Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

65

На прасторах выхавання

26.11.2012
Кожны народ мае свае традыцыі выхавання падрастаючага пакалення, якія складваліся стагоддзямі. Мабыць, таму і праблем з дзецьмі было менш, і дарослыя людзі былі іншымі. Нашы продкі імкнуліся абараніць дзяцей ад усяго брыдкага, дрэннага, непрыстойнага, праз прымаўкі, песні, казкі выхоўвалі іх, сваім прыкладам паказвалі, як трэба паводзіць сябе. А нам часам і пагаварыць са сваімі сынамі ці дачушкамі не хапае часу. Ці сіл. Ці жадання. Напэўна і нам трэба ўзяць арыенцір на традыцыі нашых продкаў: сціпласць, павагу да дарослых і любоў да працы, прыроды, радзімы, рэлігійнасць. «Як добрае семя, то добрае племя» У нашых продкаў была свая сістэма выхавання, якая пачыналася яшчэ да нараджэння дзіцяці, амаль з самага вяселля. Жаніх і нявеста павінны былі быць перш за ўсё здаровымі і моцнымі людзьмі. У пажаданнях на вяселлі госці абавязкова нагадвалі пра дзяцей: «Дару чатыры падушкі, каб мелі чатыры дачушкі», «Колькі ў хаце вугалочкаў, каб столькі было і сыночкаў». На працягу ўсяго часу цяжарнасці, нягледзячы на тое, што жанчына працягвала займацца хатняй гаспадаркай, уся радня брала на сябе адказнасць за нараджэнне здаровага дзіцяці. «Да пяцi лет пястуй як яечка, з сямi пасi як авечку, тады выйдзе на чалавечка» Наступны этап выхавання працягваўся з самага нараджэння. У беларусаў існавала «школа пешчання». Малых гушкалі, з імі шмат размаўлялі, гулялі, спявалі песенькі. Гэта цяпер мамы ведаюць у лепшым выпадку дзве калыханкі, а раней іх ведалі дзясяткі. Сучасныя пальчыкавыя гульні, пацешкі - гэта ўсё прыдумана нашымі прабабкамі. І многае з таго, што цяпер нам даво-дзіцца ўжо чытаць у розных дапаможніках па выхаванні дзяцей, раней існавала і перадавалася па традыцыі. Да ўсіх маленькіх дзяцей было асаблівае стаўленне. Напрыклад, іх стараліся не лаяць і не караць, а яшчэ з імі займаліся. Беларусы раней за сучасных псіхологаў прыйшлі да высновы, што не трэба ні хваліц-ца дзецьмі, ні выказваць ім пахвалу прылюдна (каб не сурочыць). У той жа час лічылі, што ў меру трэба пахваліць за добра зробленую працу. І мама абавязкова скажа дачушцы, што яна малайчына, бо добра саткала ці вышыла. «Не выхаваў бацька, не выхавае i дзядзька» Спрадвеку выхаванне азначала  абавязкі і даглядаць за дзецьмі, і пракарміць, і абуць. І гэта было лагічна: дзіця расло і выхоўвалася побач з бацькамі. Гэта сёння мы дазваляем сабе выхаванне дзяцей  перакласці на кагосьці - сад, школу, гурткі. А раней старэйшыя дзеці заставаліся за нянек, прычым часам «нянькам» самім было ўсяго гады два. Беларусы казалі: «Якая дошка - такая стружка, якая маці - такая дачушка». Прычым пачынаць выхоўваць дзіця трэба «пакуль яно ўпоперак ложка, а не ўздоўж». Яшчэ казалі: «Гні галінку, пакуль маладзенька». Раней чым даследаванні псіхолагаў,  беларускія бацькі вылучылі перыяд  «маленства»  (ад нараджэння да 6-8 гадоў). Гэты перыяд падзяляўся ў сваю чаргу на дзве ўзроставыя групы: «анёлкі» (прыкладна ў 2-3 гады) і «блазнюкі» (ад 2-3 да 6-8 гадоў). «Хлеб, соль i вада - першая яда» Да ежы адносіны былі заўсёды асаблівыя. Калі раптам падчас яды хтосьці з дзяцей пачынаў «гульні», за гэта можна было без усялякіх папярэджанняў атрымаць лыжкай па лбе. Раней дзіця не магло паесці тады, калі яму ўздумаецца, не заведзена было самому ўзяць хлеб і адрэзаць сабе кавалак. На стол ставіўся чыгунок з ежай для ўсіх, раздаваліся лыжкі - і кожны стараўся як мог. Калектыўнае харчаванне, калі лыжкі стукалі па посудзе, стымулявала апетыт. Існавала паважлівае стаўленне да прадуктаў. Да хлеба былі амаль рэлігійныя адносіны: калі яго кавалачкі выпадкова падалі, трэба было прасіць за тое ў Бога прабачэння. Акрамя таго, дзеці яшчэ і бачылі, адкуль бяруцца прадукты, як цяжка іх здабыць, бо самі змалку дапамагалі бацькам па гаспадарцы. У беларусаў быў асаблівы этыкет. Напрыклад, калі дзецям, якія прыйшлі ў чужую хату, прапануюць пачастунак, трэба адмаўляцца, узяць можна было, калі гаспадыня надта ўжо настойвае, як быццам прымушае. «Усё добра, што у меру, а што зашмат, тое не у лад» Не было раней у беларусаў і такой звычкі, як задорваць дзяцей падарункамі. Дні нараджэння тады ніхто не адзначаў, многія людзі нават дакладна і не ведалі дату свайго нараджэння. Толькі ў канцы XIX, больш у ХХ стагоддзі, пачалі святкаваць Новы год, і тое гэта свята было больш цікавым для гараджан. Асноўным святам, на якое адорвалі дзяцей, быў Вялікдзень, калі прыходзілі хросныя бацькі альбо  да іх хадзілі «за ларцом» (так называлі падарунак, гэта маглі быць яйкі, булкі, нейкія дробныя рэчы). «Гульня, ды не штодня» Гэта сёння малыя могуць не ведаць, чым заняцца. А раней для кожнага была справа, і часу на адпачынак не хапала. Даручэнні па гаспадарцы даваліся нават двух-трохгадовым карапузікам, малым дазвалялася мець уласны міні-агарод, дзе яны самі вырашалі, што вырошчваць. Ужо ў 16-18 гадоў дзеці ўмелі ўсё рабіць па гаспадарцы. Сяляне гадавалі пераемнікагаспадара, тое ж самае рабіла і шляхта. Дробная шляхта накіроўвала сваіх дзяцей на панскі двор, каб вучыліся ўсім справам. Распаўсюджана была традыцыя «дзядзькавання». Часам дзядзьку наймалі, а часам накіроўвалі дзяцей у простыя сялянскія сем’і, дзе яны не толькі вучыліся абыходзіцца малым, загартоўваліся фізічна, але і спасцігалі сялянскую мудрасць. У 13-14 гадоў бацька прывучаў сыноў да складанай, цяжкай працы, браў іх і ў поле, і на будоўлю. Раней хлопчыкі раслі ў сем’ях, дзе ім хапала мужчынскага ўплыву, і не толькі з боку бацькі, але і дзядуля быў побач, часам, старэйшыя браты, дзядзькі. «Бацька i мацi ад Бога у хаце» Надзвычай моцнай была ў беларусаў традыцыя павагі да бацькоў, іх аўтарытэт быў бясспрэчны. Калі ў доме з’яўляліся госці, дзеці не павінны былі замінаць: яны альбо ішлі з пакоя, альбо сядзелі ціха. Малыя не крычалі, не бегалі, і не ўмешваліся ў размову дарослых. Маленькія беларусы звярталіся да бацькоў на «Вы», нават, калі яны вырасталі, працягвалі падпарадкоўвацца слову маці і бацькі. Сваякі, якія жылі ў гэтай жа вёсцы (ды і не толькі сваякі, проста суседзі), кантралявалі дзяцей: калі тыя нешта дрэннае рабілі, гэта ведалі і бацькі. Наогул роля бабуль і дзядуляў у выхаванні дзяцей была вялікая. Дзядуля мог віць вяроўкі, рабіць нейкія прылады, бабуля - прасці і ткаць, а побач круціліся ўнукі. Тут таксама адбывалася перадача традыцый. А яшчэ дзеці бачылі, як да бабулі і дзядулі ставяцца іх бацькі, вучыліся на прыкладах. «Нiхто дзецям так не спагадае, як мацi радная» Асноўным выхавальнікам дзяцей, вядома ж, з’яўляецца маці. Менавіта яна праводзіла з імі большасць часу. «Не тая маці, што нарадзіла, а тая, што ўскарміла». У год, пасля здзяйснення абраду «падстрыга», выхаваннем дзіцяці пачынаў займацца бацька. Разам з тым, да 4-5 гадоў дзеці цалкам знаходзіліся пад апекай маці: яна іх кар-міла, даглядала, давала невялікія даручэнні. З 5 гадоў дзяўчынкі дапамагалі маці няньчыць малодшых братоў і сясцёр, а хлопчык з 7 гадоў станавіўся пастушком. Бацькі аднолькава ставіліся да ўсіх дзяцей: яны ўсіх любяць, нікога не вылучаюць. «Які палец ні ўрэж, то кожны баліць», «Будзе катораму дзіцяці кепска, то ўсё бацькам сэрца баліць». Падрыхтавала  Дзіяна Ткачэнка Фота аўтара  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей