У мінулыя выхадныя адбыліся спаборніцтвы па настольным тэнісе сярод калектываў фізічнай культуры раёна. Гэты від стаў вырашальным у барацьбе за першынство агульнакаманднага заліку круглагадовай спартакіяды.
Суботнім ранкам на фізкультурна-аздараўленчым комплексе г. Капыля сабраліся каманды сельскіх жыхароў. Мацнейшымі сярод тэнісістаў стала трыа (каманду прадстаўлялі два мужчыны і жанчына) з ААТ “Прагрэс 2010” у складзе Паўла Кандраценкі, Уладзіміра Лукашэвіча і Настассі Гірко. Другое месца ў аматараў спорту з КСУП “С “Лясное” і трэцяе — РСУП “С “Прамень”.
У агульнакамандным заліку тройка лідараў пасля дзевяці відаў выглядае наступным чынам: на першую прыступку п’едэстала гонару паднялася каманда ААТ “Прагрэс 2010” (205 ачкоў), на другую — ААТ “Суворава-Агра” (198) і на трэцюю — ААТ “Мажа-Агра” (169).
У нядзелю барацьбу вялі каманды прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў горада. Каманда ЖКГ у складзе Івана Гадлеўскага, Рамана Бандарыка, Вікторыі Рудой без праблем перайграла ўсіх сапернікаў і заняла першае месца ў спаборніцтве. Другой стала дружына райвыканкама, а трэцяй — масласырзавода. Дарэчы, такім жа чынам размеркаваліся і месцы ў агульнакамандным заліку: першы радок займае ЖКГ з вынікам 232 ачкі, другі — райвыканкам (207) і трэці — масласырзавод (152).
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии