Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

44

У сталiчнай вобласцi ёсць перспектывы

22.12.2012
Па традыцыі адзін раз у квартал старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Батура сустракаецца з прадстаўнікамі рэгіянальных і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, каб адказаць  на пытанні, якія іх хвалююць. На чарговай прэс-канферэнцыі губернатар расказаў пра найбольш актуальныя напрамкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці сталічнага рэгіёну, перспектывы Мінскай вобласці, якой у студзені споўніцца 75 гадоў. “Дату сустрэнем па-дзелавому. Я не прыхільнік гучных святкаванняў, а ўсё ж шэраг мерапрыемстваў запланаваны, — сказаў Барыс Васільевіч. – Гэта ўрачысты сход, круглыя сталы, сустрэчы і г. д.”. Усе адказы на пытанні, якія задавалі журналісты, у поўнай меры адлюстроўвалі перспектыву развіцця сталічнага рэгіёну. Напрыклад, Барыс Батура вельмі падрабязна спыніўся на будаўніцтве кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, праект якога з поспехам прэзентаваны падчас Тыдня Міжнароднага абмену ў кітайскую правінцыю Гуандун. Як адзначыў Б. Батура, дэлегацыі Мінскай вобласці (а ўсяго прысутнічалі кіраўнікі 18 буйных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак з розных краін свету) на гэтым буйным форуме была нададзена асаблівая ўвага — асабістая сустрэча з губернатарам, прэзентацыя індустрыяльнага парка, падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве. “Добра, што патэнцыял такога магутнага рэгіёна будзе прысутнічаць у беларуска-кітайскім супрацоўніцтве, — адзначыў кіраўнік Мінскай вобласці. — Калі гаварыць пра кітайска-беларускі індустрыяльны парк, то з цягам часу сюды падключацца не толькі кітайскія вытворцы. Працаваць на прадпрыемстве будуць нашы людзі. Мы і кітайскі бок зацікаўлены ў прыцягненні еўрапейскіх інвестараў у дзейнасць праекта. Створана кіруючая кампанія, заснавальнікамі якой сталі Мінскі аблвыканкам — 30%, ААТ “Гарызонт” — 10%, кітайскі бок — 60%. Плануем у маі-чэрвені будучага года выйсці на пляцоўку з першай вытворчасцю. Прадугледжана асваенне тэрыторыі парка на працягу 30 гадоў, прыцягненне ў краіну звыш пяці мільярдаў долараў інвестыцый”. Адказваючы на пытанне аб інвестыцыях, інавацыях, Барыс Батура адказаў, што 2013 год стане прарыўным у сацыяльна-эканамічным развіцці сталічнай вобласці. І інвестыцыйная палітыка іграе ў гэтым працэсе асаблівую ролю. Напрыклад, інвестыцыйная праграма прадугледжвае стварэнне ў кожным раёне не менш як 10 высокатэхналагічных прадпрыемстваў з колькасцю работнікаў каля 50 чалавек і з аб’ёмам выручкі на аднаго работніка не менш як 60 тысяч долараў у год. “Прыярытэт адзін — прадпрыемствы павінны выпускаць высокаякасную, канкурэнтаздольную прадукцыю, забяспечваць высокі ўзровень заработнай платы працуючым. Без інвестыцый немагчыма атрымаць хуткі эканамічны рост”, — адзначыў Б. Батура. Журналістаў цікавіла пытанне стварэння буйных кампаній. Менш чым год таму зарэгістраваны холдынг “Мясамалпрам”. На думку кіраўніка сталічнага рэгіёна, з’явілася магчымасць канцэнтрацыі фінансавых сродкаў, рацыянальнага іх размеркавання для правядзення мадэрнізацыі вытворчасці. Буйной кампаніі прасцей канкурыраваць на рынку з вядучымі брэндамі. Менавіта гэтыя акалічнасці і былі ўлічаны пры стварэнні холдынга. Зараз у сферы вытворчасці малочнай прадукцыі створаны два прад-прыемствы: ААТ “Слуцкі стандарт” (шляхам аб’яднання ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”, “Клецкая крыначка”, “Капыльскі масласырзавод” і “Любанскі сыраробны завод”), ААТ “Здравушка-мілк” (на базе Барысаўскага малочнага камбіната і Бярэзінскага сыраробнага завода). На стадыі завяршэння стварэнне ААТ “Мінская марка”, куды ўвойдуць гармалзаводы №1 і №2 і Маладзечанскі малочны камбінат. Тое ж і ў мясной вытворчасці: Мінскі, Слуцкі, Барысаўскі мясакамбінаты пад эгідай аднаго холдынга будуць займацца вытворчасцю і рэалізацыяй прадукцыі. Але на гэтым стварэнне буйных кампаній не завершана. Рэалізуецца задача па стварэнні ў кожным раёне базавай эталоннай гаспадаркі з вялікімі аб’ёмамі, завершаным цыклам вытворчасці. Раўненне будзе рабіцца на агракамбінат “Сноў”. На прэс-канферэнцыі ўздымалася і пытанне будаўніцтва жылля. “У наступным годзе неабходна ўвесці 1 млн 400 тыс. кв. м жылля, з іх 500 тыс кв. м будзе пабудавана  з дзяржпадтрымкай, г. зн. з выкарыстаннем ільготных крэдытных рэсурсаў. Ва ўсіх буйных гарадах вобласці ў 2013-2014 гадах будзе будавацца арэнднае жыллё. У Барысаве і Маладзечне гэта ўжо пачалося”, — сказаў Б. Батура. Падчас размовы была закранута таксама тэма  развіцця Нарачанскага краю. Зроблена шмат, але яшчэ большыя змяненні чакаюць гэты цудоўны куток Беларусі ў перспектыве, каб сапраўды стаць цэнтрам турызму і аздараўлення на самым высокім узроўні. Марыя ШЭІНА  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей