Аддзел культуры райвыканкама, аддзел па справах моладзі, райкам ГА “БРСМ” правялі раённы агляд-конкурс народнай творчасці сярод прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Капыльшчыны, які прайшоў у рамках раённага свята майстроў “Прыгажосць роднага краю”. Удзел у мерапрыемстве прынялі 40 маладых майстроў ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў.
[caption id="attachment_23497" align="aligncenter" width="443" caption="Удзельнікі конкурсу"]

[/caption]
На выставе, размешчанай у раённым Цэнтры культуры, шырока былі прадстаўлены такія віды творчасці, як вышыўка (у класічным разуменні), вышыўка бісерам, жывапіс, роспіс па шкле, фларыстыка, арыгамі, салома-пляценне, разьба па дрэве і многае іншае. Было вельмі цікава, хто ж стане пераможцам у намінацыях “лепшая калекцыя дамашніх работ”, “аўтарская работа”, “арыгінальнасць выкарыстання матэрыялу”, “тэхнічныя прыёмы аздаблення”, “творчы падыход” і “пераемнасць мясцовых традыцый”.
Уражвала не толькі колькасць прадстаўленых работ, але і тэхніка выканання, матэрыялы, якія выкарыстоў-валі аўтары. Тут жа маладыя творцы давалі майстар-класы, на вачах у публікі стваралі новыя работы. Так, напрыклад, наведвальнікаў выставы зацікавілі арыгінальныя бутэлькі з рознакаляровым напаўненнем. Аказалася, што ўнутры знаходзіцца простая соль. “Разнастайнымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва займаюся каля пяці гадоў, а вось менавіта солевай тэхнікай — каля года, — тлумачыць Вольга Грыневіч з Бучацінскай СШ. — Упершыню пазнаёмілася з гэтым відам у Слуцку, куды прыехала на работу па размеркаванні. Простую соль экстра змешваем з рознымі колерамі гуашы, высушваем на газеце. А ўжо пасля з дапамогай мяшочка насыпаем слаямі ў бутэльку. Унутры атрымліваецца своеасаблівы арыгінальны малюнак”.
[caption id="attachment_23498" align="aligncenter" width="301" caption="Н. Чаркас"]

[/caption]
Вельмі зацікавіла ўсіх наведвальнікаў выставы вышыўка “Мона Ліза”, якую прадставіла бухгалтар ААТ “Ціміразеўскі” Наталля Чаркас. Каля трох гадоў спатрэбілася майстру, каб выканаць гэту работу. А ўвогуле творчасць — гэта сямейная традыцыя Чаркасоў. Любоў да народных промыслаў перадалася яшчэ ад бабулі, якая займалася ткацтвам. Вышыўкай крыжыкам, акрамя Наталлі, займаюцца і дзве дачкі.
Не менш арыгінальная тэхніка жывапісу, які называецца манатыпія, уласціва і выкладчыку Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў Святлане Сямашка. Унікальны від спалучае ў сабе якасці эстампа (адбітка) і жывапісу. Пры стварэнні адбітку на роўную паверхню (звычайна выкарыстоўваецца шкло ці пластык) наносяць фарбу. Зверху змяшчаюць ліст паперы і прыціскаюць яго да паверхні. На паперы ўтворыцца адбітак з незвычайнымі і непаўторнымі ўзорамі. Пасля ўжо фантазія аўтара падказвае элементы ці вобразы, што неабходна дамаляваць, каб атрымалася карціна. Менавіта ў Святланы шмат работ апавядалі пра падводны свет.
Немагчыма пералічыць усіх аўтараў. Работы кожнага ўдзельніка агляду-конкурсу выглядалі дастойна. Невыпадкова кампетэнтнае журы ў складзе начальніка аддзела культуры Наталлі Царковай, дырэктара раённага краязнаўчага музея Валянціны Шураковай, дырэктара раённага Цэнтра традыцыйнай культуры Галіны Гурло, настаўніка дзіцячай школы мастацтваў Святланы Швайбовіч і начальніка аддзела па справах моладзі Наталлі Гарбацэвіч адзначылі дыпломамі і памятнымі падарункамі ўсіх удзельнікаў выставы.
Капыльшчына заўсёды славілася сваімі талентамі. Раённы агляд-конкурс яшчэ раз даказаў, што творчы патэнцыял, любоў да народных традыцый, культуры жыве і ў сэрцах маладога пакалення.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии