Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

32

Живи, цвети, моя деревня!

04.08.2010

Прыемна было назіраць, як руплівыя чарнагубаўцы завіхаліся каля сваіх падворкаў, наводзячы парадак. Хто ладзіў ці фарбаваў агароджу, хто падкошваў газон, а хто рупіўся каля нядаўна аздобленых кветнікаў. I ўсе хваляваліся: паспець бы да свята, бо часу засталося зусім нямнога. Усіх хвалявала пытанне: чыю ж сядзібу прызнаюць лепшай, каму дастанецца прыз? Адны перавагу аддавалі сядзібе Корбутаў, другія спыняліся на сядзібе Шахраёў, а трэція прапаноўвалі Кавальчукоў. Вырашаць патрэбна будзе камісіі. Да свята рыхтавалася ўся вёска і з нецярпеннем чакала 3 ліпеня, калі можна будзе паслухаць добрую песню ды патанцаваць, адным словам, добра адпачыць. Даўно не было падобнага ў вёсцы! Надвор’е ў гэты дзень выдалася надзвычай добрае. 3 раніцы свяціла сонейка, і гэта паляпшала і без таго святочны настрой. А дванаццатай гадзіне ля мясцовага сельмага на пляцоўцы пачалі ўстанаўліваць сталы для афармлення выставы, збірацца мясцовыя жыхары са сваімі вырабамі і выпечкамі. Тут жа была ўстаноўлена ганд-лёвая палатка, мангал для гатавання шашлыкоў, столікі для адпачынку. Каля гадзіны дня загучала вясёлая музыка, прыехалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, і свята пачалося. На свята прыйшлі ўсе, хто толькі мог хадзіць. Такой масавасці не было ніколі. Мінутай маўчання былі ўшанаваны тыя, хто не вярнуўся з вайны і хто пайшоў з жыцця ўжо ў мірны час. Дарэчы, тэме Вялікай Айчыннай вайны была прысвечана цэлая старонка. Святочная праграма складзена так, што адзначаны былі людзі самых розных прафесій і ўзростаў. Кожнае віншаванне суправаджалася добрай песняй у выкананні самадзейных артыстаў, большасць з якіх з’яўляюцца жыхарамі вёскі Чарнагубава: Лэся Чаркас, Марына Баўтрук, Валерый Булат, Наталля Парэйка. Да сэрца былі таксама выступленні Валянціны Бярновіч, Таццяны Ермалінскай, Алы Дайнэкі, Алега Голубева. Не абы-шлося без падарункаў. Пры падвядзенні вынікаў аб’яўленага конкурсу на лепшы па-дворак, кветнік, лепшага гаспадара і дызайнера былі ўручаны падарункі. Лепшай сядзібай камісія назвала сядзібу Андрэя і Валянціны Корбутаў. Дарэчы, Андрэй абраны дэпутатам Цімкавіцкага сельскага Савета. А гэта добры знак і прыклад для ўсіх жыхароў: раўняцца на свайго выбранніка. Лепшымі кветкаводамі аднагалосна былі пры-знаны Тамара Мікалаеўна і Уладзімір Мацвеевіч Кавальчукі, а вось лепшым дызайнерам названа Ганна Сямёнаўна Кунцэвіч (на здымку). Зусім нядаўна Ганна Сямёнаўна пераехала ў вёску Чарнагубава, але добры прыклад і зарад энергіі прывезла яна з сабой і перадае мясцовым старажылам. Нельга было не адзначыць і лепшых гаспадароў вёскі. А імі былі прызнаны Зоя Іосіфаўна і Раман Браніслававіч Зяньковічы. На іх падворку, як у сапраўдных гаспадароў, маецца кароўка, конік, свінні і розная птушка. Не засталіся без прызоў і ўдзельнікі выставы. Шчаслівым стаў дзень 3 ліпеня для мясцовых жыхароў Леаніда Антонавіча Ермаловіча і Рэмы Іосіфаўны Зяньковіч. Так склаўся лёс, што даўно страцілі яны свае палавінкі, а дзеці павырасталі і раз’ехаліся з бацькоўскіх дамоў. Цяжка сёння ў вёсцы жыць аднаму. Вось і вырашылі яны жыць разам, быць адзін аднаму апорай і пад-трымкай. Шаноўныя Рэма Іосіфаўна і Леанід Антонавіч! Няхай зорка шчасця доўга свеціць на вашым жыццёвым шляху, а надзейным спадарожнікам будзе ўдача. Каля трох гадзін на адным дыханні працягваўся канцэрт, і ніхто не хацеў ісці дадому. А пасля пачалася танцавальная праграма, якая цягнулася да гадзіны ночы. Не абышлося і без сюрпрызаў. Святочны салют у гонар 60-гадовай юбіляркі Браніславы Корбут вельмі ўдала ўпісаўся ў танцавальны вечар. Патрэбна адзначыць, што на свяце прысутнічалі госці з бліжняга замежжа: Украіны і Крайняй Поўначы. Няхай раскажуць яны ў сябе дома пра тое, як мы ўмеем адпачываць і ладзіць святы, пра нашы традыцыі і звычаі. А яшчэ пра прыгажосць нашай роднай Беларусі і гасціннасць яе людзей. Мне здаецца, што свята ўдалося і надоўга застанецца ў памяці і сэрцах вяскоўцаў. Хочацца ад ўсёй душы выказаць падзяку старэйшыне вёскі і дэпутату сельскага Савета дэпутатаў Зінаідзе Генадзьеўне Станкевіч, а таксама мясцоваму актывісту Казіміру Яўгенавічу Міхайлоўскаму за вялікую дапамогу ў арганізацыі свята. А чарнагубаўцам пажадаць здароўя, дабрабыту, паболей кветак і сонца ў іх дамах і сэрцах. Алена ОСТРЫКАВА старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей