Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

49

Паэт-маладняковец

30.07.2010

У свой час вядомы  журналіст і супрацоўнік райгазеты “Слава працы” Усевалад Гурыновіч назваў Капыльшчыну салаўіным кутком, а затым яго трапны выраз падхапілі мастакі слова Міншчыны. Сапраўды, наш край вельмі багаты на літаратурныя таленты, толькі шкада, што многія з іх рана пайшлі з жыцця. Іх моцны пявучы голас абуджаў прасцягі жыцця і выклікаў захапленне ў аматараў паэзіі. Такой галасістай паэтычнай птушкай быў Мікола Дубовік з вёскі Каменка (Мурыны).

Нарадзіўся хлопчык у самы росквіт лета 28 ліпеня 1905 года ў беднай шматдзетнай сям’і. У той час гэта была не вёска, а хутарок Мурыны, у якім стаялі дзве хаты каля панскага маёнтка. Хоць бацькі мелі сваю зямлю, але знаходзілі час дапамагчы пану выбраць вырашчаны ўраджай. За гэта багацей вазіў Міколу разам са сваімі дзецьмі на вучобу ў Грозаўскае гарадское вучылішча. Хлопчыку давялося перажыць Першую сусветную вайну, бачыць галодныя патокі бежанцаў, якія ішлі на Слуцк, бачыў нашэсце немцаў, а затым белапалякаў і, вядома ж, з радасцю сустракаў чырвонаармейцаў, якія выганялі з родных мясцін акупантаў.

Ён паспяхова закончыць вучылішча і некаторы час будзе дапамагаць бацькам апрацоўваць уласную зямлю: касіць, араць, абмалочваць снапы, а ў вольны час захапляецца паэзіяй Іагана Гётэ, Джорджа Байрана, Фрыдрыха Шылера. Палюбіць трапнасць мастацкага слова Оскара Уайльда, Генрыка Ібсена. Менавіта праз творы класікаў сусветнай літаратуры ён вучыцца правільна выказваць сваю думку і ўцягваецца ў вір паэтычнай творчасці.

У 18 гадоў Мікола паступіць у Беларускі дзяржаўны універсітэт на факультэт грамадскіх навук. Але цяжкія матэрыяльныя ўмовы (калі днямі галадаў і забываў смак хлеба) прымушалі яго кідаць навучанне, ды і да лекцый па грамадскіх навуках у яго душа не ляжала. Яго больш прываблівала літаратура, і таму ў хуткасці Мікола перавядзецца на літаратурнае аддзяленне БДУ. Тут ужо ён сапраўды трапіць у сваю стыхію. Падборкі паэзіі нашага земляка з’яўляюцца ў часопісах “Чырвоны Сцяг”, “Узвышша”, “Маладняк”, “Аршанскі маладняк”, у газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, полацкім альманаху “Наддзвінне”. Прачытваючы друкаванку ў “Маладняку” і “Аршанскім маладняку”, Мікола сустракае паэтычныя творы маладога вучонага з Капыля Алеся Дземідовіча. У 1925 годзе ён у якасці дэлегата ўдзельнічае у Першым з’ездзе пісьменніцкага аб’яднання “Маладняк”. Тут ён знаёміцца з Алесем Дземідовічам, таксама дэлегатам, і кіраўніком Аршанскага філіяла “Маладняк” Міхасём Ганчарыкам, а праз гэтых хлопцаў з пісьменнікамі-землякамі Цішкам Гартным, Нічыпарам Чарнушэвічам, Кузьмой Чорным і Адамам Бабарэкам.

Пасля з’езда адчуваў цёплую падтрымку землякоў. Яго ўзнёслыя, спеўныя вершы, якія ўслаўляюць новае жыццё, друкуюцца пастаянна. А Цішка Гартны маладых паэтаў падтрымлівае матэрыяльна: плаціць высокія ганарары. Міколу яшчэ дапамагае старэйшы брат.

Пасябруе Мікола Дубовік з земляком Васілём Сташэўскім. Яны, будучы людзьмі свайго часу, не стаялі ў баку ад рэвалюцыйных пераўтварэнняў. Капыльскія паэты друкавалі свае творы ў аршанскіх выданнях. Рэвалюцыйную рамантыку Мікола Дубовік перадае ў сваіх вершах “На світанні”, “Хай вецер сумуе”, “А я пайду агульным шляхам”.

Шкада, што наш зямляк пайшоў з жыцця вельмі маладым, калі яшчэ толькі на поўную моц пачалі раскрывацца творчыя сілы. Калі яму было 23 гады, служыў у Чырвонай Арміі і ў час купання з чырвонаармейцамі-студэнтамі (у канцы чэрвеня 1928 года) патануў у Беразіне ад разрыву сэрца. Сябры пахавалі Міколу Дубовіка ў брацкай магіле недалёка ад Бабруйска.

Паэт Янка Бобрык, яго сябар, напісаў верш на смерць Дубовіка ў часопісе “Маладняк”. Яго памяці прысвяцілі свае вершы Алесь Звонак і Валерый Маракоў.

Іван ІГНАТЧЫК


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей