Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

61

На просторе между реками Мажа и Морач

04.08.2010

— Распрацоўка Мясцовых павестак-21 і развіццё сеткі зялёных маршрутаў з’яўляюцца аднымі з важнейшых напрамкаў рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года. Як гэта будзе ўкараняцца на тэрыторыі Капыльскага раёна, расказвае дырэктар ДУ “Капыльскі раённы краязнаўчы музей” Валянціна ШУРАКОВА: Зялёныя маршруты – гэта турыстычныя шляхі, якія праходзяць уздоўж прыродных, гістарычных або іншых славутасцей (напрыклад, рэкі, традыцыйныя гандлёвыя шляхі, прывабныя ландшафты і т. п.). Спосабы руху па ім – безматорныя транспартныя сродкі (веласіпеды, лодкі, коні), а ў зімнюю пару – лыжы і сані. Такія маршруты з’яўляюцца спосабам прапаганды здаровага ладу жыцця, рэкламуюць актыўныя віды турызму і адпачынку, заняткі на свежым паветры. Зялёныя маршруты робяць больш прывабным унутраны і ўязны турызм, садзенічаюць ажыўленню мясцовай эканомікі, развіццю прадпрымальніцтва сярод сельскіх жыхароў, а таксама захаванню і папулярызацыі унікальных прыродных і культурных каштоўнасцей рэгіёнаў. Папулярны ў Еўропе турыстычны шлях прыроднай і гістарычнай спадчын з’явіцца і на Капыльшчыне ў рамках сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. Аўтарам выступіў Капыльскі райвыканкам, а ажыццяўляць яго будуць ДУ “Капыльскі раённы краязнаўчы музей”, аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, Семежаўскі сельскі Савет, ВСК “Семежава”. Зялёны маршрут “Міжрэчча Мажы і Морачы” будзе праходзіць па вёсцы Семежава, заснаванай яшчэ ў ХV стагоддзі Радзівіламі на былым Екацярынінскім тракце. Візіткай яго з’яўляецца ткацтва і чырвона-белыя ручнікі. Семежава праславілі калядны абрад “Цары”, уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, абласное свята па ткацтве “Млечны шлях ад рук бабулі”. Непадалёку знаходзіцца сядзіба “Макраны” сямейнага радаводу фундатара Чырвонага касцёла ў Мінску Э. Вайніловіча. Тут некалі вырошчвалі ананасы для продажу за мяжой. Аб культурнай і экалагічнай прывабнасці вёскі можна распавядаць бясконца: гэта месца Пакроўскай царквы, пабудаванай у пачатку ХVІІІ ст. Радзівіламі, надмагільныя помнікі, магчымасць наведаць Спаса-Узнясенскую царкву ў в. Кіявічы, аўтэнтычнае фартыфікацыйнае збудаванне часоў Другой сусветнай вайны (дот), сядзібна-паркавы комплекс “Макраны” другой паловы ХVІІІ ст. з рэшткамі малочнага завода, царквы, капліцы-пахавальніцы, грабавай алеі да панскага вадаёма. З гэтымі месцамі звязана жыццё вядомых людзей: П. Казадоя – асабістага пісара В. І. Чапаева, М. С. Высоцкага – Героя Беларусі, генеральнага канструктара аўтамабілебудавання. Тут жа вас запросяць на пчальнік пакаштаваць мёду на розны густ. Задумка аўтараў праекта – ператварыць усе гэтыя рэсурсы ў прывабны турыстычны прадукт, які будзе “працаваць” на развіццё спрыяльнага для наваколля ўстойлівага турызму і адпачынку, прапаганду здаровага ладу жыцця і адначасова створыць магчымасці для ажыўлення мясцовай эканомікі, развіцця дробнай вытворчасці і прадпрымальніцтва сярод мясцовага насельніцтва. Усё гэта, безумоўна, павінна ажыццяўляцца без шкоды для прыроды. На тэрыторыі Капыльскага раёна маюцца заказнікі мясцовага значэння (гідралагічныя “Волка”, “Марачанскі”, заалагічны “Ракітнік”), батанічныя помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (каштан і клёны каля в. Бабоўня, дуб каля в. Грозава, 2 піхты ў в. Чыжэвічы), 28 малых рэк (дзве ўпадаюць у р. Прыпяць), мноства малых азёр і сажалак. Гэта стварае перадумовы для захавання біяразнастайнасці і зберажэння рэдкіх жывёл (чорнага бусла, балотнай чарапахі, шыракапалага рака, унесеных у Чырвоную Кнігу), надае мясцовым пейзажам непаўторны каларыт і з’яўляецца перадумовай для развіцця экатурызму. Таму ў аг. Семежава будуць распрацаваны эка-сцежкі, маршруты для веласіпедных прагулак уздоўж семежаўскага канала, на ўчастках якога будзе размешчаны лагатып з назвай “Міжрэчча Мажы і Морачы”. Падрыхтавала Марыя ШЭІНА


Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей