Пра карысць плавання ведаюць практычна ўсе. Асабліва гэты від спорту неабходны для дзяцей, таму што ў перыяд фарміравання арганізма і апорна-рухальнага апарату такая фізічная падрыхтоўка дазволіць развіць абсалютна ўсе мышцы.
Адной з асноўных хвароб школьнікаў сёння з’яўляецца скрыўленне пазваночніка. Шмат гадзін дзеці праводзяць за партай у школе, а потым — за камп’ютарам ці тэлевізарам. І пазваночніку проста неабходны адпачынак. Невыпадкова, што акрамя разнастайных гімнастык урачы ў большасці выпадкаў рэкамендуюць ім хадзіць у басейн. Менавіта ў вадзе сіла цяжару не дзейнічае на пазваночнік так моцна, як у паветры, што дазваляе яму адпачыць. А раўнамерныя нагрузкі спінных мышцаў дапамагаюць выраўноўваць яго.
Таму вельмі добра, што ў праграму фізічнага выхавання некаторых навучальных устаноў уключана і наведванне фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Тут вучні не толькі плаваюць у вялікім, але і атрымліваюць першыя навыкі ў малым басейне.
Прыемна адзначыць, што такімі працэдурамі захапляюцца дзеці дашкольнага ўзросту, якія часта разам з бацькамі вучацца адчуваць сябе, як рыба ў вадзе.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии