Бабаўнянская сельская бібліятэка ў апошні месяц Года кнігі справіла наваселле.
Новае, больш камфортнае месца прапіскі яна набыла ў памяшканні былой мясцовай пачатковай школы. На ўрачыстасць завіталі работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі на чале з дырэктарам ЦБС Таццянай Серай, прадстаўнікі РСУП “Бабоўня”, Бабаўнянскай бальніцы сястрынскага догляду, выхаванцы дзіцячага сада разам з загадчыцай установы Алай Жылко, а таксама актыўныя чытачы.
[caption id="attachment_23698" align="aligncenter" width="443" caption="У пакоі для дзяцей"]

[/caption]
Раней бібліятэка тулілася ў канторы РСУП “Бабоўня”. Нягледзячы на невялікае памяшканне (крыху больш за 20 квадратных метраў), там заўсёды было цёпла і ўтульна для чытачоў. Але, усё ж такі, каб раскрыць дастаткова вялікі кніжны фонд (каля 7000 адзінак), месца не хапала.
Цяпер у новых апартаментах акрамя асноўнай залы знайшлося месца і пакою для дзяцей, дзе яны змогуць не толькі знайсці цікавую кніжку, але і паўдзельнічаць у тэматычных гульнях.
[caption id="attachment_23699" align="aligncenter" width="443" caption="Бібліятэкар С. Грушэвіч з юнымі чытачамі "]

[/caption]
У зоне абслугоўвання бібліятэкі знаходзяцца шэсць вёсак Бабаўнянскага і тры — Пацейкаўскага сельсаветаў, у якіх пражывае 820 чалавек, 580 з іх з’яўляюцца чытачамі. “Наведваюць бібліятэку людзі рознага ўзросту — школьнікі, студэнты, актыўнымі чытачамі з’яўляюцца людзі, што знаходзяцца ў Бабаўнянскай бальніцы сястрынскага догляду. Таксама выязджаем да насельніцтва на бібліёбусе, — расказвае бібліятэкар Святлана Грушэвіч. — А часта транспартам сельгаспрадпрыемства выручае. Удзельнічаем ва ўборачных кампаніях, ладзім краязнаўчыя гадзіны, робім разнастайныя мерапрыемствы і міні-канцэрты”.
На ўрачыстасці прагучалі вершы ад выхаванцаў дзіцячага сада. Таксама прысутныя акунуліся ў свет Кнігі, пабываўшы на прадстаўленні лялечнага тэатра, які прапанавалі члены гульнёвага аб’яднання «Пазнайка». А загадкі ад Бабы Ягі прыйшліся даспадобы не толькі юным удзельнікам урачыстасці, але і дарослым.
На наваселле прынята прыходзіць не з пустымі рукамі. Ад гаспадаркі салодкія пачастункі атрымалі артысты тэатра, бібліятэцы дастаўся камп’ютар, які ўручыла Таццяна Серая, а для самых актыўных чытачоў былі падрыхтаваны памятныя падарункі.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии