўтара
Комментарии