Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

36

З песняй па жыцці

01.01.2013
ідзе мастацкі кіраўнік Капыльскага раённага Цэнтра культуры Валянціна Зарамбоўская Пяцьдзесят гадоў таму, сцюдзёным снежаньскім днём, у невялічкай вёсачцы Слабада на Лагойшчыне на свет паявілася такая доўгачаканая і жаданая для сваіх бацькоў дачушка. Далі ёй імя — Валянціна. Старэйшая з трох дзяцей — пазней у сям’і нарадзі- ліся яшчэ два браты — Валя была сапраўднай памоч- ніцай для маці, якая цалюткі дзень прападала на ферме. “Я цяпер губляюся ў думках, — разважае наша гераіня Валянціна Зарамбоўская, — калі толькі мама спала?! Як яна паспявала і калгасных кароў падаіць, і сваю гаспадарку дагледзець, паклапаціцца пра бацьку нашага і нас, дзяцей. А яшчэ ў калгасе нормы давалі — палоць і выбіраць буракі даводзілася. Адным словам — доля вясковай жанчыны таго часу была не самая салодкая”. Часта бывала, што Валю не было з кім дома пакінуць, і тады маці вяла яе ў клуб, які быў размешчаны ў суседняй хаце. І там дзяўчынка з захапленнем глядзела старыя кінастужкі, што паказваў мясцовы кінамеханік, слухала прыгожыя песні, на якія так багаты былі ранейшыя фільмы. А яшчэ Валянціна Сцяпанаўна падчас нашай гутаркі з замілаваннем узгадала пра… радыёпрыёмнік — сваю любімую цацку ледзь не з самай калыскі. Яна ўжо ў 4—5 гадоў ведала на памяць і спявала песні такіх вядомых выканаўцаў, як Марыя Пахоменка, Леў Лешчанка, Эдуард Хіль, Эдзіта П’еха… Актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці заўсёды Валя была і ў школе. А надышоў час выбару прафесіі (скончыла восем класаў) — абрала Мінскае культасветвучылішча. І там, і пазней — у Мінскім інстытуце культуры – спявала, спявала, спявала... Можна сказаць, што спевы сталі яе сэнсам жыцця. Валянціна Сцяпанаўна ўспамінала пра шматлікія выступленні, паездкі з канцэртамі. Тут жа, у інстытуце, яна пасябравала з Любай Галубовіч, якая і прапанавала паехаць працаваць разам на сваю радзіму — Капыльшчыну. З таго часу мінула ўжо шмат гадоў. Толькі добрымі словамі ўзгадвае Валяціна Сцяпанаўна пра тадышні калектыў сапраўдных аднадумцаў, які плённа працаваў пад кіраўніцтвам Вячаслава Курчыка. Пра былога загадчыка аддзела культуры Віктара Мікалаевіча Бырысава, які не толькі дапамог у станаўленні маладога спецыяліста, але навучыў, як трэба ладзіць стасункі паміж людзьмі. Тут жа, у Капылі, Валя сустрэла сваё каханне, выйшла замуж і нарадзіла дачушку і сына. Тут адбылося станаўленне яе як вопытнага спецыяліста, мудрага і таленавітага кіраўніка самадзейных калектываў, самыя вядомыя з якіх — народны ансамбль народнай музыкі “Спадчына” (здымак 1), клуб “Ветэран 55 + 5”. Днямі Валянціну Сцяпанаўну сардэчна віншавалі з залатым юбілеем. У яе адрас гучалі самыя шчырыя словы прызнання і захаплення, пажаданні натхнення і ўсіх даброт. За сваю адданасць любімай справе Валянціна Зарамбоўская была ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама, якую ёй уручыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Жданеня (здымак 2). Прайшло асабістае свята з падарункамі і прывітаннямі, а наперадзе нашу гераіню чакае мноства іншых, агульных для ўсіх капылян, бо калі мы адпачываем — работнікі культуры робяць усё для таго, каб нам было весела і цікава. Маргарыта САКОВІЧ Фота Сяргея  ЛАЗОЎСКАГА  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей