Асноўнай задачай, якая стаіць перад жывёлаводамі раёна, з’яўляецца недапушчэнне зніжэння вытворчасці малака і мяса
Штодня спецыялісты райсельгасхарчу, зоаветслужбы выязджаюць у сельгаспрадпрыемствы, аналізуючы стан спраў. І сітуацыя ў многіх гаспадарках іх, скажам прама, не радуе. Што перашкаджае жывёлаводам дасягнуць запланаваных вынікаў, першы намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Віталь Ракевіч выяўляў на нарадзе са спецыялістамі заатэхнічнай службы гаспадарак раёна, якая адбылася ў мінулы панядзелак.
[caption id="attachment_23073" align="aligncenter" width="443" caption="Нарада са спецыялістамі заатэхнічнай службы"]
[/caption]
Падчас штодзённага наведвання гаспадарак раёна спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання выяўляюць грубыя парушэнні тэхналогіі ўтрымання дойнага статку. Напрыклад, у шэрагу гаспадарак не знайшлі часу замацаваць інды-відуальныя карткі жывёлы і рэкамендаванага дыферэнцыраванага кармлення так і няма. Хаця, адзначыў Віталь Ракевіч, гэта работа ўжо павінна быць зроблена даўно. Як станоўчы момант спецыяліст адзначыў работу МТФ “Перац” ААТ “Скабін”.
Асаблівую ўвагу неабходна звяртаць на кармленне жывёлы. Перавага тут даецца сенажу з люцэрны, а долю кукурузнага сіласу неабходна скарачаць. “Нельга на пусты страўнік даваць жывёле кіслы корм. Спачатку неабходна накарміць ці сенажом, ці сенам, — тлумачыў Віталь Аляксандравіч. — У мінулым годзе на гэты перыяд малако стабілізавалася, і ў гаспадарках назіралася прыбаўка па 400–500 літраў”.
Яшчэ адзін момант — таварнасць малака. Перад гаспадаркамі стаіць задача мець паказчык хаця б не менш за 90%. У шэрагу сельгаспрадпрыемстваў гэта пазіцыя не выконваецца. Сярод іх — сельгасфіліял “Крыніца” (77%), КСУП “Грозава-агра” (83%), “Доктаравічы” (83%), ААТ “Прагрэс 2010” (86%), “Скабін” (86%), “Мажа-Агра” (87%). Тут у першую чаргу трэба звярнуць увагу на якасць кармоў. Тры гаспадаркі мінусуюць да ўзроўню мінулага года па валавым надоі. Гэта — ААТ “Капыльскае”, КСУП “Грозава-агра”, “С “Лясное”. Вырашэннем недахопаў можа стаць раздзяленне статкаў, захаванне тэхналогіі кармлення і трохразовае даенне, якое рэкамендуе аблсельгасхарч.
Таксама было закранута пытанне ўзнаўлення статку. Каровы на прагулку не выганяюцца. У некаторых гаспадарках пэўнага графіку выгулу жывёлы ўвогуле не існуе. Неабходна засяродзіць увагу і на выгульныя двары, прывесці іх у належны стан.
Балючым з’яўляецца і пытанне прываг буйной рагатай жывёлы. Нягледзячы на наяўнасць камбікармоў ва ўсіх гаспадарках, праблем пазбегнуць не ўдаецца.
Страты, як у вытворчасці малака, так і мяса, недапушчальныя. Каб выправіць становішча, у жывёлаводаў ёсць усё неабходнае. Было б толькі жаданне добрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии