На Капыльшчыне развівае дзейнасць рэгіянальны рэсурсны цэнтр вуснагістарычных даследаванняў. Пашыраецца супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі краіны.
[caption id="attachment_22992" align="aligncenter" width="443" caption="На памяць аб сустрэчы"]
[/caption]
Так, у ДУА “Слабадакучынская сярэдняя школа” прайшла сустрэча з прадстаўнікамі Беларускага саюза афіцэраў (БСА), які адзначыў 20-годдзе.
Палкоўнік запасу Васіль Скрыннікаў, намеснік старшыні Рэспубліканскага Савета ГА “БСА”, расказаў будучым абаронцам Айчыны аб ваеннай службе, узгадаў пра асабісты вопыт. Васіль Савельевіч прайшоў ратнымі шляхамі праз многія кропкі Савецкага Саюза. У яго паслужным спісе не толькі Камчатка, Сахалін, Далёкі Усход, Беларусь, але і такія краіны, як Манголія і ГДР. За гады службы ва Узброеных Сілах СССР і Рэспублікі Беларусь сям’я Скрыннікавых змяніла сем гарнізонаў, а сын – чатыры школы. Ужо знаходзячыся ў запасе, былы вайсковец з задавальненнем працаваў у сувораўскім ваенным вучылішчы, Акадэміі фізічнай культуры, дырэктарам Рэспубліканскага дома ДТСААФ.
– Кожны малады чалавек павінен адслужыць у арміі так, каб самому было карысна і бацькам не сорамна. А для гэтага патрэбны трывалыя веды, моцны характар, фізічная падрыхтоўка. Такія высокія паняцці, як абавязак, гонар, любоў да Радзімы і сёння, і ва ўсе часы з’яўляюцца свяшчэннымі для нашых воінаў, патрыётаў, грамадзян, усіх сапраўдных мужчын, – падкрэсліў ветэран Узброеных Сіл.
Аляксандр Пякарскі, старшы прапаршчык запасу і старшыня Капыльскай раённай арганізацыі БСА, праходзіў службу на флоце. Былы выпускнік СШ №2 г. Капыля служыў на Чорным і Балтыйскім морах, пабываў у Афрыцы (Ангола), Паўднёвай Амерыцы (Куба) і іншых краінах.
– Воіны, якія прызываюцца з Капыльскага раёна, паспяхова дэманструюць прафесіянальнае майстэрства і з гонарам выконваюць пастаўленыя задачы, захоўваючы вернасць прысязе і воінскаму абавязку, – адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч.
Цікавым было выступленне Аляксандра Касінскага, старшыні раённай арганізацыі ДТСААФ:
– Капыльшчына – радзіма герояў. На гэтым вопыце мы будуем сваю дзейнасць. Арганізуюцца паездкі па месцах працоўнай і баявой славы. Напрыклад, распрацаваны маршрут: “Вялікія Прусы – урочышча Гнілуха – вуліца Заазёрная (Капыль) – Слабада-Кучынка”. Для моладзі праводзяцца спаборніцтвы розных кірункаў.
напрыканцы сустрэчы палкоўнік Скрыннікаў уручыў падарункі ад ГА “БСА”: часопісы, газеты, кнігі, дыскі з песнямі і кінафільмамі на ваенна-патрыятычную тэматыку.
Барыс Дзенісюк,
намеснік дырэктара ДУА “Слабадакучынская СШ”, кіраўнік рэгіянальнага рэсурснага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў
Комментарии