Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

71

Не плюй в колодец...

04.08.2010

Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. У гэтай народнай мудрасці давялося пераканацца падчас наведвання дваровай тэрыторыі адной з вуліц г. Капыля. Але пра ўсё па парадку. 23 ліпеня рэдакцыя атрымала ліст, у якім жыхаркі дома №6 (кв. №№1,2) па вуліцы Кастрычніцкай Я. А. Ермаловіч і Л. У. Здановіч абураліся здзейсненым. Справа ў тым, цытую з ліста, “што на працягу больш за 50 гадоў наша студня зімой і летам паіла нас чыстай, крынічнай вадой. Ёю карысталіся не толькі мы, а і жыхары бліжэйшых дамоў, у тым ліку шматпавярховак. Гаспадыні бралі ваду з калодзежа на закручванне агародніны. Аднак, знайшліся ж нелюдзі, узламалі накрыўку, закідалі студню дошкамі, пластыкавымі бутэлькамі, смеццем. Вада стала непрыгоднай для ўжывання. Звярталіся мы ў санітарную службу горада, у іншыя ўстановы, ужо і не памятаем куды, але дапамогі нам ніхто не аказвае. Побач у аналагічных дамах ёсць водаправоды, а мы засталіся без вады…” Карэспандэнт рэдакцыі пабываў на месцы і ўпэўніўся, што становішча склалася няпростае. Аднапавярховы жылы дом №6, дзе ў непрыватызаваных кватэрах пражываюць пенсіянеркі, знаходзіцца на балансе ААТ “Капыльскі райаграсервіс”. Раней у доме быў водаправод, але гадоў 10 таму яго абрэзалі па прычыне неабходнасці замены труб. Кіраўніцтва прадпрыемства, відаць, не адважылася ўзяць расходы на сябе, таму жанчыны засталіся без вады і карысталіся калодзежам, які пабудаваў паўстагоддзя назад добры чалавек. Добра што калодзеж знаходзіцца недалёка, на другі бок вуліцы Кастрыцніцкай. На падыходзе да студні ў вочы адразу кінулася тэрыторыя, заваленая смеццем. Адметна тое, што побач стаіць здадзены ў эксплуатацыю новы дом ЖБВК. Пры добраўпарадкаванні прыдамавой тэрыторыі будаўнікі, відаць, не абцяжарвалі сябе вывазам смецця, частка яго засталася каля студні. Сапраўды, накрыўка на ёй зламаная, а ўнутры – дошкі, ламачча, яблыкі і г. д. ( на здымку). Хутчэй за ўсё гэта справа рук дзяцей. Мяркую, што дарослы чалавек гэтага не зрабіў бы. Тым не менш, калодзеж засмечаны, а мог бы і надалей служыць людзям. На сёння ён нічый, але так быць не павінна. Чаму б не падумаць жыхарам блізляжачых дамоў пра тое, што, мо калі давядзецца прыйсці менавіта сюды, да гэтай студні па ваду. Не па-шкодзіла б згуртавацца разам і навесці належны парадак: вычысціць студню, паставіць добрую агароджу, а мо і павесіць замок. Было ж гэтак раней – стаяла там лаўка, прыступкі былі. Паўстагоддзя служыў людзям калодзеж, чаму ж цяпер у яго наплявалі? Няўжо не спатрэбіцца вадзіцы напіцца? Вядома, што стан вуліц, двароў, пад’ездаў – адлюстраванне культуры людзей. Вядома таксама, што павага да састарэлага чалавека – паказчык выхаванасці. Дык можа зверне ўвагу кіраўніцтва ААТ “Капыльскі райаграсервіс” на просьбы пенсіянерак і дапаможа вырашыць іх праблему, каб не пазычалі бабулькі ваду ў суседзяў і цягалі яе вёдрамі. Калі дом знаходзіцца на балансе прадпрыемства і аплату за камунальныя паслугі жанчыны плацяць спаўна, то кіраўніцтва прадпрыемства павінна рашыць праблему з вадой. Любоў ПЯТРОВА НА ЗДЫМКУ: вось так выглядае калодзеж на вул. Кастрычніцкай.


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей