26
Падведзены вынікі работы жывёлаводаў раёна за 11 месяцаў
23.12.2012
Лiдар не змянiўся
Напрацягу апошніх месяцаў у раённым спаборніцтве сярод калектываў малочнатаварных фермаў раёна лідзіруюць жывёлаводы МТК “Быстрыца” ААТ “Ціміразеўскі”, які ўзначальвае Людміла Гардзей. І па выніках работы за 11 месяцаў бягучага года сітуацыя не змянілася: надоена па 7076 кг малака ад кожнай каровы, што на 1113 кг больш, чым летась. Больш за 7000 кг (а дакладней — 7047 кг) на рахунку МТФ “Свідзічы” ААТ “Старыца-Агра”, па 6998 кг атрымана ад кожнай каровы на МТФ “Чарнічнае” з гэтай жа гаспадаркі.
Лепшыя даяркi...
Тры першыя месцы па выніках работы за студзень-лістапад 2012 года займаюць аператары машыннага даення з МТФ “Андросаўшчына” адкрытага акцыянернага таварыства “Старыца-Агра” Алена Гушчэня, Соф’я Клюйка і Наталля Коршук з рэзультатамі, адпаведна, 8516 кг, 8157 кг і 8108 кг малака ад адной каровы. Перавысіла васьмітысячны рубеж і Святлана Макарэня з МТК “Быстрыца” ААТ “Ціміразеўскі”.
...аператары на адкорме КРС
Самыя высокія сярэднясутачныя прывагі на адкорме буйной рагатай жывёлы атрымалі жывёлаводы ААТ “Капыльскае” Аркадзь Казлоў і Андрэй Дамалаз, іх рэзульт — 1228 г. На другім месцы Галіна Мядзведзь (1186 г), на трэцім — Жанна Рудакоўская (1164 г) з ААТ “Старыца-Агра”. Прывагі больш за адзін кілаграм атрымалі яшчэ 14 аператараў з гэтай жа гаспадаркі.
...i свiнаркi
На адкорме свіней самыя высокія рэзультаты паказвае Ірына Кураленя з ААТ “П-з “Дусаеўшчына” — сярэднясутачныя прывагі на яе групе склалі 639 г. Усяго на 32 г менш атрымаў яе калега Віталь Лазоўскі, трэцяе месца займае Валянціна Марчык з ААТ “Капыльскае” з рэзультатам 600 г.
За адзінаццаць месяцаў бягучага года 7694 парасяці атрымалі Алена Касцецкая і Надзея Худзенка з ААТ “Капыльскае” — і гэта лепшы рэзультат у раёне.
Маргарыта САКОВІЧ
Поделиться
Комментарии