Уласным здароўем Наталля Віцюк пачала займацца пасля нараджэння другога дзіцяці. Яе вага тады складала 90 кг (хаця камфортная - 55-60 кг). Проста неабходна было пахудзець! Лішнія кілаграмы прыносілі шмат нязручнасцей, асабліва ў адзенні: даводзілася купляць не тыя рэчы, якія ёй падабаліся, а тыя, у якія можна было ўлезці. І вядома ж, седзячы на канапе, жаданага выніку дасягнуць немагчыма. Так пачаліся заняткі аквааэробікай, шэйпінгам, стэпам… Для гэтага ў Капылі ёсць усё.
[caption id="attachment_23179" align="aligncenter" width="448" caption="Н. Віцюк (справа) - на турніры ў Гродна"][/caption]
Худзець дык худзець!
Барацьба з лішнімі кілаграмамі давалася нялёгка, але жаданне добра выглядаць усё ж такі ўзяло верх. У хуткім часе Наталля, акрамя вышэйадзначаных заняткаў, стала хадзіць і ў трэнажорную залу. Двойчы ў тыдзень — работа з “жалезам” і двойчы — аквааэробіка. Адным з галоўных складнікаў у барацьбе з лішняй вагой, асабліва на ранняй стадыі, — з’яўляецца правільнае харчаванне: ніякай тлустай ежы, менш ласункаў, мучнога, асабліва на ноч, ніякіх газіраваных напіткаў.
Каб мець прывабную фігуру, дастаткова займацца па адной гадзіне тры-чатыры разы ў тыдзень. Столькі гадзін вольнага часу можа знайсці кожны чалавек. Не паглядзець любімы серыял, а заняцца ўласным здароўем. Ужо будучы мамай дваіх дзяцей, Наталля ўпарта ішла да сваёй мэты. Пакуль яна працавала над сабой, муж займаўся выхаваннем дачкі і сына.
Выхаванне спортам
Дарэчы, пра выхаванне. Заняткі спортам станоўча паўплывалі на ўсю маладую сям’ю. Калі дзеці крыху падраслі, на фізкультурна-аздараўленчы комплекс сям’я Віцюк стала хадзіць у поў- ным саставе. Пакуль мама з татам знаходзяцца ў трэнажорнай зале, дзеці з задавальненнем плаваюць у басейне. Яшчэ адзін станоўчы момант проста нельга не адзначыць: з таго часу, як муж Станіслаў стаў хадзіць у трэнажорную залу, ён кінуў курыць! І цяпер увогуле не разумее — навошта курыў…
Бодзіфітнес
[caption id="attachment_23181" align="alignleft" width="231" caption="Н. Віцюк"]
[/caption]
“Трэнажорная зала на комплексе — выдатнае месца для заняткаў. Яна дастаткова добра ўкамплектавана, прычым як для юнакоў, так і для дзяўчат, — гаворыць Наталля. — У нас чамусьці склаўся стэрэатып, што з гірамі і штангамі могуць займацца толькі мужчыны. Таму дзяўчаты проста баяцца сюды заходзіць. А насамрэч бодзіфітнес цяпер вельмі папулярны і сярод жанчын”.
Гэтым відам аздараўленчага спорту Наталля пачала займацца ўсяго паўгода назад. Але для пачатку неабходна растлумачыць, што ж такое фітнес. Гэта аздараўленчая методыка, дзякуючы якой можна істотна змяніць форму цела, паменшыць вагу, а таксама замацаваць дасягнуты вынік. Галоўныя складаемыя поспеху — комплекс фізічных практыкаванняў і здаровае харчаванне. Разнавіднасцю фітнэсу з’яўляецца бодзіфітнес, дзе ўся ўвага надаецца непасрэдна прапарцыянальнаму развіццю цела, правільнаму развіццю ўсіх груп мышцаў. Падчас заняткаў асаблівы ўпор робіцца менавіта на сілавыя трэніроўкі, дзякуючы якім з’яўляецца прыгожы і правільны рэльеф мышцаў, а таксама паляпшаецца выправа і постаць у цэлым.
Па ўласным прызнанні Наталлі, вельмі шмат сіл адбірае менавіта падрыхтоўка да спаборніцтваў па бодзіфітнесу. Але дзякуючы падтрымцы інструктара-метадыста ФАКу Святланы Салаўёвай трэніравацца было значна лягчэй.
Гартаючы старонкі інтэрнэт-сайтаў, патрапіў на вочы пратакол Кубка Рэспублікі Беларусь па класічным бодзібілдынгу і бодзіфітнесе, які адбыўся 27 кастрычніка гэтага года ў Гродне. Знайшоў знаёмае прозвішча — Віцюк. Больш за тое, кандыдат у майстры спорту (!) стала “сярэбраным” прызёрам турніру! Пры тым, што ў яе няма нават трэнера ў класічным разуменні. Гэта ўжо чацвёртыя падобныя спаборніцтвы на рахунку спартсменкі. Да гэтага былі чэмпіянат Мінска, чэмпіянат рэспублікі, чэмпіянат Смаленскай вобласці (Расія).
Спорту шмат не бывае
Калі чалавек шчыра захапляецца спортам, ён заўсёды знойдзе магчымасць для заняткаў. Наталля паралельна з бодзіфітнесам захапілася яшчэ некаторымі відамі — бегам, лыжамі, біятлонам, барацьбой, радзей — конным спортам. “Што вельмі здзіўляе, дык гэта нежаданне людзей быць у форме. Шматлікія арганізацыі купляюць абанементы на фізкультурна-аздараўленчы комплекс для сваіх работнікаў. Фактычна для іх — гэта бясплатнае наведванне, і то ўмудраюцца не хадзіць. Заняткі спортам — гэта і добрая постаць, і выдатны настрой”.
Часта, размаўляючы з моладдзю, можна пачуць, што ў Капылі і пайсці няма куды, таму сумна ў нас. Можна знайсці дзясяткі прычын сумаваць, але таксама — і варыянты, каб упрыгожыць сваё жыццё, зрабіць яго больш цікавым і насычаным. Аказваецца — усё ў нашых руках!
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии