34
Рэканструкцыя МТФ працягваецца
24.11.2012
Адной з галоўных задач, якія стаяць сёння перад сельгасвытворцамі, з’яўляецца выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы аб будаўніцтве практычна ў кожнай гаспадарцы даільна-малочнага блока і ўстаноўцы там сучасных даільных залаў.
Паводле слоў першага намесніка старшыні райвыканкама начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Ірыны Кісляк, з улікам гэтага патрабавання ў раёне рэканструкцыя ідзе на 36 жывёлагадоўчых аб’ектах. Запланавана мець 21 даільную залу, замяніць на новыя 12 малакапровадаў і паставіць дзве стацыянарныя ПДУ. Акрамя таго, у ф-ле “Лакнея” вядуцца падрыхтоўчыя работы па ўстаноўцы двух робатаў “Астранаўт”.
— Калі гаварыць пра сітуацыю сённяшняга дня, — адзначыла Ірына Мікалаеўна, — то ўжо ўведзены ў дзеянне 18 аб’ектаў, у тым ліку 12 малакапровадаў і 6 даільных залаў. Першым запусціла новую даільную залу ААТ “Капыльскае”, эксплуатуюцца яны таксама ў КСУП “С “Лясное”, ААТ “Ціміразеўскі”, СГФ “Крыніца”, ПДУ працуе ў СГФ “Браткава”. Завозіцца абсталяванне для даільнай залы ў КСУП “Доктаравічы”, усё гатова для яго мантажу ў ААТ “Семежава”. Астатнія гаспадаркі працягваюць будаўніцтва даільна-малочных блокаў.
Стрымліваючым фактарам для завяршэння рэканструкцыі ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектаў да канца бягучага года, па меркаванні Ірыны Мікалаеўны, з’яўляецца недахоп арганізацый, якія могуць хутка і якасна весці будаўнічыя работы. Ёсць пытанні і па пастаўцы будматэрыялаў, давядзенні да ладу праектнай дакументацыі (некаторыя праекты яшчэ знаходзяцца ў стадыі ўзгаднення і на экспертызе).
Маргарыта САКОВІЧ
Поделиться
Комментарии