Як не згубіць у сучасным жыцці родных каранёў, не страціць нацыянальную спадчыну - аб гэтым вялі гутарку на бацькоўскім сходзе ў дзіцячым садзе №1 г. Капыля.
Што трэба рабіць, каб пакаленні былі цесна звязаны паміж сабой, каб не згубіліся ў віхуры часу? Для таго, каб дапамагчы не страціць нацыянальную спадчыну, у дзіцячым садзе №1 рэалізуецца педагагічны праект “Этнакультурны кампанент у сістэме патрыятычнага выхавання дашкольнікаў”. Таму выхаванцы і песні беларускія ведаюць, і танцы народныя выканаць могуць. А каб пра жыццё нашых продкаў ведаць не па чутках, існуе ў садзе этнаграфічны музей.
Наталля Кульбіцкая, намеснік загадчыка ўстановы адукацыі, нагадала: “З даўніх часоў у беларусаў было асаблівае стаўленне да дзяцей. У выхаванні пераважалі такія метады, як перакананне, тлумачэнне, прыклад дарослых і інш. Гэта паводзіны, якія выяўляюць нашу беларускасць”. Так было, і так мае быць.
Перад намі разгортвае свае дэкарацыі традыцыйны беларускі гульнёвы кірмаш. Чаго толькі не пабачыш на ім! Тут табе і спевы, і танцы, і жарты. І паказваюць свае таленты хлопчыкі і дзяўчынкі: вось загучала музыка танца “Весялуха” – і закружыліся ў вясёлых скоках маленькія беларусы!
Але, на жаль, змаўкаюць гукі кірмашу. Скончыліся гульні ў вялікім мяху Несцеркі. Трэба развітвацца.
Быць патрыётам трэба, каб заставацца сапраўдным Чалавекам. А выхаванне нацыянальнай годнасці не бывае эпізадычным: яно можа быць толькі ў сістэме, якая пачынаецца з маленства!
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии