Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

31

Успех создает команда

04.08.2010

Менавіта такога прынцыпу прытрымліваецца старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Ванелевічы” Аляксандр Рыгоравіч Макарчук. І гэта дае свой плён. З добрымі тэмпамі і адным з самых высокіх паказчыкаў ураджайнасці ў раёне гаспадарка ўпэўнена рухаецца наперад, да фінішу ўборачнай. Усяго пад збожжавыя і зернебабовыя тут адведзена 1440 гектараў, з якіх 716 (49,7 %) па стане на 30 ліпеня было ўжо ўбрана. “Пакаштаваўшы” ў 2008 годзе смак высокіх ура-джаяў, калі на круг выходзіла па 60, а то і па 75 цэнтнераў, сёлетнія 48,3 ц/га здаюцца не вельмі добрым рэзультатам. Хацелася б большага. Аднак, як сцвярджае кіраўнік сельгаспрадпрыемства, на гэта ёсць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны. “Ва ўсякім разе, мы будзем над гэтым працаваць, думаць, шукаць шляхі для павелічэння ўраджайнасці”,— запэўнівае Аляксандр Рыгоравіч. Уборка ў гаспадарцы ідзе ў спакойным, адпрацаваным тэмпе. Тут ніхто не рвецца наперад, не імкнецца хутчэй справіцца з заданнем, паколькі разумеюць, што спяшацца патрэбна павольна. Інакш можна прайграць у якасці. Разам з брыгадзірам, адказнымі спецыялістамі, галоўным аграномам персанальную адказнасць за якасць вядзення работ нясуць памочнікі камбайнераў. Калі выявіцца, што страты зерня перавышаюць дапушчальны паказчык, то і аплата працы камбайнераў будзе адпаведная. А добра вядома, што ўборачная — гэта магчымасць значна папоўніць сямейны бюджэт.  — Хачу сказаць, што на працягу многіх гадоў мы практыкуем такую тактыку: усе павінны ўбіраць у аднолькавых умовах, — працягвае Аляксандр Макарчук. — А таму значных адрываў у намалотах у нас няма. Лічу, што стварэнне для каго-небудзь нейкіх пераваг будзе няправільным, несправядлівым у адносінах да іншых камбайнераў. Людзі гэта бачаць і таму працуць добрасумленна. Ва ўборачнай не можа быць дробязей, упэўнены кіраўнік. Нават добрае слова ці трапны жарт могуць значна ўзняць настрой. Немалую ролю адыгрываюць і смачныя каларыйныя абеды, якія два разы на дзень завозяцца на поле. А ў самую спякоту, калі была магчымасць убіраць да дванаццаці, а то і да паловы першай ночы, машына з абедамі завітвала на палеткі тройчы на дзень. Наогул, надвор’е мае ў працы хлебароба вялікае значэнне. Таму ўменне мяняць тактыку работы ў залежнасці ад яго капрызаў вартае пахвалы. А гэтага ў кіраўніка “Ванелевіч” не аднімеш. Здача збожжа дзяржаве — гэта адна з галоўных задач, якія стаяць перад аграрыямі. СВК “Ванелевічы” неабходна паставіць 800 тон азімай пшаніцы, 300 тон піваваранага ячменю. Ужо ў сераду гаспадаркай было адпраўлена 530 тон харчовай пшаніцы, якая прынята ІІІ класам, з добрай клейкавінай. Праз дзень-другі возьмуцца і за ячмень. З уводам у дзеянне новага збожжасушыльнага комплексу ЗСК-30 была знята праблема дапрацоўкі абмалочанага зерня. Акрамя названай сушылкі ёсць яшчэ і старэнькая М-189 — абедзве працуюць на газе і могуць без праблем справіцца з намалочанай васьмю камбайнамі збажыной (пры добрым надвор’і намалоты за суткі даходзілі да 500 — 600 тон). Да падбору машыністаў, як і да стварэння камбайнавых экіпажаў, у гаспадарцы падыходзяць вельмі адказна, можна сказаць нават скрупулёзна. Таму і праблем, звязаных з кадрамі, падчас уборкі пазбаўляюцца. Наогул, добры вынік можна атрымаць толькі тады, — лічыць Аляксандр Макарчук, — калі на яго на сваім месцы будуць працаваць усе: ад простага рабочага да галоўнага спецыяліста. Маргарыта САКОВІЧ НА ЗДЫМКАХ: 1. Камбайнавы экіпаж у складзе Аляксандра Іваноўскага (справа) і Андрэя Харошкі. 2. Вадзіцель Мікалай Барысевіч. Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей