Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

240

«Родныя мае мясцiны... Як мая душа рвецца туды»

07.12.2012
Усе найбольш значныя творы К. Чорнага – і апавяданні, і аповесці, і раманы – напісаныя перад вайной і ў час вайны, цесна звязаны з той мясцінай, дзе “паблізу чутны ў людской гаворцы гарады Нясвіж і Слуцк”, інакш кажучы, звязаны з Цімкавічамі, а героямі іх з’яўляюцца землякі пісьменніка. “Мне б на ўсё жыццё хапіла апісваць цімкаўцаў”, — часта гаварыў Кузьма Чорны. “Родныя мае мясціны, — пісаў пісьменнік у сваім дзённіку. – Як мая душа рвецца туды. Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы, усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае!” [caption id="attachment_23233" align="alignright" width="300" caption="Руіны панскага дома"][/caption] Кузьма Чорны нарадзіўся ў маёнтку Боркі Слуцкага павета, куды яго бацькі з Цімкавіч паехалі парабкаваць да пана Эдварда Вайніловіча. У дзіцячай памяці аб тых мясцінах засталося нямнога, але ўсё ж такі Мікалай добра помніў камень-валун на ўскрайку лесу, цяжкую працу бацькоў у пана, грушу бэру, якая была відаць з акна іх хаты. Галоўны герой апавядання “Родныя мясціны” Асвяцімскі, стаўшы вядомым чалавекам у рэспубліцы, праязджаючы недалёка ад месца, дзе ён нара-дзіўся і вырас, успамінае: “Вось тут, на выездзе з лесу, павінен быць вялікі камень, каля якога заўсёды, бывала, збіраліся хлапчукі з вёскі...” Аднойчы, яшчэ падлеткам, ён жаў з маткай на панскім полі палеглы ячмень і да касці парэзаў сабе сярпом палец… Маці тужыла над гэтым няшчасным здарэннем, калі завязвала яму палец, і ў яго абудзілася да яе вялікае замілаванне, якое расло пасля з кожным годам. Калі ўвечары яны варочаліся дадому з работы, маці скардзілася, што ёй баліць у грудзях, і прысела на гэты камень адпачыць, а ён стаяў каля маці і думаў пра тое, як цяжка жыць на свеце гэтай няшчаснай жанчыне”. [caption id="attachment_23234" align="alignleft" width="300" caption="Рукапіс аповесці “Скіп’ёўскі лес”"][/caption] Сусед Раманоўскіх Леапольд Ешка родам з Сілезіі, які жыў у другой палавіне хаты ў лапаціцкім фальварку, з’яўляецца прататыпам галоўнага героя Леапольда Гушкі ў рамане “Бацькаўшчына”. Цімкавічы Кузьма Чорны лічыў сваёй другой радзімай. У артыкуле “У роднай глушы”, які быў напісаны пасля наведвання Цімкавіч у 1925 годзе, К. Чорны радуецца тым зменам, што адбываюцца на вёсцы. “У старой бацькоўскай хаце – відната, якое ніколі гэтыя сцены не бачылі: свеціць электрычнасць, а на стале куча газет і часопісаў… Вечарам моладзь збіраецца ў хату-чытальню… У вайсковым пагранічным клубе ішла нейкая рэпетыцыя, у другім доме таксама рабілі рэпетыцыю музыканты аркестра мясцовай пажарнай дружыны… Хадзіць па Капыльскай вуліцы цяпер трохі спрытней – ляжаць тратуары… Аўтобус выходзіць з Цімкавіч на Слуцк у 7 гадзін”. Коля з маці часта хадзіў спяваць у Скіп’ёва ў царкоўны хор. Па дарозе яны адпачывалі ў Бушылаве каля крынічкі. Любоў да гэтага месца ён пранёс з дзяцінства праз усё жыццё. “Назаўтра раніцаю глядзеў я праз акно на вуліцу. Скрозь суседні сад відны былі голыя “бушылаўскія” кусты. А ў іх там недзе плыве сабе паціху родная Бушылаўская рэчка. Там “прускія” паплавы завуць у сваё бязмежжа – от так, здаецца, ішоў бы і ішоў па іх, а яны будуць усё новыя і новыя бясконцыя далі паказваць табе…” Завяршаецца артыкул словамі любові да ўсяго роднага, блізкага, дарагога: “З акна аўтобуса добра было відаць… роднае поле. Бегла яно насупраць шэрым сваім асеннім выглядам, весяліла вочы шырынёю ды сонцам, што свяціла над ім… Вялікім размахам лажыўся на зямлю вецер, абвяваў яе, вялікую, абнімаў яе родную шыр. І разам з ім хацелася легчы  на зямлю, выказаць усім тое вялікае, што  ў ёй!” У адзіным вершы “Роднае поле”, надрукаваным у 1923 годзе, К. Чорны з радасцю піша пра вольную працу на вольнай зямлі. Разам з сьцяною [caption id="attachment_23235" align="alignright" width="312" caption="Хата на Капыльскай вуліцы"][/caption] зялёнага жыта Палосы ўзворанай плугам зямлі, Чорныя пліты, сонцам абліты, Былінкі пад імі сухія ляглі. Багатыя ўсходы ўздымаюцца вышай На месцы, дзе вольныя сілы ляглі. Роднае поле! Старонка ты наша! Вольная праца на вольнай зямлі! Усё міла сэрцу Кузьмы Чорнага ў родных Цімкавічах і іх ваколіцах. “Адзін раз ноччу замерзла зямля, а назаўтра выпаў глыбокі снег. Яшчэ раніцаю ён ляжаў тоўстаю, белаю пярынаю, а к вечару яго прымялі санямі. Вёска стала зграбнай і чыстай. І стала неяк весялей і шумней у ёй. Цэлымі днямі чуўся з цёмных гумен дробны стук цапоў, часам чутно было, як звініць піла. Гамоняць і смяюцца людзі. Па вуліцы часта цянуліся фурманкі з дзеравам”. (“Маё дзела цялячае”) Радавала і рэчка Мажа, у зарасніках якой любіў парыбачыць, седзячы ў чоўне, Мікалай Раманоўскі з Міколам Хведаровічам. У цёплы вясенні дзень яны бралі вуды і, мінаючы цяністы Радзівілаўскі парк, спускаліся з пахілага пагорка ўніз да рачулкі Мажы. [caption id="attachment_23236" align="alignleft" width="225" caption="У музеі К. Чорнага"][/caption] “Рака выйшла з сваіх берагоў. Густая і каламутная ад асенніх дажджоў вада ў ёй паднялася і заліла абодва берагі. З быстрага размаху свайго кідае яна на іх сваёю пенай, б’ецца аб купчастыя вершаліны затопленых ёю кустоў алешніку і крушыны і весела плюхае, бурліць і шуміць…” (апавяданне “На беразе”). Калодзеж, з якога Раманоўскія бралі ваду. З яго і зараз можна напіцца смачнай сцюдзёнай вады. “Каля студні з дзеравяннага вядра, пазелянелага і слізкага, капала вада на запыленую буйную крапіву і пясок. За парканам спелі яблыкі і арабіны, пад парканам раскашэльвалася мята і бабіна лета”. (“Вераснёвыя ночы”) У дзяцінстве разам з дзедам Міхалам Парыбкам-Чорным будучы пісьменнік часта хадзіў у Скіп’ёўскі лес. Там дзед расказваў і паказваў, як жучок паўзе, як дрэвы гамоняць, як травінка да травінкі хіліцца. Яны разам любілі слухаць спевы лясных птушак. “Слухай, слухай, як выціліньгівае!” – у захапленні цмокаў дзед. Ён вучыў маленькага Колю чытаць цікавую кнігу, назва якой – беларуская прырода. Нездарма К. Чорнаму ўдавалася апісанне прыроды ў сваіх творах. “Каржакаватыя хвоі, чырвона-агнявыя асіны і жоўтыя бярозы, і пад імі шумяць кусты. Шумяць… Шумяць!.. І ядлоўцам пахне над полем. Густа паўсходзіла жыта, і ўсё таксама смяюцца яму ясныя дні. Праляцелі ўжо гусі і жураўлі, чорныя дзікія птушкі клююць сакаўную рабіну, і журацца дні над свежай раллёю і над балотнай сухой асакою…” (“Хвоі гавораць”) Апошняя незавершаная аповесць К. Чорнага называецца “Скіп’ёўскі лес”, якая засталася ляжаць на яго рабочым стале 22 лістапада 1944 года ў дзень яго смерці. Вось радкі з яе: “Усе дваццаць дзве хаты Скіп’ёўскага Пераброддзя паабрасталі вішняком і арабіннікам. За хатамі спеюць улетку антонаўкі, папяроўкі і слуцкія бэры, і да самых замаразкаў вісяць у галлі чырвонабокія “цыганкі”. Людміла НІЖЭВІЧ, дырэктар Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага, аг. Цімкавічы    

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей