У актавай зале райвыканкама адбылася сустрэча кіраўніцтва нашага раёна з маладымі спецыялістамі, якія штогод пасля заканчэння навучальных устаноў прыязджаюць на Капыльшчыну. Сёлета да нас прыйшло больш за 110 маладых спецыялістаў, з іх 43 – вырашылі звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, 32 – з адукацыяй. Таксама моладзь папоўніла рады сферы гандлю, культуры, медыцыны, сілавых структур, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прамысловасці.
[caption id="attachment_23251" align="aligncenter" width="448" caption="Кіраўніцтва раёна на чале з А. І. Жданенем сярод маладых спецыялістаў."]

[/caption]
Асноўная задача традыцыйнага мерапрыемства — выслухаць, якія пытанні ўзнікаюць у нядаўніх студэнтаў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі, і разам разабрацца, чым неабходна дапамагчы, каб моладзь магла праявіць сябе ў поўнай меры.
На сустрэчы старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд, першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ірына Кісляк далі некалькі парад маладому папаўненню. У прыватнасці, яны параілі не баяцца праяўляць ініцыятыву, планамерна працаваць, заваёўваючы аўтарытэт сваіх больш вопытных калег. Для таго, каб моладзь паспяхова асвоілася на месцах, кіраўнікам неабходна з самага пачатку быць уважлівымі да маладых спецыялістаў, дапамагаць выкарыстоўваць на практыцы атрыманыя веды і, самае галоўнае, паказаць перспектывы кар’ернага і прафесійнага росту. Ну а калі ўзнікаюць пытанні, якія тычацца побыту ці працы, то ў любы момант яны могуць іх вырашыць, звярнуўшыся або да сваіх кіраўнікоў, або да прадстаўнікоў раённай улады.
На сустрэчы таксама прысутнічаў начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Віктар Васілеўскі, які расказаў пра спартыўна-масавую работу, паслугі, якія прапаноўвае фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Уладзімір Чаркас паведаміў пра магчымасць атрымаць навыкі ігры на разнастайных музычных інструментах, авалодаць тэхнікай малявання і г. д. Галоўны спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу Цэнтра банкаўскіх паслуг №609 у г. Капылі ААТ “ААБ Беларусбанк” Яўген Пуцейка патлумачыў, што неабходна зрабіць, каб атрымаць ільготны крэдыт на спажывецкія патрэбы.
[caption id="attachment_23248" align="aligncenter" width="443" caption="Пра гісторыю Капыльшчыны маладым спецыялістам расказвае навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея А. Лятчэня"]

[/caption]
Пасля мерапрыемства працягвалася ў раённым краязнаўчым музеі. Навуковы супрацоўнік установы культуры Андрэй Лятчэня правёў юнакоў і дзяўчат па залах, расказваючы пра гістарычнае мінулае Капыльшчыны. Не менш цікавым стала наведванне выставы маладых майстроў, якая экспануецца гэтымі днямі ў раённым Цэнтры культуры. Дырэктар раённага цэнтра традыцыйнай культуры Галіна Гурло расказала пра работы і аўтараў, якія тут прадстаўлены, а таксама пажадала юнакам і дзяўчатам імкнуцца праяўляць сябе і ў творчасці.
Падтрымка моладзі з’яўляецца адным з найважнейшых прыярытэтаў беларускай дзяржавы. Пытанні, якія прама ці ўскосна звязаны з правядзеннем дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, пастаянна знаходзяцца ў цэнтры ўвагі раённай улады. Ад таго, якую прафесійную загартоўку атрымаюць маладыя спецыялісты сёння, у многім залежыць будучыня і раёна, і дзяржавы ў цэлым.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии