На прамую лінію і прыём грамадзян да намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Раісы Саўрыцкай паступіла каля 20 зваротаў жыхароў Капыльшчыны. Трэба адзначыць, што былі ўзняты жыццёвыя праблемы, некаторыя з якіх патрабуюць дадатковага вывучэння.
У прыватнасці, шэраг пытанняў датычыўся жыллёва-бытавых умоў. Так, паступілі звароты наконт аплаты за карыстанне водаправодам у аг. Пясочнае і водазабеспячэння ў вв. Ст. Доктаравічы і Падгорцы. Многія цікавіліся добраўпарадкаваннем на тэрыторыі горада і раёна. Напрыклад, асфальтаваннем вуліц, утрыманнем шматкватэрных дамоў у належным стане.
Як запэўнілі ў КУП “Капыльская ЖКГ”, зараз рыхтуецца перспектыўны план на 2013 год, згодна з якім будзе праведзены рамонт дарожнай сеткі і жыллёвага фонду (плануецца, што з ім можна будзе азнаёміцца на старонках райгазеты “Слава працы”).
Таксама былі ўзняты праблемы стану дарог у сельскай мясцовасці і, вядома ж, вулічнага асвятлення. Адным з хвалюючых было пытанне наконт падвозу дзяцей у школу. Былі дадзены тлумачэнні наконт газіфікацыі, электрыфікацыі, прыватызацыі жылля. Не абышлося без узнятых праблем па якасці нядаўна ўведзеных у строй кватэр жыллёва-будаўнічых кааператываў.
Па выніках прамой лініі і прыёму грамадзян большасць зваротаў прызнаны абгрунтаванымі і прыняты да вырашэння. З гэтай мэтай вызначаны адказныя і ўстаноўлены неабходныя тэрміны для выканання. Адказы ў хуткім часе будуць накіраваны заяўнікам.
Прамая лінія і прыём грамадзян прайшлі з удзелам першага намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці Святланы Сакалоўскай.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии